§ 21. Фактары, якія ўплываюць на скорасць хімічных рэакцый

Плошча паверхні судакранання рэагуючых рэчываў

На скорасць гетэрагенных рэакцый моцны ўплыў аказвае велічыня плошчы паверхні судакранання рэагентаў. Правядзём два эксперыменты і пераканаемся ў гэтым. Для гэтага ў дзве прабіркі нальём разбаўленую саляную кіслату роўных аб’ёмаў. У першую прабірку апусцім кавалачак мармуру (CaCO3), а ў другую — мармуровую крошку (СaCO3) той жа масы. Відаць, што больш інтэнсіўнае вылучэнне газу адбываецца ў прабірцы з крошкай, і рэакцыя з ёй працякае хутчэй, чым з кавалачкам мармуру.

З паўсядзённага вопыту вам вядома, што драўляныя стружкі і трэскі згараюць хутчэй, чым палена з таго ж дрэва і той жа масы. Гэта тлумачыцца тым, што ў стружак агульная плошча падпаленай паверхні намнога большая, чым у палена.

Такім чынам, большая плошча паверхні судакранання рэагентаў забяспечвае большую верагоднасць кантакту часціц, якія ўзаемадзейнічаюць, і павелічэнне скорасці гетэрагенных рэакцый. Гранічным выпадкам «драблення» рэагентаў з’яўляецца іх растварэнне і выкарыстанне ў выглядзе раствораў.