§ 21. Фактары, якія ўплываюць на скорасць хімічных рэакцый

Веданне скарасцей хімічных рэакцый і заканамернасцей іх працякання мае вялікае навуковае і практычнае значэнне. Напрыклад, у хімічнай прамысловасці ад скорасці рэакцый залежаць канструкцыя, памеры і прадукцыйнасць апаратуры і нават бяспека вытворчасці.

Як было адзначана ў папярэднім параграфе, скорасць хімічнай рэакцыі вызначаецца прыродай рэагуючых рэчываў. Але скорасць можна павялічыць або паменшыць, змяняючы ўмовы працякання рэакцыі.

Да фактараў, якія істотна ўплываюць на скорасць хімічных рэакцый, адносяцца канцэнтрацыя рэагентаў, тэмпература, наяўнасць і прырода каталізатара, плошча паверхні судакранання рэагентаў.