§ 12. Значэнне перыядычнага закону і перыядычнай сістэмы Д. І. Мендзялеева для развіцця навукі

img
Мал. 23. Помнік Д. І. Мендзялееву на фоне мазаічнага пано перыядычнай табліцы (Санкт-Пецярбург)

Перыядычны закон і перыядычная сістэма хімічных элементаў Д. І. Мендзялеева — велізарнае адкрыццё ў гісторыі навукі (мал. 23). Яно вызначыла пачатак новай эпохі ў развіцці хіміі. У хімікаў з’явіўся інструмент, які дазваляе прагназаваць адкрыццё новых элементаў і праводзіць навуковыя даследаванні, накіраваныя на стварэнне новых рэчываў і матэрыялаў.

Н. Бор назваў перыядычную сістэму Мендзялеева «пуцяводнай ніткай у распрацоўцы тэорыі электроннай будовы атама». На падставе перыядычнай сістэмы былі распрацаваны тэорыя хімічнай сувязі, канцэпцыі атамных і іонных радыусаў, электраадмоўнасці і г. д. Структура «натуральнай сістэмы хімічных элементаў», распрацаваная Д. І. Мендзялеевым у 1869–1871 гадах, аказалася настолькі дасканалай, што мала адрозніваецца ад сучаснай. Зразумела, многія адкрыцці ў галіне хіміі і фізікі ўносілі ў яе змяненні, але спраўдзіліся прарочыя словы Д. І. Мендзялеева: «Відаць, перыядычнаму закону будучыня не пагражае разбурэннем, а толькі надбудовы і развіццё абяцае».