§ 11. Перыядычнасць змянення ўласцівасцей атамаў хімічных элементаў і рэчываў, якія імі ўтвораны

Перыядычнасць змянення ступеней акіслення

Нагадаем, што ступень акіслення — гэта ўмоўны зарад атама ў хімічным злучэнні, вылічаны з меркавання, што гэтае злучэнне складаецца з іонаў. Пры вызначэнні ступені акіслення лічаць, што электроны, якія ўдзельнічаюць у хімічнай сувязі, цалкам пераходзяць да больш электраадмоўнага атама. Лік далучаных атамам электронаў паказвае значэнне адмоўнай ступені акіслення, лік аддадзеных — значэнне дадатнай ступені акіслення.

Аналіз найвышэйшых і найніжэйшых ступеняў акіслення, значэнні якіх прыведзены ў табліцы 7, дазваляе зрабіць наступныя вывыды:

  • • у атамаў металаў назіраюцца толькі дадатныя ступені акіслення, у неметалаў — як адмоўныя, так і дадатныя;
  • • найвышэйшая дадатная ступень акіслення атама роўная максімальнаму ліку электронаў на знешняй электроннай абалонцы атама, таму яна па кожным перыядзе ўзрастае;
  • • найніжэйшая адмоўная ступень акіслення атамаў неметалаў вызначаецца лікам электронаў, якія атам можа прыняць да запаўнення знешняй электроннай абалонкі, таму яна адмоўная і ў перыядзе памяншаецца па абсалютнай велічыні ад 4 (элементы IVA-групы) да 1 (элементы VIIA-групы);
  • • атамы ў хімічных злучэннях могуць быць у прамежкавых ступенях акіслення; чым больш на знешнім электронным слоі электронаў, тым больш у атама магчымых ступеней акіслення і, такім чынам, больш варыянтаў магчымых хімічных злучэнняў.