§ 11. Перыядычнасць змянення ўласцівасцей атамаў хімічных элементаў і рэчываў, якія імі ўтвораны

Патлумачыць і прадказаць хімічныя ўласцівасці рэчываў (металічныя і неметалічныя, акісляльна-аднаўленчыя і кіслотна-асноўныя) можна, выкарыстоўваючы звесткі аб перыядычным змяненні ўласцівасцей атамаў па меры павелічэння зараду іх ядра, найважнейшыя з якіх — радыус атама, значэнні электраадмоўнасці і ступені акіслення. Прааналізуем, як гэтыя ўласцівасці залежаць ад электроннай будовы атамаў.