§ 10. Перыядычны закон у святле тэорыі будовы атама

Структура перыядычнай сістэмы хімічных элементаў з пункту гледжання будовы атамаў

Асноўнымі структурнымі складнікамі перыядычнай сістэмы хімічных элементаў з’яўляюцца група і перыяд. Група — гэта вертыкальны рад элементаў, размешчаных у парадку ўзрастання зараду ядра іх атамаў, аб’яднаных агульнай прыкметай — аднатыпнай электроннай канфігурацыяй знешняй электроннай абалонкі.

Элементы IА- і IIА-груп адносяць да s-элементаў, паколькі ў іх электроны знешняй абалонкі знаходзяцца на s-падузроўні. Элементы IIIА–VIIIА-груп — адпаведна да p-элементаў. Элементы, размешчаныя ў перыядычнай сістэме паміж s- і p-элементамі ў 4–8-м перыядах, называюцца d- і f-элементамі. У іх электронамі запаўняюцца d- і f-падузроўні перадзнешняй электроннай абалонкі. Такія элементы адносяць да B-груп.

Перыяды — гэта гарызантальныя рады ў перыядычнай сістэме, у якіх хімічныя элементы размешчаны ў парадку павелічэння зараду ядра атама і ліку электронаў на знешнім энергетычным узроўні. У атамаў элементаў 2-га і 3-га перыядаў адбываецца паступовае запаўненне электронамі s-, а затым p-арбіталей.

Кожны перыяд пачынаецца s -элементамі (шчолачныя металы), у атамах якіх электроны запаўняюць новы энергетычны ўзровень. Апошнім элементам у кожным перыядзе з’яўляецца высакародны газ, атамы якога маюць цалкам запоўнены электронамі р-падузровень.

Такім чынам, развіццё тэорыі будовы атама дазволіла даць фізічнае абгрунтаванне перыядычнаму закону і структуры перыядычнай сістэмы хімічных элементаў. У цяперашні час перыядычную сістэму можна разглядаць як натуральную класіфікацыю хімічных элементаў па электронных структурах іх атамаў.