§ 4. Колькасныя характарыстыкі рэчыва

Навука пачынаецца з тых часоў, як пачынаюць вымяраць.

Дакладная навука немагчымая без меры.

Д. І. Мендзялееў

Уласцівасці рэчываў, якія можна ацаніць колькасна, з дапамогай лічбаў, называюцца фізічнымі велічынямі.

Велічыні, якія характарызуюць масу часціц рэчыва (Аr, Мr, ma) або ўтрыманне рэчыва ў сумесі (масавая доля ω(р-ва), аб’ёмная доля φ(р-ва)), мы разгледзелі ў папярэдніх параграфах. Некаторыя велічыні (аб’ём V, шчыльнасць ρ, маса m) падрабязна вывучаліся ў курсе фізікі.

У дадзеным параграфе больш дэталёва разгледзім асаблівасці адной з сямі асноўных фізічных велічынь Міжнароднай сістэмы адзінак СІ — колькасць рэчыва, таксама вядомай вам па папярэдніх гадах вывучэння хіміі і фізікі.