§ 3.2. Кіслоты

Кіслотамі называюць складаныя рэчывы, малекулы якіх утрымліваюць атамы вадароду, здольныя замяшчацца атамамі металаў, і кіслотныя астаткі.

З пазіцый тэорыі электралітычнай дысацыяцыі, асновы якой вы вывучалі ў 9-м класе, кіслотамі з’яўляюцца электраліты, пры дысацыяцыі якіх у якасці катыёнаў утвараюцца толькі катыёны вадароду H+.

Менавіта іоны вадароду абумоўліваюць агульныя ўласцівасці кіслот, у той час як іоны кіслотных астаткаў вызначаюць спецыфічныя ўласцівасці.