§ 3.1. Аксіды

Аксіды — складаныя рэчывы, якія складаюцца з двух элементаў, адным з якіх з’яўляецца кісларод. Адрозніваюць солеўтваральныя (асноўныя, амфатэрныя, кіслотныя) і нясолеўтваральныя аксіды.

Кіслотныя аксіды рэагуюць з вадой, асноўнымі аксідамі і шчолачамі, асноўныя аксіды — з вадой, кіслотнымі аксідамі і кіслотамі. Амфатэрныя аксіды ўступаюць у рэакцыі як з кіслотамі, так і са шчолачамі, а таксама з іншымі солеўтваральнымі аксідамі.

Распаўсюджаныя спосабы атрымання аксідаў — узаемадзеянне простых і складаных рэчываў з кіслародам і тэрмічнае раскладанне асноў, кіслародзмяшчальных солей або кіслот.