*§ 0-5. Сказы з аднароднымі членамі, іх сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля. Абагульняльныя словы пры аднародных членах сказа

Практыкаванне 7

Прачытайце тэкст. Выпішыце сказы з аднароднымі членамі, расстаўце і абгрунтуйце знакі прыпынку ў іх.

У цэнтры горада-героя Мінска, паміж галоўнай магістраллю сталіцы і нетаропкай Свіслаччу, раскінуўся адзін з найбольш маляўнічых паркаў — Купалаўскі.
У глыбіні цэнтральнай алеі сустракае гасцей велічны выліты з бронзы помнік Янку Купалу. Фігура паэта размешчана на нізкім гранітным пастаменце, які паўтарае прыродныя формы. Гэта груба абчасаная скала з натуральнымі выемкамі і выступамі.
Скульптары стварылі магутную бронзавую фігуру ў руху. Паэт ідзе, абапіраючыся на кій, у накінутым на плечы паліто. Імкненне наперад перадаюць і пастава і погляд паэта, скіраваныя ўдалячынь. Любога ўразяць вялікі высакародны лоб песняра выразныя крыху сумныя вочы з цяжкімі павекамі тонкі з лёгкай гарбінкай нос і ў той жа час мужны валявы падбародак. Выразны акрэслены сілуэт помніка добра глядзіцца на фоне неба і дрэў. Ствараецца ўражанне, што паэт ідзе па роднай зямлі насустрач свайму народу, якому прысвяціў вечную неўміручую ліру (М. Чырскі).

Выпішыце словы, якія ілюструюць правілы «Правапіс о, э, а», «Правапіс е, ё, я», «Правапіс галосных у складаных словах». Вусна ўзнавіце гэтыя правілы.
Разгледзьце фотаздымак помніка Янку Купалу ў парку ў Мінску. Складзіце і запішыце невялікі тэкст (7-8 сказаў) на тэму «Творчасць Янкі Купалы». Скарыстайце сказы з аднароднымі членамі.