*§ 0-5. Сказы з аднароднымі членамі, іх сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля. Абагульняльныя словы пры аднародных членах сказа

Паслухаем мовазнаўцаў

Сказы з аднароднымі членамі ў простым па структуры сказе патрэбны для таго, каб перадаць некалькі паведамленняў, якія маюць агульную частку.
Пры аб’яднанні некалькіх паведамленняў паміж імі выяўляюцца спалучальныя, супраціўныя ці раздзяляльныя адносіны, што павялічвае аб’ём інфармацыі, якая заключаецца ў сказе з аднароднымі членамі. Такім чынам, сказы з аднароднымі членамі, з аднаго боку, больш эканомныя з пункту погляду выкарыстаных моўных сродкаў, з другога — больш інфарматыўныя, чым некалькі простых няўскладненых: Люблю зіму. Люблю спеў мяцеліц. Люблю смех вясковай дзетвары. — Люблю зіму, і спеў мяцеліц, і смех вясковай дзетвары (М. Хведаровіч). (Паводле І. М. Саматыі, В. С. Палтаржыцкай).