*§ 23-1. Развіццё культуры і ўмацаванне здароўя нацыі
Палітыка ў галіне аховы здароўя.
ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
18 чэрвеня 1993 г. № 2435-XII
Аб ахове здароўя
Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, што выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе, і іх азначэнні. Для мэт гэтага Закона выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:
…
дыягназ — медыцынскае заключэнне аб стане здароўя пацыента;
дыягностыка — комплекс медыцынскіх паслуг, накіраваных на ўстанаўленне дыягназу;
захворванне — расстройства здароўя чалавека, парушэнне нармальнай жыццядзейнасці яго арганізма, у тым ліку ў выніку траўмаў, раненняў, калецтваў, кантузій, прыроджаных дэфектаў і неадкладных станаў;
здароўе — стан поўнага фізічнага, духоўнага і сацыяльнага дабрабыту чалавека, а не толькі адсутнасць захворванняў;
ахова здароўя — галіна дзейнасці дзяржавы, мэтай якой з’яўляюцца арганізацыя і забеспячэнне даступнага медыцынскага абслугоўвання насельніцтва;
якасць медыцынскай дапамогі — сукупнасць характарыстык медыцынскай дапамогі, што адлюстроўваюць яе здольнасць задавальняць патрэбы пацыента, своечасовасць аказання медыцынскай дапамогі, ступень яе адпаведнасці клінічным пратаколам і іншым нарматыўным прававым актам у галіне аховы здароўя, а таксама ступень дасягнення запланаванага выніку аказання медыцынскай дапамогі;
…
лячэнне — комплекс медыцынскіх паслуг, накіраваных на ліквідаванне захворвання ў пацыента;
медыцынская абілітацыя — комплекс медыцынскіх паслуг, накіраваных на фарміраванне, развіццё і падтрыманне функцый органаў або сістэм арганізма пацыента, а таксама магчымасцей і здольнасцей чалавека, натуральнае станаўленне якіх ускладнена;
медыцынская дзейнасць — дзейнасць па арганізацыі і аказанні медыцынскай дапамогі, забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, правядзенні медыцынскай экспертызы, якая ажыццяўляецца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам;
медыцынская дапамога — комплекс медыцынскіх паслуг, накіраваных на захаванне, умацаванне і аднаўленне здароўя пацыента, змяненне і падтрыманне эстэтычнага выгляду пацыента, які ўключае медыцынскую прафілактыку, дыягностыку, лячэнне, медыцынскую абілітацыю, медыцынскую рэабілітацыю і пратэзаванне, ажыццяўляецца медыцынскімі работнікамі;
медыцынская прафілактыка — комплекс медыцынскіх паслуг, накіраваных на захаванне і ўмацаванне здароўя пацыента, фарміраванне здаровага ладу жыцця, зніжэнне верагоднасці ўзнікнення і распаўсюджвання захворванняў і паталагічных станаў, іх ранняе выяўленне, устанаўленне прычын і ўмоў іх узнікнення і развіцця, а таксама на папярэджанне неспрыяльнага ўздзеяння на здароўе чалавека фактараў асяроддзя яго пражывання;
медыцынская рэабілітацыя — комплекс медыцынскіх паслуг, накіраваных на поўнае або частковае аднаўленне парушаных і (ці) кампенсацыю страчаных у выніку захворвання функцый органаў або сістэм арганізма пацыента;
медыцынская тэхналогія — сукупнасць узаемазвязаных медыцынскіх паслуг, лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў, якія могуць быць выкарыстаны пры аказанні медыцынскай дапамогі;
медыцынская паслуга — медыцынскае ўмяшанне або комплекс медыцынскіх умяшанняў, а таксама іншыя дзеянні, што выконваюцца пры аказанні медыцынскай дапамогі;
медыцынская этыка і дэанталогія — сукупнасць прынцыпаў, норм і правіл паводзінаў медыцынскіх, фармацэўтычных работнікаў пры выкананні імі службовых абавязкаў;
…
медыцынскае ўмяшанне — любое ўздзеянне і (ці) іншая маніпуляцыя, якія выконваюцца медыцынскім работнікам пры аказанні медыцынскай дапамогі;
медыцынскі нагляд — неабходнае абследаванне пацыента, якое праводзіцца з пэўнай перыядычнасцю з мэтай своечасовага выяўлення, папярэджання ўскладненняў, абвастрэнняў захворванняў, іншых станаў, іх прафілактыкі і ажыццяўлення медыцынскай рэабілітацыі;
…
арганізацыя аховы здароўя — юрыдычная асоба, асноўным відам дзейнасці якой з’яўляецца ажыццяўленне медыцынскай і (ці) фармацэўтычнай дзейнасці;
пацыент — фізічная асоба, якая звярнулася па медыцынскую дапамогу, знаходзіцца пад медыцынскім наглядам або атрымлівае медыцынскую дапамогу;
пратэзаванне — комплекс медыцынскіх паслуг, накіраваных на аднаўленне функцый або эстэтычнага выгляду органа (часткі цела) пацыента з выкарыстаннем штучных або біялагічных матэрыялаў;
…
фармацэўтычная дзейнасць — дзейнасць у сферы абарачэння лекавых сродкаў і лекавай расліннай сыравіны, якая ажыццяўляецца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам…

Артыкул 3. Асноўныя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне аховы здароўя
Асноўнымі прынцыпамі дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне аховы здароўя з’яўляюцца:
стварэнне ўмоў для захавання, умацавання і аднаўлення здароўя насельніцтва;
забеспячэнне даступнасці медыцынскага абслугоўвання, у тым ліку лекавага забеспячэння;
прыярытэтнасць мер прафілактычнай накіраванасці;
прыярытэтнасць развіцця першаснай медыцынскай дапамогі;
прыярытэтнасць медыцынскага абслугоўвання, у тым ліку лекавага забеспячэння, непаўналетніх, жанчын у час цяжарнасці, родаў і ў пасляродавы перыяд, інвалідаў і ветэранаў у адпаведнасці з заканадаўствам;
забеспячэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва і яго будучых пакаленняў;
фарміраванне адказнага стаўлення насельніцтва да захавання, умацавання і аднаўлення ўласнага здароўя і здароўя навакольных;
адказнасць дзяржаўных органаў, арганізацый за стан здароўя насельніцтва;
адказнасць наймальнікаў за стан здароўя работнікаў.
Артыкул 4. Забеспячэнне правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь на даступнае медыцынскае абслугоўванне
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на даступнае медыцынскае абслугоўванне, якое забяспечваецца:
прадастаўленнем бясплатнай медыцынскай дапамогі на падставе дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне аховы здароўя ў дзяржаўных установах аховы здароўя;
прадастаўленнем медыцынскай дапамогі ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, недзяржаўных арганізацыях аховы здароўя і ў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку медыцынскую дзейнасць, за кошт уласных сродкаў, сродкаў юрыдычных асоб і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам;
даступнасцю лекавых сродкаў;
ажыццяўленнем мер па санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва;
правядзеннем медыцынскіх экспертыз.

Артыкул 16. Віды медыцынскай дапамогі, формы і ўмовы аказання медыцынскай дапамогі
Пацыентам аказваюцца наступныя віды медыцынскай дапамогі:
першасная медыцынская дапамога;
спецыялізаваная медыцынская дапамога;
высокатэхналагічная медыцынская дапамога;
медыка-сацыяльная дапамога;
паліятыўная медыцынская дапамога.
Першасная медыцынская дапамога — асноўны від медыцынскай дапамогі, што аказваецца пры наяўнасці ў пацыента найбольш распаўсюджаных захворванняў, пры цяжарнасці і родах, пры правядзенні дыягностыкі і медыцынскай прафілактыкі.
Спецыялізаваная медыцынская дапамога — від медыцынскай дапамогі, што аказваецца пры наяўнасці ў пацыента захворванняў, якія патрабуюць прымянення спецыяльных метадаў аказання медыцынскай дапамогі.
Высокатэхналагічная медыцынская дапамога — від медыцынскай дапамогі, што аказваецца пры наяўнасці ў пацыента захворванняў, якія патрабуюць прымянення новых, складаных, унікальных, а таксама рэсурсаёмістых метадаў аказання медыцынскай дапамогі, што заснаваны на сучасных дасягненнях медыцынскай навукі і тэхнікі і маюць высокую клінічную эфектыўнасць.
Дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя, падпарадкаваныя Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, уключаныя ў пералік дзяржаўных арганізацый аховы здароўя, што падлягаюць медыцынскай акрэдытацыі, аказваюць асобныя віды медыцынскай дапамогі па профілях захворванняў, станах, сіндромах пры наяўнасці дакумента аб медыцынскай акрэдытацыі.
Аб’ёмы аказання першаснай, спецыялізаванай і высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі ўстанаўліваюцца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Медыка-сацыяльная дапамога — від медыцынскай дапамогі, што аказваецца пры наяўнасці ў пацыента хранічных захворванняў, якія патрабуюць медыцынскага нагляду і догляду і не патрабуюць інтэнсіўнага аказання медыцынскай дапамогі.
Паліятыўная медыцынская дапамога — від медыцынскай дапамогі, што аказваецца пры наяўнасці ў пацыента невылечных захворванняў, якія абмяжоўваюць працягласць жыцця, патрабуюць прымянення метадаў аказання медыцынскай дапамогі, накіраваных на пазбаўленне ад болю і палягчэнне іншых праяў захворванняў, калі магчымасці іншых метадаў аказання медыцынскай дапамогі вычарпаны, з мэтай паляпшэння якасці жыцця пацыента.
Парадак аказання медыка-сацыяльнай і паліятыўнай медыцынскай дапамогі, а таксама пералік медыцынскіх паказанняў і медыцынскіх проціпаказанняў для аказання медыка-сацыяльнай і паліятыўнай медыцынскай дапамогі вызначаюцца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Пацыентам у залежнасці ад стану іх здароўя, медыцынскіх паказанняў і медыцынскіх проціпаказанняў, а таксама ў залежнасці ад лячэбна-дыягнастычных магчымасцей арганізацый аховы здароўя медыцынская дапамога аказваецца ў наступных формах:
хуткая медыцынская дапамога;
планавая медыцынская дапамога.
Хуткая медыцынская дапамога аказваецца пры раптоўным узнікненні ў пацыента захворванняў, станаў і (ці) абвастрэнні хранічных захворванняў, якія патрабуюць экстраннага або неадкладнага медыцынскага ўмяшання.
Хуткая медыцынская дапамога можа быць экстраннай і неадкладнай.
Экстранная медыцынская дапамога аказваецца пры раптоўным узнікненні ў пацыента захворванняў, станаў і (ці) абвастрэнні хранічных захворванняў, што ўяўляюць пагрозу для жыцця пацыента і (ці) навакольных, патрабуюць экстраннага медыцынскага ўмяшання.
Неадкладная медыцынская дапамога аказваецца пры раптоўным узнікненні ў пацыента захворванняў, станаў і (ці) абвастрэнні хранічных захворванняў, захворваннях, станах без яўных прымет пагрозы для жыцця пацыента, што патрабуюць неадкладнага медыцынскага ўмяшання.
Планавая медыцынская дапамога аказваецца пры наяўнасці або падазрэнні на наяўнасць у пацыента захворванняў, якія не патрабуюць экстраннага або неадкладнага медыцынскага ўмяшання.
Парадак аказання хуткай і планавай медыцынскай дапамогі ўстанаўліваецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Медыцынская дапамога можа аказвацца пацыенту ў арганізацыі аховы здароўя ў амбулаторных, стацыянарных умовах, ва ўмовах аддзялення дзённага знаходжання, а таксама па-за арганізацыяй аховы здароўя.
Медыцынская дапамога ў амбулаторных умовах аказваецца ў выпадку, калі пацыенту не патрабуецца пастаянны кругласутачны медыцынскі нагляд.
Медыцынская дапамога ў стацыянарных умовах аказваецца ў выпадку, калі пацыенту патрабуецца інтэнсіўнае аказанне медыцынскай дапамогі і (ці) пастаянны кругласутачны медыцынскі нагляд.
Медыцынская дапамога ва ўмовах аддзялення дзённага знаходжання аказваецца ў выпадку, калі пацыенту патрэбны пастаянны медыцынскі нагляд і (ці) аказанне медыцынскай дапамогі ў дзённы час.
Медыцынская дапамога па-за арганізацыяй аховы здароўя аказваецца ў выпадку:
выхаду (выезду) медыцынскага работніка арганізацыі аховы здароўя па месцы жыхарства або месцы знаходжання пацыента;
выезду брыгады хуткай медыцынскай дапамогі па месцы знаходжання пацыента;
медыцынскай транспарціроўкі (эвакуацыі) грамадзян у транспартным сродку, у тым ліку ў спецыяльных легкавых аўтамабілях, функцыянальным прызначэннем якіх з’яўляюцца забеспячэнне аказання медыцынскай, у тым ліку хуткай медыцынскай, дапамогі і правядзенне санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў;
у іншых выпадках.
Парадак аказання медыцынскай дапамогі ў амбулаторных, стацыянарных умовах, ва ўмовах аддзялення дзённага знаходжання, а таксама па-за ярганізацыяй аховы здароўя ўстанаўліваецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Складзіце воблака асноўных паняццяў, што выкарыстоўваюцца ў законе. Чым вылучаецца аказанне медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах, стацыянарных умовах, умовах аддзялення дзённага знаходжання, па-за арганізацыяй аховы здароўя?
Складзіце інфаграфіку «Віды медыцынскай дапамогі».