Вучэбны прадмет «Грамадазнаўства», вывучэнне якога вы завяршылі, быў прысвечаны найбольш важным пытанням развіцця сучаснага беларускага грамадства і дзяржавы. На ўроках вы разважалі аб прагрэсіўных і рэгрэсіўных тэндэнцыях у жыцці грамадства, аб неабходнасці захавання каштоўнасцей і гуманістычных арыенціраў, аб працэсах глабалізацыі і перспектывах Беларусі ў свеце, які глабалізуецца, аб Мэтах устойлівага развіцця.
Спадзяёмся, што засвоеныя веды стануць добрым падмуркам для самарэалізацыі вас як грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Разам з тым жыццё ў сучасным свеце, які хутка змяняецца, патрабуе ад чалавека пастаяннага навучання, удасканалення сваіх ведаў, уменняў, навыкаў, кампетэнцый. Каб быць паспяховым, трэба шмат вучыцца. І тут вам спатрэбяцца навыкі, якім вы вучыліся на ўроках грамадазнаўства: шукаць і знаходзіць новую інфармацыю, крытычна яе ацэньваць і выкарыстоўваць для рашэння пастаўленай задачы.
Перад вамі стаіць няпростая задача выбару далейшага жыццёвага шляху. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для атрымання якаснай адукацыі, працаўладкавання, стварэння сям’і, найбольш поўнай рэалізацыі свайго патэнцыялу, сваіх планаў. Ва ўсіх ёсць роўныя, спрыяльныя стартавыя ўмовы для таго, каб стаць паспяховым і змяняць жыццё ў Беларусі да лепшага.
На парозе самастойнага, дарослага жыцця, узіраючыся ў будучыню, задумайцеся аб тым, як вашы асабістыя планы і задачы суадносяцца з задачамі, якія сёння рашаюцца ўсёй нашай краінай, усім беларускім народам. Сучаснае маладое пакаленне лічыцца больш прагматычным, чым папярэднія, але здаровыя амбіцыі, цвярозы погляд на жыццё, свабода ад ілюзій і пачуццё адказнасці за сваю сучаснасць і будучыню могуць быць добрымі памочнікамі ў самарэалізацыі і працы на карысць сваёй краіны. Поспехаў вам!