*§ 22-1. Развіццё рэгіёнаў
Рэгіёны Рэспублікі Беларусь. Артыкул з газеты «Звязда»:
Чаму ў краіне варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў і павышаць эфектыўнасць працы мясцовых органаў улады
З 11 да 12 верасня [2018 г.] у Беларусі знаходзілася дэлегацыя Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы. З удзелам прадстаўнікоў верхняй палаты беларускага парламента, экспертаў з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі і Беларусі быў праведзены круглы стол па значных пытаннях мясцовага самакіравання.
Найбольш актуальныя з іх датычыліся ўмоў далейшага развіцця сістэмы мясцовага самакіравання. Па меркаванні экспертаў, узрастанне ролі мясцовых органаў улады немагчыма без удасканалення сістэмы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу (АТП). Беларускія вучоныя, у сваю чаргу, ужо сёння гатовы прапанаваць магчымыя варыянты.
Мякка або радыкальна?
Вучоныя мяркуюць, што беларуская сістэма АТП не з’яўляецца аптымальнай. Гэта відаць хаця б з таго, што сёння існуюць істотныя адрозненні рэгіёнаў аднаго рангу па колькасці насельніцтва, узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця і забяспечанасці інфраструктурай.
— Такая сітуацыя прывяла да таго, што існуючы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел не супадае з актуальнымі тэрытарыяльнымі сацыяльна-эканамічнымі супольнасцямі, якія адлюстроўваюць працэс раёнаўтварэння. Таму ў некаторых выпадках цяжка дабіцца комплекснага развіцця тэрыторыі. Размова ідзе пра ўзаемнае эканамічнае, сацыяльнае, дэмаграфічнае, экалагічнае і інавацыйнае развіццё раёнаў, — лічыць кандыдат эканамічных навук, загадчык аддзела сусветнай эканомікі і знешнеэканамічных даследаванняў Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Вярцінская.
Сёння раёны краіны адрозніваюцца і па памерах, і па транспартнай даступнасці да раённых цэнтраў. Так, чатыры з шасці абласных цэнтраў знаходзяцца на адлегласці больш за 200 км ад цэнтра краіны, а 16 раённых цэнтраў размешчаны бліжэй да Мінска, чым да цэнтраў сваёй вобласці.
Надта вялікая аддаленасць асобных раёнаў ад абласной адміністрацыі аказвае негатыўны ўплыў на эфектыўнасць рашэння шэрагу мясцовых задач. У асобных раёнах і асабліва ў сельсаветах склалася цяжкая дэмаграфічная сітуацыя: міграцыйны спад, перавышэнне смяротнасці над нараджальнасцю.
— Гэта прывяло да апусцення вёсак і пасёлкаў. Паралельна з дэпапуляцыяй і старэннем насельніцтва праблемай застаецца той факт, што большасць пярвічных адзінак адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу не мае дастатковых фінансавых і кадравых рэсурсаў для забеспячэння неабходнага мінімуму дзяржаўных паслуг, — адзначыла Таццяна Вярцінская.
На яе думку, каб рашыць вострыя сацыяльна-эканамічныя праблемы такога характару, у Беларусі неабходна арыентавацца на так званы мяккі варыянт удасканалення сістэмы АТП, згодна з якім трэба аб’яднаць сельсаветы тых населеных пунктаў, колькасць людзей у якім скарачаецца. Такім чынам будзе павышацца эфектыўнасць працы мясцовых органаў улады.
Па ацэнках вучоных, у аснове далейшага ўдасканалення АТП краіны павінна знаходзіцца ў тым ліку і забеспячэнне набліжанасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання да насельніцтва — гэта дазволіць грамадзянам больш шырока ўдзельнічаць у вырашэнні мясцовых праблем і якасна аказваць сацыяльныя паслугі насельніцтву. Акрамя таго, важная і аптымізацыя колькасці дзяржаўных служачых і скарачэнне расходаў на іх утрыманне без урону для дзяржаўнага тэрытарыяльнага кіравання і нацыянальнай бяспекі.
— Зараз не назапашана крытычнай масы праблем і недахопаў існуючага АТП, таму радыкальных падыходаў да змянення сеткі не патрабуецца. Нашай краіне неабходна арыентавацца на эвалюцыйны, г. зн. мяккі шлях яе ўдасканалення, — патлумачыла Таццяна Вярцінская.
Скараціць да 100
Мяккі варыянт змянення АТП можа прадугледжваць аб’яднанне шэрагу гарадоў абласнога падпарадкавання (напрыклад, Баранавічы, Пінск, Бабруйск) з аднайменнымі раёнамі, як гэта адбылося ў іншых абласцях. Магчыма аб’яднаць і гарвыканкамы абласных цэнтраў з выканкамамі аднайменных раёнаў.
— Акрамя таго, мэтазгодна аб’яднанне раёнаў з колькасцю жыхароў, меншай за 20 тысяч чалавек, з суседнімі больш буйнымі раёнамі з улікам транспартнай даступнасці раённых цэнтраў, вытворчых і сацыяльна-культурных сувязей, якія ўжо склаліся, а таксама меркаванняў насельніцтва, якое там жыве. Агульную колькасць раёнаў мяркуецца скараціць да 95–100, — паведаміла Таццяна Вярцінская.
Таксама беларускія вучоныя прапануюць стварэнне самастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі — Мінскай сталічнай акругі ў складзе Мінскага раёна, які аб’яднае гарады — спадарожнікі Мінска.
У цяперашні час шэраг з названых напрамкаў ужо ажыццяўляецца ў Беларусі. Напрыклад, у Мінскай вобласці ў 2006 г. змены адбыліся ў Салігорскім, Пухавіцкім, Мядзельскім раёнах; у 2007 г. — у Клецкім і Бярэзінскім. У 2009 г. тэрыторыі 32 сельсаветаў былі зменены.
А калі ўсё ж радыкальна?
Аднак, як сведчыць вопыт іншых краін, змены ў АТП рэалізуюцца паэтапна і могуць закрануць перыяд як мінімум дзесяць гадоў.
Важна падкрэсліць, што такая рэформа, як правіла, праходзіць адначасова з удасканаленнем рэгіянальнай фінансава-бюджэтнай сістэмы і ўмацаваннем інстытута мясцовага самакіравання. У гэтым выпадку за аснову адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы можа быць узяты варыянт, вызначаны ў 2003 г. у праекце Канцэпцыі рэфармавання мясцовага кіравання і самакіравання ў Беларусі і рабочай групай, якая была створана пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Яго сутнасць заключаецца ў пераходзе ад трох звёнаў сістэмы (сельсавет, раён і вобласць, або пярвічны ўзровень, базавы і рэгіянальны) да двух (раён і вобласць) і ў знаходжанні аптымальных памераў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія дазваляюць больш эфектыўна рэалізоўваць прынцыпы і функцыі мясцовага кіравання і самакіравання, замацаваныя за адпаведнымі ўзроўнямі.
Рэалізацыя гэтага падыходу мае на ўвазе стварэнне замест 6 абласцей 15–18 новых абласцей (акруг) з сярэднім радыусам даступнасці ад 43 да 80 км. Базавай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай замест 118 раёнаў і каля 1200 сельсаветаў можа стаць новы раён або абшчына, воласць. Такіх адзінак у краіне мэтазгодна мець 450–475 з сярэднім радыусам даступнасці 14–17 км.
Іх цэнтрамі могуць стаць раённыя цэнтры, гарады абласнога і раённага падпарадкавання, пасёлкі гарадскога тыпу, а таксама буйныя аграгарадкі, раўнамерна размеркаваныя па тэрыторыі.
— Навуковае абгрунтаванне разнастайных варыянтаў змянення адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў Беларусі патрабуе распрацоўкі адпаведнай навуковай канцэпцыі з удзелам эканамістаў, юрыстаў, эколагаў, сацыёлагаў, архітэктараў і горадабудаўнікоў, a таксама прадстаўнікоў органаў мясцовага кіравання і самакіравання розных узроўняў і ініцыятыўных груп мясцовых супольнасцей, — рэзюміравала Таццяна Вярцінская.
Ілья КРЫЖЭВІЧ, крыніца: http://zviazda.by/be/node/142805, 21.09.2018
У чым заключаецца неабходнасць паступовага рэфармавання адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу? Сістэматызуйце асноўныя варыянты рэфармавання. У чым іх падабенства і адрозненні?
Сфармулюйце аргументы за і супраць кожнага варыянта.