*§ 22-1. Развіццё рэгіёнаў
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 11 клас |
Книга: | *§ 22-1. Развіццё рэгіёнаў |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 21 Декабрь 2024, 07:15 |
Рэгіёны Рэспублікі Беларусь. Артыкул з газеты «Звязда»:
Чаму ў краіне варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў і павышаць эфектыўнасць працы мясцовых органаў улады
З 11 да 12 верасня [2018 г.] у Беларусі знаходзілася дэлегацыя Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы. З удзелам прадстаўнікоў верхняй палаты беларускага парламента, экспертаў з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі і Беларусі быў праведзены круглы стол па значных пытаннях мясцовага самакіравання.
Найбольш актуальныя з іх датычыліся ўмоў далейшага развіцця сістэмы мясцовага самакіравання. Па меркаванні экспертаў, узрастанне ролі мясцовых органаў улады немагчыма без удасканалення сістэмы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу (АТП). Беларускія вучоныя, у сваю чаргу, ужо сёння гатовы прапанаваць магчымыя варыянты.
Мякка або радыкальна?
Вучоныя мяркуюць, што беларуская сістэма АТП не з’яўляецца аптымальнай. Гэта відаць хаця б з таго, што сёння існуюць істотныя адрозненні рэгіёнаў аднаго рангу па колькасці насельніцтва, узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця і забяспечанасці інфраструктурай.
— Такая сітуацыя прывяла да таго, што існуючы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел не супадае з актуальнымі тэрытарыяльнымі сацыяльна-эканамічнымі супольнасцямі, якія адлюстроўваюць працэс раёнаўтварэння. Таму ў некаторых выпадках цяжка дабіцца комплекснага развіцця тэрыторыі. Размова ідзе пра ўзаемнае эканамічнае, сацыяльнае, дэмаграфічнае, экалагічнае і інавацыйнае развіццё раёнаў, — лічыць кандыдат эканамічных навук, загадчык аддзела сусветнай эканомікі і знешнеэканамічных даследаванняў Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Вярцінская.
Сёння раёны краіны адрозніваюцца і па памерах, і па транспартнай даступнасці да раённых цэнтраў. Так, чатыры з шасці абласных цэнтраў знаходзяцца на адлегласці больш за 200 км ад цэнтра краіны, а 16 раённых цэнтраў размешчаны бліжэй да Мінска, чым да цэнтраў сваёй вобласці.
Надта вялікая аддаленасць асобных раёнаў ад абласной адміністрацыі аказвае негатыўны ўплыў на эфектыўнасць рашэння шэрагу мясцовых задач. У асобных раёнах і асабліва ў сельсаветах склалася цяжкая дэмаграфічная сітуацыя: міграцыйны спад, перавышэнне смяротнасці над нараджальнасцю.
— Гэта прывяло да апусцення вёсак і пасёлкаў. Паралельна з дэпапуляцыяй і старэннем насельніцтва праблемай застаецца той факт, што большасць пярвічных адзінак адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу не мае дастатковых фінансавых і кадравых рэсурсаў для забеспячэння неабходнага мінімуму дзяржаўных паслуг, — адзначыла Таццяна Вярцінская.
На яе думку, каб рашыць вострыя сацыяльна-эканамічныя праблемы такога характару, у Беларусі неабходна арыентавацца на так званы мяккі варыянт удасканалення сістэмы АТП, згодна з якім трэба аб’яднаць сельсаветы тых населеных пунктаў, колькасць людзей у якім скарачаецца. Такім чынам будзе павышацца эфектыўнасць працы мясцовых органаў улады.
Па ацэнках вучоных, у аснове далейшага ўдасканалення АТП краіны павінна знаходзіцца ў тым ліку і забеспячэнне набліжанасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання да насельніцтва — гэта дазволіць грамадзянам больш шырока ўдзельнічаць у вырашэнні мясцовых праблем і якасна аказваць сацыяльныя паслугі насельніцтву. Акрамя таго, важная і аптымізацыя колькасці дзяржаўных служачых і скарачэнне расходаў на іх утрыманне без урону для дзяржаўнага тэрытарыяльнага кіравання і нацыянальнай бяспекі.
— Зараз не назапашана крытычнай масы праблем і недахопаў існуючага АТП, таму радыкальных падыходаў да змянення сеткі не патрабуецца. Нашай краіне неабходна арыентавацца на эвалюцыйны, г. зн. мяккі шлях яе ўдасканалення, — патлумачыла Таццяна Вярцінская.
Скараціць да 100
Мяккі варыянт змянення АТП можа прадугледжваць аб’яднанне шэрагу гарадоў абласнога падпарадкавання (напрыклад, Баранавічы, Пінск, Бабруйск) з аднайменнымі раёнамі, як гэта адбылося ў іншых абласцях. Магчыма аб’яднаць і гарвыканкамы абласных цэнтраў з выканкамамі аднайменных раёнаў.
— Акрамя таго, мэтазгодна аб’яднанне раёнаў з колькасцю жыхароў, меншай за 20 тысяч чалавек, з суседнімі больш буйнымі раёнамі з улікам транспартнай даступнасці раённых цэнтраў, вытворчых і сацыяльна-культурных сувязей, якія ўжо склаліся, а таксама меркаванняў насельніцтва, якое там жыве. Агульную колькасць раёнаў мяркуецца скараціць да 95–100, — паведаміла Таццяна Вярцінская.
Таксама беларускія вучоныя прапануюць стварэнне самастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі — Мінскай сталічнай акругі ў складзе Мінскага раёна, які аб’яднае гарады — спадарожнікі Мінска.
У цяперашні час шэраг з названых напрамкаў ужо ажыццяўляецца ў Беларусі. Напрыклад, у Мінскай вобласці ў 2006 г. змены адбыліся ў Салігорскім, Пухавіцкім, Мядзельскім раёнах; у 2007 г. — у Клецкім і Бярэзінскім. У 2009 г. тэрыторыі 32 сельсаветаў былі зменены.
А калі ўсё ж радыкальна?
Аднак, як сведчыць вопыт іншых краін, змены ў АТП рэалізуюцца паэтапна і могуць закрануць перыяд як мінімум дзесяць гадоў.
Важна падкрэсліць, што такая рэформа, як правіла, праходзіць адначасова з удасканаленнем рэгіянальнай фінансава-бюджэтнай сістэмы і ўмацаваннем інстытута мясцовага самакіравання. У гэтым выпадку за аснову адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы можа быць узяты варыянт, вызначаны ў 2003 г. у праекце Канцэпцыі рэфармавання мясцовага кіравання і самакіравання ў Беларусі і рабочай групай, якая была створана пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Яго сутнасць заключаецца ў пераходзе ад трох звёнаў сістэмы (сельсавет, раён і вобласць, або пярвічны ўзровень, базавы і рэгіянальны) да двух (раён і вобласць) і ў знаходжанні аптымальных памераў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія дазваляюць больш эфектыўна рэалізоўваць прынцыпы і функцыі мясцовага кіравання і самакіравання, замацаваныя за адпаведнымі ўзроўнямі.
Рэалізацыя гэтага падыходу мае на ўвазе стварэнне замест 6 абласцей 15–18 новых абласцей (акруг) з сярэднім радыусам даступнасці ад 43 да 80 км. Базавай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай замест 118 раёнаў і каля 1200 сельсаветаў можа стаць новы раён або абшчына, воласць. Такіх адзінак у краіне мэтазгодна мець 450–475 з сярэднім радыусам даступнасці 14–17 км.
Іх цэнтрамі могуць стаць раённыя цэнтры, гарады абласнога і раённага падпарадкавання, пасёлкі гарадскога тыпу, а таксама буйныя аграгарадкі, раўнамерна размеркаваныя па тэрыторыі.
— Навуковае абгрунтаванне разнастайных варыянтаў змянення адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў Беларусі патрабуе распрацоўкі адпаведнай навуковай канцэпцыі з удзелам эканамістаў, юрыстаў, эколагаў, сацыёлагаў, архітэктараў і горадабудаўнікоў, a таксама прадстаўнікоў органаў мясцовага кіравання і самакіравання розных узроўняў і ініцыятыўных груп мясцовых супольнасцей, — рэзюміравала Таццяна Вярцінская.
Ілья КРЫЖЭВІЧ, крыніца: http://zviazda.by/be/node/142805, 21.09.2018
У чым заключаецца неабходнасць паступовага рэфармавання адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу? Сістэматызуйце асноўныя варыянты рэфармавання. У чым іх падабенства і адрозненні?
Сфармулюйце аргументы за і супраць кожнага варыянта.
Рэгіянальная палітыка.
ПРАЕКТ ПРАГРАМЫ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ НА 2021–2025 гг.
9. РЭГІЯНАЛЬНАЕ РАЗВІЦЦЁ
Развіццё рэгіёнаў на аснове стварэння новых вытворчасцей і працоўных месцаў
Рэгіянальная палітыка будзе накіравана на павышэнне прывабнасці для жыцця, працы і бізнесу тэрыторый, размешчаных за межамі сталіцы і абласных цэнтраў, папулярызацыю сядзібнага ладу жыцця — дэурбанізацыю.
Будзе забяспечаны дыферэнцыраваны падыход да развіцця рэгіёнаў, аказаны кропкавыя меры падтрымкі і стымулявання ў залежнасці ад спецыялізацыі, кампетэнцый і патэнцыялу тэрыторый.
Моцныя цэнтры паспрыяюць паскоранаму развіццю прылеглых раёнаў з паступовым уцягваннем у агульны тэрытарыяльна-гаспадарчы комплекс.
У г. Мінску і абласных цэнтрах на вытворчых плошчах дзяржпрадпрыемстваў, якія не выкарыстоўваюцца і неэфектыўна выкарыстоўваюцца, намечана сфарміраваць тэхнапаркі з прыцягненнем прыватнага бізнесу для арганізацыі высокатэхналагічных вытворчасцей. Пазней яны будуць удзельнічаць у праграмах імпартазамяшчэння і ўвойдуць у кааперацыйныя ланцужкі з буйнымі прадпрыемствамі краіны (МАЗ, БелАЗ, Гомсельмаш і інш.).
Плануецца стварыць Мінскі прамысловы пояс з развіццём прамысловых паркаў на тэрыторыі 7 раёнаў і г. Жодзіна, сфарміраваць інтэгрыраваныя структуры ў сферы дрэваапрацоўкі ў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.
З улікам патэнцыялу і кампетэнцый у рэгіёнах будуць сфарміраваны 13 кластараў, у тым ліку два IT-кластары, па адным — у сферы біятэхналогій і зялёнай эканомікі, аграрных біятэхналогій, медыка-фармацэўтычнай прамысловасці, прыборабудавання, па вырошчванні і перапрацоўцы льну, у нафтахімічнай прамысловасці, а таксама машынабудаўнічы, хімічны, горна-хімічны, аўтамабільны, мэблевы кластары.
У гарадах і раёнах з колькасцю насельніцтва 80 тыс. чалавек і больш з’явяцца індустрыяльныя пляцоўкі і будзе створана інфраструктура па прынцыпе «апошняй мілі» для арганізацыі 2–3 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, якія не маюць аналагаў у рэспубліцы. На дзеючых прадпрыемствах плануецца асвоіць выпуск новых відаў прадукцыі, у тым ліку сучаснага металарэжучага і дапаможнага інструмента, адлівак павышанай дакладнасці з высокатрывалага і шэрага чыгуну, малатанажнай хіміі і нафтахіміі і інш. Будуць таксама створаны новыя вытворчасці, накіраваныя на павелічэнне глыбіні перадзелаў і даўжыні тэхналагічных ланцужкоў.
У кожным раёне мяркуецца стварэнне 1–2 прадпрыемстваў і вытворчасцей, у тым ліку пры ўдзеле суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу.
У малых і сярэдніх гарадах, сельскіх рэгіёнах акцэнт будзе зроблены на паглыбленні выкарыстання мясцовых рэсурсаў і наяўнасці кампетэнцый, прыцягненні інвестыцый у новыя вытворчасці.
Мяркуецца пашырыць паўнамоцтвы мясцовай улады для падтрымкі стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, у тым ліку прадаставіць ім права самастойна вызначаць меры ў частцы распараджэння маёмасцю і зямельнымі ўчасткамі.
На тэрыторыях з прэферэнцыяльнымі рэжымамі прыярытэт будзе за высокатэхналагічнымі экспартна арыентаванымі вытворчасцямі. Прадугледжваецца ўкласці ў іх інфраструктуру каля 500 млн рублёў і прыцягнуць не менш за 10 млрд рублёў інвестыцый за пяцігоддзе. На тэрыторыі індустрыяльнага парку «Вялікі Камень» з’явіцца мультымадальны чыгуначны грузавы хаб, колькасць рэзідэнтаў парку перавысіць 200 да канца 2025 г.
У гарадах — спадарожніках Мінска і прылеглых сельскіх населеных пунктах у ліку найважнейшых задач — павялічыць аб’ёмы будаўніцтва індывідуальнага жылля і сацыяльнай інфраструктуры, забяспечыць даступнасць транспартных зносін са сталіцай.
На тэрыторыях, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, неабходна працягваць ахоўныя меры, кантроль радыеактыўнага забруджання навакольнага асяроддзя, рэалізаваць праекты па сацыяльна-эканамічным развіцці раёнаў і інш. Рэалізацыя мерапрыемстваў дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы, павялічыць даходы насельніцтва, дабіцца станоўчых змен у структуры рэгіянальнай эканомікі...
Перспектывы развіцця рэгіёнаў.
УКАЗ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
9 кастрычніка 2017 г. № 365
(у рэд. Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 2021 г. № 40)
Аб развіцці аграэкатурызму
З мэтай стварэння спрыяльных умоў для развіцця аграэкатурызму, паляпшэння ўмоў жыцця грамадзян у сельскай мясцовасці, малых гарадскіх паселішчах і ўдасканалення сельскай інфраструктуры:
1. Устанавіць, што дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму маюць права ажыццяўляць:
фізічныя асобы, якія пастаянна пражываюць у аднакватэрным або блакіраваным жылым доме, у тым ліку кватэры ў блакіраваным жылым доме (далей, калі не ўказана іншае, — жылы дом), у сельскай мясцовасці, малых гарадскіх паселішчах, якія вырабляюць селькагаспадарчую прадукцыю на зямельных участках, прадастаўленых для будаўніцтва і (ці) абслугоўвання жылога дома, або вядуць асабістую падсобную гаспадарку на зямельных участках, прадастаўленых для гэтых мэт;
селькагаспадарчыя арганізацыі.
Дзейнасць названых фізічных асоб і селькагаспадарчых арганізацый па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму (далей, калі не ўказана іншае, — суб’екты аграэкатурызму) не з’яўляецца прадпрымальніцкай.
Для ажыццяўлення дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму суб’екты аграэкатурызму маюць права прыцягваць фізічных асоб па працоўных дагаворах і (ці) грамадзянска-прававых дагаворах.
Суб’ект аграэкатурызму мае права ажыццяўляць дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму на тэрыторыі дзвюх аграэкасядзіб, якія адпавядаюць патрабаванням, устаноўленым у абзацы чацвёртым пункта 12 гэтага Указа.
2. Дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму ажыццяўляецца фізічнымі асобамі без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, селькагаспадарчымі арганізацыямі — пры ўмове вядзення паасобнага ўліку даходаў, што атрымліваюцца ад дадзенага віду дзейнасці, і даходаў, што атрымліваюцца ад рэалізацыі вырабленай і перапрацаванай сельскагаспадарчай прадукцыі, іншых відаў гаспадарчай дзейнасці, не забароненых заканадаўствам.
3. Суб’екты аграэкатурызму маюць права ўзводзіць на зямельных участках, прадастаўленых ім ва ўстаноўленым парадку для будаўніцтва і (ці) абслугоўвання жылога дома, гасцявыя домікі для часовага знаходжання аграэкатурыстаў, што належаць жылому дому. Гасцявыя домікі не падлягаюць уключэнню ў жыллёвы фонд.
4. Суб’екты аграэкатурызму могуць ажыццяўляць дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму пры выкананні ў сукупнасці наступных умоў:
наяўнасць свабодных жылых пакояў у аграэкасядзібе для размяшчэння аграэкатурыстаў;
ажыццяўленне суб’ектамі аграэкатурызму дзейнасці па вытворчасці і (ці) перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі;
наяўнасць магчымасцей для азнаямлення аграэкатурыстаў з прыроднымі і архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі культурнымі традыцыямі адпаведнай мясцовасці.
5. Суб’екты аграэкатурызму маюць права аказваць наступныя віды паслуг у сферы аграэкатурызму:
прадастаўленне жылых пакояў у аграэкасядзібе для размяшчэння аграэкатурыстаў;
забеспячэнне аграэкатурыстаў харчаваннем (як правіла, з выкарыстаннем прадукцыі ўласнай вытворчасці);
азнаямленне аграэкатурыстаў з прыроднымі, сельскагаспадарчымі і архітэктурнымі аб’ектамі, народнымі традыцыямі адпаведнай мясцовасці, правядзенне спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых і культурных мерапрыемстваў;
правядзенне прэзентацый, юбілеяў, банкетаў;
аказанне паслуг лазняў, саўнаў і душавых;
катанне на жывёлах, за выключэннем дзікіх, і гужавым транспарце;
прадастаўленне інвентару для спорту і адпачынку;
транспартнае абслугоўванне аграэкатурыстаў.
6. Паміж суб’ектамі аграэкатурызму і аграэкатурыстамі або паміж суб’ектамі аграэкатурызму і тураператарамі (іншымі арганізацыямі) заключаюцца ў пісьмовай форме дагаворы на аказанне паслуг у сферы аграэкатурызму з пералікам відаў паслуг, што аказваюцца.
Дагаворы на аказанне паслуг у сферы аграэкатурызму паміж суб’ектамі аграэкатурызму і аграэкатурыстамі заключаюцца шляхам прыняцця аграэкатурыстам умоў, прадугледжаных суб’ектам аграэкатурызму ў дагаворы (дагаворы далучэння).
Тураператары ўключаюць паслугі ў сферы аграэкатурызму ў туры, што фарміруюцца імі, для наступнай іх рэалізацыі аграэкатурыстам.
Тыпавы дагавор на аказанне паслуг у сферы аграэкатурызму зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь...
7. Да пачатку ажыццяўлення дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму суб’екты аграэкатурызму абавязаны ў дачыненні да кожнай аграэкасядзібы:
выплаціць збор за ажыццяўленне дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму (далей — збор);
накіраваць пісьмовае паведамленне па форме, устаноўленай Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь (далей — пісьмовае паведамленне).
Збор выплачваецца суб’ектамі аграэкатурызму:
фізічнай асобай — у бюджэт пярвічнага ўзроўню па месцы знаходжання аграэкасядзібы;
сельскагаспадарчай арганізацыяй — у бюджэт пярвічнага ўзроўню па месцы яе дзяржаўнай рэгістрацыі…
12. Для мэт гэтага Указа прымяняльныя тэрміны абазначаюць:
аграэкатурызм — дзейнасць, накіраваная на азнаямленне аграэкатурыстаў з прыродным і культурным патэнцыялам рэспублікі, нацыянальнымі традыцыямі ў працэсе адпачынку, аздараўлення, часовага знаходжання ў аграэкасядзібах;
аграэкатурыст — асоба, якая з’яўляецца спажыўцом паслуг у сферы аграэкатурызму;
аграэкасядзіба — жылы дом (жылыя дамы), у тым ліку з гасцявымі домікамі, што маюцца пры ім (пры іх), які належыць (якія належаць) на праве ўласнасці суб’екту аграэкатурызму — сельскагаспадарчай арганізацыі, суб’екту аграэкатурызму — фізічнай асобе і (ці) члену (членам) яго сям’і, добраўпарадкаваны (добраўпарадкаваныя) прымяняльна да ўмоў адпаведнага населенага пункта і размешчаны (размешчаныя) на зямельных участках у сельскай мясцовасці, малых гарадскіх паселішчах у адным населеным пункце або розных населеных пунктах, калі такія ўчасткі мяжуюць адзін з адным. Агульная колькасць жылых пакояў у аграэкасядзібе для размяшчэння аграэкатурыстаў не можа перавышаць дзесяці;
малыя гарадскія паселішчы — пасёлкі гарадскога тыпу, гарады раённага падпарадкавання з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек…