§ 15. Асновы працоўнага права

Бакі працоўнага дагавора. Бакамі працоўнага дагавора з’яўляюцца работнік і наймальнік.

Работнік — фізічная асоба, якая знаходзіцца ў працоўных адносінах з наймальнікам. Заключэнне працоўнага дагавора дапускаецца з асобамі, якія дасягнулі 16 гадоў. З пісьмовай згоды аднаго з бацькоў працоўны дагавор можа быць заключаны з асобай, якая дасягнула 14 гадоў, для выканання лёгкай працы, якая не з’яўляецца шкоднай для яе здароўя і развіцця, не перашкаджае атрыманню агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Асобы, маладзейшыя за 18 гадоў, прымаюцца на працу пасля папярэдняга медыцынскага агляду і ў далейшым, да дасягнення 18 гадоў, штогод праходзяць абавязковы медыцынскі агляд.

Наймальнік — юрыдычная або фізічная асоба, якой заканадаўствам нададзена права заключэння і спынення працоўнага дагавора з работнікам.

icon-discussions
Як суадносяцца паміж сабой: правы работніка і абавязкі наймальніка; правы наймальніка і абавязкі работніка? 

Працоўны час — перыяд, на працягу якога работнік у адпаведнасці з правіламі ўнутранага працоўнага распарадку абавязаны знаходзіцца на працоўным месцы і выконваць свае працоўныя абавязкі. Да працоўнага часу належаць таксама звышурочная праца, праца ў святочныя і выхадныя дні. Поўная норма працягласці працоўнага часу ў нармальных умовах не можа перавышаць 40 гадзін на тыдзень.

У 2019 г. у Працоўны кодэкс была ўключана глава, якая рэгулюе асаблівасці працы работнікаў, што выконваюць дыстанцыйную працу. Дыстанцыйная праца — гэта праца, якую работнік выконвае па-за месцам знаходжання наймальніка з выкарыстаннем для выканання гэтай працы і ажыццяўлення ўзаемадзеяння з наймальнікам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

На работнікаў, што выконваюць дыстанцыйную працу, распаўсюджваюцца агульныя нормы працягласці працоўнага часу і часу адпачынку, устаноўленыя Працоўным кодэксам.

icon-discussions
Якія тэндэнцыі ў развіцці грамадства прывялі да неабходнасці змянення заканадаўства аб працы? Якія перавагі і недахопы дыстанцыйнай працы для наймальніка і работніка? 

Для асобных катэгорый работнікаў устанаўліваецца скарочаная працягласць працоўнага часу. Працягласць штодзённай працы (змены) не можа перавышаць: для работнікаў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў — 4 гадзін 36 хвілін, ад 16 да 18 гадоў — 7 гадзін. Забараняецца прыцягваць работнікаў, маладзейшых за 18 гадоў, да начных і звышурочных работ, работ у дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні.

Час адпачынку — перыяд, на працягу якога работнік у адпаведнасці з працоўным заканадаўствам павінен быць свабодны ад выканання працоўных абавязкаў (перапынкі на працягу працоўнага дня (не менш за 20 хвілін і не больш за 2 гадзіны), штодзённы адпачынак паміж працоўнымі днямі, выхадныя дні, працоўны адпачынак і інш.). Да часу адпачынку належаць дзяржаўныя святы і святочныя дні, устаноўленыя і абвешчаныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўнымі.

icon-discussions
Ці азначаюць непрацоўныя дні, што ў краіне наогул ніхто не працуе? Якім чынам кампенсуецца праца ў дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні? 
icon-search
На аснове ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» вызначце статус такіх святочных дзён, як Дзень ведаў, Дзень настаўніка, Дзень моладзі і студэнцтва, Дзень маці. 

Усе работнікі маюць права на працоўны адпачынак, які прадастаўляецца з захаваннем заработнай платы. Працягласць асноўнага працоўнага адпачынку не можа быць меншай за 24 каляндарныя дні. Асобным катэгорыям работнікаў прадастаўляецца адпачынак большай працягласці (напрыклад, работнікам, маладзейшым за 18 гадоў, прадастаўляецца асноўны працоўны адпачынак працягласцю 30 каляндарных дзён).

Згодна з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь, частка працоўнага адпачынку, якая перавышае 21 каляндарны дзень, па пагадненні паміж работнікам і наймальнікам можа быць заменена грашовай кампенсацыяй. Гэта значыць, што 21 дзень работнік у любым выпадку павінен знаходзіцца ў адпачынку.

icon-discussions

З якой мэтай была ўведзена дадзеная норма? Чаму нельга ўвесь адпачынак замяніць грашовай кампенсацыяй?

З апорай на інфармацыйныя крыніцы вызначце, наколькі актуальнай для розных краін з’яўляецца праблема недастатковага адпачынку работнікаў. 

З мэтай стварэння спрыяльных умоў для мацярынства, догляду дзяцей, атрымання адукацыі, задавальнення сямейна-бытавых патрэб і з іншымі сацыяльнымі мэтамі работнікам прадастаўляецца сацыяльны адпачынак.

Заработная плата — узнагароджанне за працу, якое наймальнік абавязаны выплаціць работніку за выкананую працу ў залежнасці ад яе складанасці, колькасці, якасці, умоў працы і кваліфікацыі работніка. Мінімальны памер заработнай платы ўстанаўліваецца дзяржавай. Заканадаўства замацоўвае нормы, якія забяспечваюць недатыкальнасць заработнай платы, недапушчальнасць абмежавання яе памераў і затрымкі выплаты, свабоду абыходжання з заработнай платай.

icon-remember
Прыгадайце, чым адрозніваюцца пагадзінная і здзельная заработная плата. 

Працоўная дысцыпліна — абвязковае для ўсіх работнікаў падпарадкаванне ўстаноўленаму працоўнаму распарадку і належнае выкананне сваіх абавязкаў. За супрацьпраўнае, вінаватае невыкананне ці неналежнае выкананне сваіх працоўных абавязкаў работнік можа быць прыцягнены да дысцыплінарнай адказнасці. Наймальнік можа прымяніць дысцыплінарныя спагнанні (заўвага, вымова, пазбаўленне цалкам ці часткова дадатковых выплат стымулюючага характару на тэрмін да 12 месяцаў, звальненне) і іншыя меры ўздзеяння (пазбаўленне прэміі, змяненне часу працоўнага адпачынку і інш.). Права выбару меры дысцыплінарнага спагнання належыць наймальніку. Пры выбары меры дысцыплінарнага спагнання павінны ўлічвацца цяжкасць дысцыплінарнай правіннасці, акалічнасці, пры якіх яна здзейснена, папярэдняя праца і паводзіны работніка на вытворчасці.