Печатать книгуПечатать книгу

§ 15. Асновы працоўнага права

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: § 15. Асновы працоўнага права
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 27 Декабрь 2024, 07:35

Паняцце працоўнага права. Працоўнае права — гэта галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць працоўныя і звязаныя з імі адносіны, устанаўліваюць і абараняюць узаемныя правы і абавязкі работнікаў і наймальнікаў. Нормы працоўнага права замацоўваюць правы і абавязкі суб’ектаў у працэсе арганізацыі і прымянення наёмнай працы, гарантыі рэалізацыі гэтых правоў і адказнасць за невыкананне або неналежнае выкананне абавязкаў. Найважнейшай крыніцай працоўнага права з’яўляецца Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь (ПК).

Заключэнне працоўнага дагавора. Да заключэння працоўнага дагавора бакі атрымліваюць інфармацыю адзін пра аднаго (суразмоўніцтва, прадастаўленне дакументаў).

Рэзюмэ — дакумент, што ўтрымлівае інфармацыю пра навыкі, вопыт працы, адукацыю і іншую інфармацыю, якая звычайна патрабуецца пры разглядзе кандыдатуры чалавека для найму на працу.

icon-task
Вызначце ролю рэзюмэ ў працэсе працаўладкавання. Складзіце сваё рэзюмэ. 

Наступным этапам становіцца заключэнне працоўнага дагавора. Працоўны дагавор — пагадненне паміж работнікам і наймальнікам, у адпаведнасці з якім работнік абавязваецца выконваць пэўную працоўную функцыю і правілы ўнутранага распарадку, а наймальнік абавязваецца забяспечваць работніка абумоўленай працоўным дагаворам працай, гарантаваць належныя ўмовы працы і своечасова выплачваць заработную плату. Працоўны дагавор заключаецца ў пісьмовай форме, складаецца ў двух экзэмплярах і падпісваецца бакамі.

Працоўны дагавор можа быць заключаны на няпэўны тэрмін або на пэўны тэрмін (тэрміновы працоўны дагавор). Адной з разнавіднасцей тэрміновага дагавора з’яўляецца кантракт, які заключаецца на тэрмін, не меншы за адзін год і не большы за пяць гадоў.

icon-search
На аснове матэрыялаў Нацыянальнага прававога партала Рэспублікі Беларусь (http://pravo.by) назавіце, што належыць да дакументаў, якія засведчваюць асобу. 

У працоўным дагаворы ўтрымліваюцца наступныя абавязковыя ўмовы: звесткі пра працаўніка і наймальніка; месца працы; працоўная функцыя; асноўныя правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін працоўнага дагавора (для тэрміновых працоўных дагавораў); рэжым працы і адпачынку; умовы аплаты працы.

Працоўная функцыя — праца на адной ці некалькіх пасадах служачых (прафесіях рабочых) з указаннем кваліфікацыі ў адпаведнасці са штатным раскладам, службовай (рабочай) інструкцыяй і іншымі дакументамі.

У працоўным дагаворы могуць прадугледжвацца дадатковыя ўмовы, напрыклад аб папярэднім выпрабаванні. Яно ўстанаўліваецца з мэтай праверкі адпаведнасці работніка даручанай яму працы.

icon-search
Азнаёмцеся з працоўным дагаворам вашых бацькоў або з працоўным дагаворам з даступных крыніц інфармацыі. Вызначце асноўныя элементы працоўнага дагавора і парадак іх выкладання. 

Бакі працоўнага дагавора. Бакамі працоўнага дагавора з’яўляюцца работнік і наймальнік.

Работнік — фізічная асоба, якая знаходзіцца ў працоўных адносінах з наймальнікам. Заключэнне працоўнага дагавора дапускаецца з асобамі, якія дасягнулі 16 гадоў. З пісьмовай згоды аднаго з бацькоў працоўны дагавор можа быць заключаны з асобай, якая дасягнула 14 гадоў, для выканання лёгкай працы, якая не з’яўляецца шкоднай для яе здароўя і развіцця, не перашкаджае атрыманню агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Асобы, маладзейшыя за 18 гадоў, прымаюцца на працу пасля папярэдняга медыцынскага агляду і ў далейшым, да дасягнення 18 гадоў, штогод праходзяць абавязковы медыцынскі агляд.

Наймальнік — юрыдычная або фізічная асоба, якой заканадаўствам нададзена права заключэння і спынення працоўнага дагавора з работнікам.

icon-discussions
Як суадносяцца паміж сабой: правы работніка і абавязкі наймальніка; правы наймальніка і абавязкі работніка? 

Працоўны час — перыяд, на працягу якога работнік у адпаведнасці з правіламі ўнутранага працоўнага распарадку абавязаны знаходзіцца на працоўным месцы і выконваць свае працоўныя абавязкі. Да працоўнага часу належаць таксама звышурочная праца, праца ў святочныя і выхадныя дні. Поўная норма працягласці працоўнага часу ў нармальных умовах не можа перавышаць 40 гадзін на тыдзень.

У 2019 г. у Працоўны кодэкс была ўключана глава, якая рэгулюе асаблівасці працы работнікаў, што выконваюць дыстанцыйную працу. Дыстанцыйная праца — гэта праца, якую работнік выконвае па-за месцам знаходжання наймальніка з выкарыстаннем для выканання гэтай працы і ажыццяўлення ўзаемадзеяння з наймальнікам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

На работнікаў, што выконваюць дыстанцыйную працу, распаўсюджваюцца агульныя нормы працягласці працоўнага часу і часу адпачынку, устаноўленыя Працоўным кодэксам.

icon-discussions
Якія тэндэнцыі ў развіцці грамадства прывялі да неабходнасці змянення заканадаўства аб працы? Якія перавагі і недахопы дыстанцыйнай працы для наймальніка і работніка? 

Для асобных катэгорый работнікаў устанаўліваецца скарочаная працягласць працоўнага часу. Працягласць штодзённай працы (змены) не можа перавышаць: для работнікаў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў — 4 гадзін 36 хвілін, ад 16 да 18 гадоў — 7 гадзін. Забараняецца прыцягваць работнікаў, маладзейшых за 18 гадоў, да начных і звышурочных работ, работ у дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні.

Час адпачынку — перыяд, на працягу якога работнік у адпаведнасці з працоўным заканадаўствам павінен быць свабодны ад выканання працоўных абавязкаў (перапынкі на працягу працоўнага дня (не менш за 20 хвілін і не больш за 2 гадзіны), штодзённы адпачынак паміж працоўнымі днямі, выхадныя дні, працоўны адпачынак і інш.). Да часу адпачынку належаць дзяржаўныя святы і святочныя дні, устаноўленыя і абвешчаныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўнымі.

icon-discussions
Ці азначаюць непрацоўныя дні, што ў краіне наогул ніхто не працуе? Якім чынам кампенсуецца праца ў дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні? 
icon-search
На аснове ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» вызначце статус такіх святочных дзён, як Дзень ведаў, Дзень настаўніка, Дзень моладзі і студэнцтва, Дзень маці. 

Усе работнікі маюць права на працоўны адпачынак, які прадастаўляецца з захаваннем заработнай платы. Працягласць асноўнага працоўнага адпачынку не можа быць меншай за 24 каляндарныя дні. Асобным катэгорыям работнікаў прадастаўляецца адпачынак большай працягласці (напрыклад, работнікам, маладзейшым за 18 гадоў, прадастаўляецца асноўны працоўны адпачынак працягласцю 30 каляндарных дзён).

Згодна з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь, частка працоўнага адпачынку, якая перавышае 21 каляндарны дзень, па пагадненні паміж работнікам і наймальнікам можа быць заменена грашовай кампенсацыяй. Гэта значыць, што 21 дзень работнік у любым выпадку павінен знаходзіцца ў адпачынку.

icon-discussions

З якой мэтай была ўведзена дадзеная норма? Чаму нельга ўвесь адпачынак замяніць грашовай кампенсацыяй?

З апорай на інфармацыйныя крыніцы вызначце, наколькі актуальнай для розных краін з’яўляецца праблема недастатковага адпачынку работнікаў. 

З мэтай стварэння спрыяльных умоў для мацярынства, догляду дзяцей, атрымання адукацыі, задавальнення сямейна-бытавых патрэб і з іншымі сацыяльнымі мэтамі работнікам прадастаўляецца сацыяльны адпачынак.

Заработная плата — узнагароджанне за працу, якое наймальнік абавязаны выплаціць работніку за выкананую працу ў залежнасці ад яе складанасці, колькасці, якасці, умоў працы і кваліфікацыі работніка. Мінімальны памер заработнай платы ўстанаўліваецца дзяржавай. Заканадаўства замацоўвае нормы, якія забяспечваюць недатыкальнасць заработнай платы, недапушчальнасць абмежавання яе памераў і затрымкі выплаты, свабоду абыходжання з заработнай платай.

icon-remember
Прыгадайце, чым адрозніваюцца пагадзінная і здзельная заработная плата. 

Працоўная дысцыпліна — абвязковае для ўсіх работнікаў падпарадкаванне ўстаноўленаму працоўнаму распарадку і належнае выкананне сваіх абавязкаў. За супрацьпраўнае, вінаватае невыкананне ці неналежнае выкананне сваіх працоўных абавязкаў работнік можа быць прыцягнены да дысцыплінарнай адказнасці. Наймальнік можа прымяніць дысцыплінарныя спагнанні (заўвага, вымова, пазбаўленне цалкам ці часткова дадатковых выплат стымулюючага характару на тэрмін да 12 месяцаў, звальненне) і іншыя меры ўздзеяння (пазбаўленне прэміі, змяненне часу працоўнага адпачынку і інш.). Права выбару меры дысцыплінарнага спагнання належыць наймальніку. Пры выбары меры дысцыплінарнага спагнання павінны ўлічвацца цяжкасць дысцыплінарнай правіннасці, акалічнасці, пры якіх яна здзейснена, папярэдняя праца і паводзіны работніка на вытворчасці.

Спыненне працоўнага дагавора. Спыненне працоўнага дагавора магчыма толькі на падставах, прадугледжаных заканадаўчымі актамі: пагадненне бакоў; заканчэнне тэрміну дзеяння тэрміновага працоўнага дагавора; ініцыятыва работніка ці наймальніка; акалічнасці, якія не залежаць ад волі бакоў і інш.

Работнік, які заключыў працоўны дагавор на няпэўны тэрмін, мае права скасаваць яго па жаданні, папярэдзіўшы пра гэта наймальніка пісьмова за адзін месяц. Па пагадненні бакоў працоўны дагавор можа быць скасаваны да заканчэння тэрміну папярэджання. Работнік мае права да заканчэння тэрміну папярэджання пісьмова адклікаць сваю заяву, акрамя выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам.

Тэрміновы працоўны дагавор (у тым ліку кантракт) можа быць спынены работнікам толькі пры наяўнасці наступных прычын: хваробы ці інваліднасці; парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага і працоўнага дагавора; паступлення на ваенную службу па кантракце і іншых уважлівых прычын, што перашкаджаюць выкананню работы па працоўным дагаворы.

Спыненне працоўнага дагавора афармляецца загадам наймальніка, што з’яўляецца падставай для разліку з работнікам і занясення запісу ў працоўную кніжку, якая выдаецца работніку ў дзень звальнення.

icon-questions

1. Складзіце схематычны працоўны дагавор аб прыёме на працу прадаўца ў магазін кветак, улічыўшы абавязковыя ўмовы працоўнага дагавора.

2. Прадавец магазіна кветак Алена сышла ў адпачынак 15 чэрвеня. Вызначце, у які дзень яна выйдзе на працу, калі вядома наступнае:

  • працягласць адпачынку Алены складае мінімум, устаноўлены заканадаўствам;
  • згодна з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўныя святы і святочныя дні (абвешчаныя непрацоўнымі днямі), што прыпадаюць на перыяд працоўнага адпачынку, у лік каляндарных дзён адпачынку не ўключаюцца. Калі ў перыяд адпачынку сустракаецца такі дзень, то пры падліку дзён адпачынку дадаецца яшчэ адзін дзень.

3. Сяргей чатыры месяцы таму працаўладкаваўся поварам у рэстаран, заключыўшы з наймальнікам кантракт тэрмінам на тры гады. Аднак некалькі дзён таму ён атрымаў больш выгадную прапанову адносна працаўладкавання. Вызначце, ці можа Сяргей скасаваць кантракт па ўласным жаданні.

4. У чым заключаюцца станоўчыя і адмоўныя аспекты працоўнага дагавора, заключанага на няпэўны тэрмін, і тэрміновага працоўнага дагавора (кантракта) для кожнага з бакоў — работніка і наймальніка? 

icon-idea
Выканайце міні-праект «Сацыяльны адпачынак». Правядзіце даследаванне мэт і ўмоў прадастаўлення сацыяльнага адпачынку. Аформіце вынік у выглядзе плаката.