§ 15. Асновы працоўнага права
Заключэнне працоўнага дагавора. Да заключэння працоўнага дагавора бакі атрымліваюць інфармацыю адзін пра аднаго (суразмоўніцтва, прадастаўленне дакументаў).

Рэзюмэ — дакумент, што ўтрымлівае інфармацыю пра навыкі, вопыт працы, адукацыю і іншую інфармацыю, якая звычайна патрабуецца пры разглядзе кандыдатуры чалавека для найму на працу.

Наступным этапам становіцца заключэнне працоўнага дагавора. Працоўны дагавор — пагадненне паміж работнікам і наймальнікам, у адпаведнасці з якім работнік абавязваецца выконваць пэўную працоўную функцыю і правілы ўнутранага распарадку, а наймальнік абавязваецца забяспечваць работніка абумоўленай працоўным дагаворам працай, гарантаваць належныя ўмовы працы і своечасова выплачваць заработную плату. Працоўны дагавор заключаецца ў пісьмовай форме, складаецца ў двух экзэмплярах і падпісваецца бакамі.
Працоўны дагавор можа быць заключаны на няпэўны тэрмін або на пэўны тэрмін (тэрміновы працоўны дагавор). Адной з разнавіднасцей тэрміновага дагавора з’яўляецца кантракт, які заключаецца на тэрмін, не меншы за адзін год і не большы за пяць гадоў.


У працоўным дагаворы ўтрымліваюцца наступныя абавязковыя ўмовы: звесткі пра працаўніка і наймальніка; месца працы; працоўная функцыя; асноўныя правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін працоўнага дагавора (для тэрміновых працоўных дагавораў); рэжым працы і адпачынку; умовы аплаты працы.
Працоўная функцыя — праца на адной ці некалькіх пасадах служачых (прафесіях рабочых) з указаннем кваліфікацыі ў адпаведнасці са штатным раскладам, службовай (рабочай) інструкцыяй і іншымі дакументамі.
У працоўным дагаворы могуць прадугледжвацца дадатковыя ўмовы, напрыклад аб папярэднім выпрабаванні. Яно ўстанаўліваецца з мэтай праверкі адпаведнасці работніка даручанай яму працы.

