*§ 13-1. Асновы грамадзянскага права
Грамадзянская праваздольнасць і дзеяздольнасць.
Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь (1998)
Артыкул 16. Праваздольнасць грамадзян
1. Здольнасць мець грамадзянскія правы і несці абавязкі (грамадзянская праваздольнасць) прызнаецца ў роўнай меры за ўсімі грамадзянамі.
2. Праваздольнасць грамадзяніна ўзнікае ў момант яго нараджэння і спыняецца яго смерцю.
Артыкул 17. Змест праваздольнасці грамадзян
Грамадзяне могуць у адпаведнасці з заканадаўствам мець маёмасць на праве ўласнасці; атрымліваць у спадчыну і завяшчаць маёмасць; займацца прадпрымальніцкай і любой іншай не забароненай заканадаўчымі актамі дзейнасцю; ствараць юрыдычныя асобы самастойна або сумесна з іншымі грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі; здзяйсняць здзелкі, якія не супярэчаць заканадаўству, і ўдзельнічаць у абавязацельствах; выбіраць месца жыхарства; мець правы аўтараў твораў навукі, літаратуры ці мастацтваў, вынаходак або іншых ахаваных заканадаўствам вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці; мець іншыя маёмасныя і асабістыя немаёмасныя правы.
Артыкул 20. Дзеяздольнасць грамадзян
1. Здольнасць грамадзяніна сваімі дзеяннямі набываць і ажыццяўляць грамадзянскія правы, ствараць для сябе грамадзянскія абавязкі і выконваць іх (грамадзянская дзеяздольнасць) узнікае ў поўным аб’ёме з наступленнем паўналецця, г. зн. па дасягненні васямнаццацігадовага ўзросту.
2. У выпадку, калі заканадаўствам дапускаецца эмансіпацыя (артыкул 26 дадзенага Кодэкса) або ўступленне ў шлюб да дасягнення васямнаццаці гадоў, грамадзянін, які не дасягнуў васямнаццацігадовага ўзросту, набывае дзеяздольнасць у поўным аб’ёме адпаведна з моманту прыняцця рашэння аб эмансіпацыі або з часу ўступлення ў шлюб.
Набытая ў выніку заключэння шлюбу дзеяздольнасць захоўваецца ў поўным аб’ёме і ў выпадку скасавання шлюбу.
Пры прызнанні шлюбу неправадзейным суд можа прыняць рашэнне аб страце непаўналетнім сужэнцам поўнай дзеяздольнасці з моманту, вызначанага судом.
3. Усе грамадзяне маюць роўную дзеяздольнасць, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам.
Артыкул 22. Прадпрымальніцкая дзейнасць грамадзяніна
1. Грамадзянін мае права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю без утварэння юрыдычнай асобы з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Якасць фізічных асоб, якія прыцягваюцца індывідуальным прадпрымальнікам на падставе грамадзянска-прававых і (або) працоўных дагавораў для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама колькасць маёмасці, якая выкарыстоўваецца для гэтых мэт, можа быць абмежавана заканадаўчымі актамі.
2. Да прадпрымальніцкай дзейнасці грамадзян, што ажыццяўляецца без утварэння юрыдычнай асобы, адпаведна прымяняюцца правілы дадзенага Кодэкса, што рэгулююць дзейнасць юрыдычнах асоб, якія з’яўляюцца камерцыйнымі арганізацыямі, калі іншае не вынікае з заканадаўства або сутнасці праваадносін.
3. Грамадзянін, які ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць без утварэння юрыдычнай асобы з парушэннем патрабаванняў пункта 1 дадзенага артыкула, не мае права спасылацца ў дачыненні да заключаных ім пры гэтым здзелак на тое, што ён не з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам. Да такіх здзелак прымяняюцца правілы, устаноўленыя заканадаўствам для прадпрымальніцкай дзейнасці.
Артыкул 25. Дзеяздольнасць непаўналетніх ва ўзросце ад чатырнаццаці да васямнаццаці гадоў
1. Непаўналетнія ва ўзросце ад чатырнаццаці да васямнаццаці гадоў ажыццяўляюць здзелкі, за выключэннем указаных у пункце 2 гэтага артыкула, з пісьмовай згоды сваіх законных прадстаўнікоў — бацькоў, усынавіцеляў або папячыцеляў.
Здзелка, ажыццёўленая такім непаўналетнім, сапраўдная таксама пры наступным пісьмовым адабрэнні яго бацькоў, усынавіцеляў або папячыцеля.
2. Непаўналетнія ва ўзросце ад чатырнаццаці да васямнаццаці гадоў маюць права самастойна, без згоды сваіх законных прадстаўнікоў:
1) распараджацца сваімі заробкам, стыпендыяй і іншымі ўласнымі даходамі;
2) ажыццяўляць правы аўтара твора навукі, літаратуры або мастацтваў, вынаходкі ці іншага ахаванага заканадаўствам выніку сваёй інтэлектуальнай дзейнасці;
3) уносіць грашовыя сродкі ў банкі або нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі і распараджацца імі ў адпаведнасці з заканадаўствам;
4) здзяйсняць дробныя бытавыя здзелкі і іншыя здзелкі, прадугледжаныя пунктам 2 артыкула 27 гэтага Кодэкса.
Па дасягненні шаснаццаці гадоў непаўналетнія таксама маюць права быць членамі кааператываў у адпаведнасці з актамі заканадаўства аб кааператывах.
3. Маёмасную адказнасць па здзелках, ажыццёўленых у адпаведнасці з пунктам 1 гэтага артыкула непаўналетнімі ва ўзросце ад чатырнаццаці да васямнаццаці гадоў, нясе непаўналетні, а субсідыярную адказнасць — асоба, якая дала пісьмовую згоду на ажыццяўленне адпаведнай здзелкі.
Непаўналетнія ва ўзросце ад чатырнаццаці да васямнаццаці гадоў самастойна нясуць маёмасную адказнасць па здзелках, ажыццёўленых імі ў адпаведнасці з пунктам 2 гэтага артыкула.
За прычыненую імі шкоду такія непаўналетнія нясуць адказнасць у адпаведнасці з главой 58 гэтага Кодэкса.
4. Пры наяўнасці дастатковых падстаў суд па хадайніцтве бацькоў, усынавіцеляў або папячыцеля ці органа апекі і папячыцельства можа абмежаваць або пазбавіць непаўналетняга ва ўзросце ад чатырнаццаці да васямнаццаці гадоў права самастойна распараджацца сваімі заробкам, стыпендыяй ці іншымі даходамі, за выключэннем выпадкаў, калі такі непаўналетні набыў дзеяздольнасць у поўным аб’ёме ў адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 20 гэтага Кодэкса.
Артыкул 26. Эмансіпацыя
1. Непаўналетні, які дасягнуў шаснаццаці гадоў, можа быць аб’яўлены цалкам дзеяздольным, калі ён працуе паводле працоўнага дагавора (кантракта) ці са згоды бацькоў, усынавіцеляў або папячыцеля займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю.
Аб’яўленне непаўналетняга цалкам дзеяздольным (эмансіпацыя) праводзіцца паводле рашэння органаў апекі і папячыцельства са згоды абаіх бацькоў, усынавіцеляў або папячыцеля, а пры адсутнасці такой згоды — паводле рашэння суда.
2. Бацькі, усынавіцелі і папячыцель не нясуць адказнасці па абавязацельствах эмансіпіраванага непаўналетняга, у тым ліку па абавязацельствах, што ўзніклі з прычыны нанясення ім шкоды.
Артыкул 27. Дзеяздольнасць непаўналетніх ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў (малалетніх)
1. За непаўналетніх ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў (малалетніх) здзелкі, за выключэннем указаных у пункце 2 гэтага артыкула, могуць ажыццяўляць ад іх імя толькі іх законныя прадстаўнікі — бацькі, усынавіцелі або апекуны.
Да здзелак законных прадстаўнікоў такога непаўналетняга з яго маёмасцю прымяняюцца правілы, прадугледжаныя пунктамі 2 і 3 артыкула 35 гэтага Кодэкса.
2. Непаўналетнія ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў маюць права самастойна ажыццяўляць:
1) дробныя бытавыя здзелкі;
2) здзелкі, накіраваныя на безаплатнае атрыманне выгад, якія не патрабуюць натарыяльнага сведчання або дзяржаўнай рэгістрацыі;
3) здзелкі па распараджэнні сродкамі, прадастаўленымі законным прадстаўніком ці са згоды апошняга трэцяй асобай для пэўнай мэты або свабоднага распараджэння.
3. Маёмасную адказнасць па здзелках непаўналетняга ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў, у тым ліку па здзелках, ажыццёўленых ім самастойна, нясуць яго бацькі, усынавіцелі або апякун. Адказнасць за шкоду, прычыненую непаўналетнім ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў, вызначаецца ў адпаведнасці з правіламі главы 58 гэтага Кодэкса.
Артыкул 29. Прызнанне грамадзяніна недзеяздольным
1. Грамадзянін, які ў выніку псіхічнага расстройства (захворвання) не можа разумець значэннi сваіх дзеянняў або кіраваць імі, можа быць прызнаны судом недзеяздольным у парадку, устаноўленым грамадзянскім працэсуальным заканадаўствам. Над ім устанаўліваецца апека.
Грамадзянін, які ў сувязі з захворваннем знаходзіцца ў несвядомым стане, што выключае магчымасць разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі, можа быць прызнаны судом недзеяздольным у парадку, устаноўленым грамадзянскім працэсуальным заканадаўствам. Над ім устанаўліваецца апека.
2. Ад імя грамадзяніна, прызнанага недзеяздольным, здзелкі здзяйсняе яго апякун.
3. Калі псіхічны стан грамадзяніна, які быў прызнаны недзеяздольным у выніку псіхічнага расстройства (захворвання), палепшыўся, суд прызнае гэтага грамадзяніна абмежавана дзеяздольным у адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 30 гэтага Кодэкса або дзеяздольным. На падставе рашэння суда аб прызнанні грамадзяніна дзеяздольным адмяняецца ўстаноўленая над грамадзянінам апека.
Калі падставы, у выніку якіх грамадзянін быў прызнаны недзеяздольным у адпаведнасці з часткай другой пункта 1 гэтага артыкула, адпалі, суд прызнае этага грамадзяніна дзеяздольным. На падставе рашэння суда аб прызнанні грамадзяніна дзеяздольным адмяняецца ўстаноўленая над грамадзянінам апека.
Артыкул 30. Абмежаванне дзеяздольнасці грамадзян
1. Грамадзянін, які ў выніку злоўжывання спіртнымі напоямі, наркатычнымі сродкамі, псіхатропнымі рэчывамі, іх аналагамі ставіць сваю сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча, можа быць абмежаваны ў дзеяздольнасці судом у парадку, устаноўленым грамадзянскім працэсуальным заканадаўствам. Над ім устанаўліваецца папячыцельства.
Грамадзянін, дзеяздольнасць якога абмежавана ў выніку злоўжывання спіртнымі напоямі, наркатычнымі сродкамі, псіхатропнымі рэчывамі, іх аналагамі, мае права самастойна ажыццяўляць дробныя бытавыя здзелкі.
Здзяйсняць іншыя здзелкі, а таксама атрымліваць заробак, пенсію і іншыя даходы і распараджацца імі такі грамадзянін можа са згоды папячыцеля.
Грамадзянін, дзеяздольнасць якога абмежавана ў выніку злоўжывання спіртнымі напоямі, наркатычнымі сродкамі, псіхатропнымі рэчывамі, іх аналагамі, самастойна нясе маёмасную адказнасць па заключаных ім здзелках і за прычыненую ім шкоду.
2. Грамадзянін, у якога ў выніку псіхічнага расстройства (захворвання) абмежавана здольнасць разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі, можа быць абмежаваны ў дзеяздольнасці судом у парадку, устаноўленым грамадзянскім працэсуальным заканадаўствам. Над ім устанаўліваецца папячыцельства.
Грамадзянін, дзеяздольнасць якога абмежавана ў выніку псіхічнага расстройства (захворвання), мае права самастойна:
1) ажыццяўляць дробныя бытавыя здзелкі;
2) ажыццяўляць здзелкі, накіраваныя на безаплатнае атрыманне выгад, якія не патрабуюць натарыяльнага сведчання або дзяржаўнай рэгістрацыі;
3) ажыццяўляць здзелкі па распараджэнні сродкамі, прадастаўленымі папячыцелем або са згоды апошняга трэцяй асобай для пэўнай мэты або свабоднага распараджэння;
4) атрымліваць заробак, пенсію і іншыя даходы і распараджацца імі.
Ажыццяўляць іншыя здзелкі такі грамадзянін можа са згоды папячыцеля.
Пры наяўнасці дастатковых падстаў суд па хадайніцтве папячыцеля або органа апекі і папячыцельства можа абмежаваць ці пазбавіць такога грамадзяніна права самастойна распараджацца сваім заробкам, пенсіяй і іншымі даходамі.
Грамадзянін, дзеяздольнасць якога абмежавана ў выніку псіхічнага расстройства (захворвання), самастойна нясе маёмасную адказнасць па ажыццёўленых ім здзелках і за прычыненую ім шкоду.
3. Калі падставы, у выніку якіх грамадзянін быў абмежаваны ў дзеяздольнасці ў адпаведнасці з пунктам 1 гэтага артыкула, адпалі, суд адмяняе абмежаванне дзеяздольнасці гэтага грамадзяніна. На падставе рашэння суда аб адмене абмежавання дзеяздольнасці адмяняецца ўстаноўленае над грамадзянінам папячыцельства.
4. Калі псіхічны стан грамадзяніна, дзеяздольнасць якога была абмежавана ў выніку псіхічнага расстройства (захворвання), пагоршыўся ці палепшыўся, суд адпаведна прызнае гэтага грамадзяніна недзеяздольным у адпаведнасці з артыкулам 29 гэтага Кодэкса ці адмяняе абмежаванне яго дзеяздольнасці. На падставе рашэння суда аб адмене абмежавання дзеяздольнасці адмяняецца ўстаноўленае над грамадзянінам папячыцельства.
Артыкул 32. Апека
1. Апека ўстанаўліваецца над малалетнімі, а таксама над грамадзянамі, прызнанымі судом недзеяздольнымі.
2. Апекуны з’яўляюцца прадстаўнікамі падапечных у сілу закону (законнымі прадстаўнікамі) і заключаюць ад іх імя і ў іх інтарэсах усе неабходныя здзелкі.
Артыкул 33. Папячыцельства
1. Папячыцельства ўстанаўліваецца над непаўналетнімі ва ўзросце ад чатырнаццаці да васямнаццаці гадоў, а таксама над грамадзянамі, абмежаванымі судом у дзеяздольнасці.
2. Папячыцелі даюць згоду на заключэнне тых здзелак, што грамадзяне, якія знаходзяцца пад папячыцельствам, не маюць права заключаць самастойна.
Апекавальнікі аказваюць падапечным садзейнічанне ў ажыццяўленні імі сваіх правоў і выкананні абавязкаў, а таксама засцерагаюць іх ад злоўжыванняў з боку трэціх асоб.
Артыкул 37. Патранаж над дзеяздольнымі грамадзянамі
1. Па просьбе паўналетняга дзеяздольнага грамадзяніна, які па стане здароўя не можа самастойна ажыццяўляць і абараняць свае правы і выконваць абавязкі, над ім можа быць устаноўлены патранаж.
Устанаўленне патранажу не цягне за сабой абмежавання правоў грамадзяніна, над якім устаноўлены патранаж.
2. Памочнік (асоба, якая ажыццяўляе патранаж) паўналетняга дзеяздольнага грамадзяніна можа быць назначаны органам апекі і папячыцельства толькі са згоды такога грамадзяніна.
3. Распараджэнне маёмасцю, што належыць грамадзяніну, над якім устаноўлены патранаж, ажыццяўляецца памочнікам на падставе дагавора даручэння або давернага кіравання, заключанага з гэтым грамадзянінам. Здзяйсненне бытавых і аналагічных ім здзелак, накіраваных на ўтрыманне і задавальненне бытавых патрэб грамадзяніна, над якім устаноўлены патранаж, ажыццяўляецца яго памочнікам са згоды гэтага грамадзяніна.
4. Патранаж, устаноўлены ў адпаведнасці з пунктам 1 гэтага артыкула, спыняецца па патрабаванні грамадзяніна, над якім устаноўлены патранаж.
Запоўніце табліцу. Сфармулюйце, у чым заключаецца розніца паміж апекуном і папячыцелем.
Дзеянне | У якіх выпадках адбываецца | Хто прымае абавязкі прадстаўляць падапечнага | Асаблівасць ажыццяўлення здзелак |
---|---|---|---|
Прызнанне недзеяздольнасці | |||
Абмежаванне дзеяздольнасці | |||
Патранаж над дзеяздольным |
Артыкул 154. Паняцце здзелкі
Здзелкамі прызнаюцца дзеянні грамадзян і юрыдычных асоб, накіраваныя на ўстанаўленне, змяненне або спыненне грамадзянскіх правоў і абавязкаў.
Артыкул 155. Дагаворы і аднабаковыя здзелкі
1. Здзелкі могуць быць двух- ці шматбаковыя (дагаворы) і аднабаковыя.
2. Аднабаковай лічыцца здзелка, для заключэння якой у адпаведнасці з заканадаўствам або пагадненнем бакоў неабходна і дастаткова выяўлення волі (дзеяння) аднаго боку.
3. Для заключэння дагавора неабходна выяўленне ўзгодненай волі (дзеянняў) двух бакоў (двухбаковая здзелка) або трох ці больш бакоў (шматбаковая здзелка).
Артыкул 159. Форма здзелак
1. Здзелкі заключаюцца вусна або ў пісьмовай форме (простай або натарыяльнай).
2. Здзелка, якая можа быць заключана вусна, лічыцца заключанай і ў тым выпадку, калі з паводзінаў асобы вынікае яе воля заключыць здзелку.
3. Маўчанне прызнаецца выяўленнем волі заключыць здзелку ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам або пагадненнем бакоў.
Артыкул 228. Знаходка
1. Той, хто знайшоў згубленую рэч, абавязаны неадкладна паведаміць пра гэта асобе, якая згубіла яе, або ўласніку рэчы, або каму-небудзь іншаму з вядомых яму асоб, якія маюць права атрымаць яе, і вярнуць знойдзеную рэч гэтай асобе.
Калі рэч знойдзена ў памяшканні або на транспарце, яе належыць здаць асобе, якая прадстаўляе ўласніка гэтага памяшкання або сродку транспарту. У гэтым выпадку асоба, якой здадзена знаходка, набывае права і нясе абавязкі асобы, якая знайшла рэч.
2. Той, хто знайшоў згубленую рэч, абавязаны заявіць пра знаходку ў орган унутраных спраў або орган мясцовага кіравання і самакіравання, калі асоба, якая мае права запатрабаваць вяртання знойдзенай рэчы, або месца яе знаходжання невядомы.
3. Той, хто знайшоў рэч, мае права захоўваць яе ў сябе або здаць на захоўванне ў орган унутраных спраў, орган мясцовага кіравання і самакіравання або ўказанай імі асобе.
Рэч, якая хутка псуецца, ці рэч, выдаткі па захоўванні якой несувымерна вялікія ў параўнанні з яе вартасцю, можа быць рэалізавана тымі, хто знайшоў рэч, з атрыманнем пісьмовыых доказаў, што пацвярджаюць суму выручкі. Грошы, выручаныя ад продажу знойдзенай рэчы, належыць вярнуць асобе, упаўнаважанай на яе атрыманне.
4. Той, хто знайшоў рэч, адказвае за яе страту ці пашкоджанне толькі ў выпадку намеру або грубай неасцярожнасці і ў межах вартасці рэчы.
Артыкул 229. Набыццё права ўласнасці на знаходку
1. Калі на працягу шасці месяцаў з моманту заявы пра знаходку ў орган унутраных спраў ці орган мясцовага кіравання і самакіравання (пункт 2 артыкула 228) асоба, упаўнаважаная на атрыманне згубленай рэчы, не будзе ўстаноўлена і не заявіць пра сваё права на рэч асобе, якая знайшла яе, або ў орган унутраных спраў, або ў орган мясцовага кіравання і самакіравання, асоба, якая знайшла рэч, набывае права ўласнасці на яе.
2. Калі асоба, якая знайшла рэч, адмовіцца ад набыцця яе ва ўласнасць, знойдзеная рэч пераходзіць у камунальную ўласнасць.
Артыкул 230. Пакрыццё выдаткаў, звязаных са знаходкай, і ўзнагароджанне асобы, якая знайшла рэч
1. Той, хто знайшоў і вярнуў рэч асобе, упаўнаважанай на яе атрыманне, мае права атрымаць ад гэтай асобы, а ў выпадках пераходу рэчы ў камунальную ўласнасць — ад адпаведнага органа мясцовага кіравання і самакіравання кампенсацыю неабходных выдаткаў, звязаных з захоўваннем, здачай або рэалізацыяй рэчы, а таксама выдаткаў на выяўленне асобы, упаўнаважанай атрымаць рэч.
2. Той, хто знайшоў рэч, мае права запатрабаваць ад асобы, упаўнаважанай на атрыманне рэчы, узнагароджанне за знаходку ў памеры да дваццаці працэнтаў ад вартасці рэчы. Калі знойдзеная рэч уяўляе каштоўнасць толькі для асобы, упаўнаважанай на яе атрыманне, памер узнагароджання вызначаецца паводле пагаднення з гэтай асобай, а ў выпадку недасягнення пагаднення — судом.
Права на ўзнагароджанне не ўзнікае, калі асоба, якая знайшла рэч, не заявіла пра знаходку або паспрабавала яе ўтаіць.
Артыкул 234. Скарб
1. Скарб, г. зн. закапаныя ў зямлі або схаваныя іншым чынам грошы ці каштоўныя прадметы, уласнік якіх не можа быць устаноўлены або паводле акта заканадаўства страціў на іх права, пераходзіць ва ўласнасць асобы, якой належыць маёмасць (зямельны ўчастак, пабудовы і да т. п.), дзе скарб быў схаваны, і асобы, якая знайшла скарб, у роўных долях, калі пагадненнем паміж імі не ўстаноўлена іншае.
Пры выяўленні скарбу асобай, якая ажыццяўляла раскопкі ці пошукі каштоўнасцей без згоды на гэта ўласніка зямельнага ўчастка або іншай маёмасці, дзе скарб быў схаваны, скарб належыць перадаць уласніку зямельнага ўчастка або іншай маёмасці, у якой быў знойдзены скарб.
Правілы частак першай і другой дадзенага пункта не прымяняюцца ў дачыненні да скарбаў, якія складаюцца з археалагічных артэфактаў.
2. У выпадку выяўлення скарбу, які складаецца з матэрыяльных культурных каштоўнасцей, што валодаюць адметнымі духоўнымі, мастацкімі і (або) дакументальнымі вартасцямі і адпавядаюць аднаму з крытэрыяў для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, такія матэрыяльныя культурныя каштоўнасці належыць перадаць у дзяржаўную ўласнасць. Пры гэтым уласнік зямельнага ўчастка ці іншай маёмасці, дзе скарб быў схаваны, і асоба, якая выявіла скарб, маюць права на атрыманне разам узнагароджання ў памеры пяцідзесяці працэнтаў кошту скарбу. Узнагароджанне размяркоўваецца паміж гэтымі асобамі ў роўных долях, калі пагадненнем паміж імі не ўстаноўлена іншае.
Пры выяўленні такога скарбу асобай, якая ажыццяўляла раскопкі або пошукі каштоўнасцей без згоды ўласніка маёмасці, дзе скарб быў схаваны, узнагароджанне гэтай асобе не выплачваецца і цалкам пераходзіць уласніку.
3. Правілы гэтага артыкула не прымяняюцца да асоб, у кола працоўных ці службовых абавязкаў якіх уваходзіла правядзенне раскопак і пошуку, накіраваных на выяўленне скарбу.
Артыкул 2341. Набыццё права ўласнасці на безгаспадарчую антыкварную, гістарычную зброю і боепрыпасы, іншае ўзбраенне або ваенную тэхніку
Калі іншае не устаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, у выпадку выяўлення безгаспадарчых антыкварнай, гістарычнай зброі і боепрыпасаў, іншага ўзбраення або ваеннай тэхнікі пры правядзенні пошукавых работ, раскопак указаныя рэчы належыць перадаць у дзяржаўную ўласнасць у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
Артыкул 2342. Набыццё права ўласнасці на археалагічныя артэфакты
Калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі, археалагічныя артэфакты, выяўленыя пры правядзенні археалагічных даследаванняў або іншым чынам, належыць перадаць у дзяржаўную ўласнасць у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
У выпадку выяўлення археалагічных артэфактаў, якія з’яўляюцца скарбам, валодаюць адметнымі духоўнымі, мастацкімі і (або) дакументальнымі вартасцямі і адпавядаюць аднаму з крытэрыяў для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, прымяняюцца правілы, прадугледжаныя пунктамі 2 і 3 артыкула 234 гэтага Кодэкса.
Сяргей знайшоў у транспарце забытую вазу. Якім чынам ён павінен дзейнічаць і ў якім выпадку ён на законных падставах можа стаць уласнікам гэтай рэчы?
Аксана ж знайшла скарб са старажытнымі манетамі, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць. Ці можа яна ператварыць яго ў сваю ўласнасць? На якую долю ўзнагароджання яна можа прэтэндаваць?
Артыкул 390. Паняцце дагавора
1. Дагаворам прызнаецца пагадненне дзвюх або некалькіх асоб аб устанаўленні, змяненні ці спыненні грамадзянскіх правоў і абавязкаў.
2. Да дагавораў прымяняюцца правілы аб двух- і шматбаковых здзелках, прадугледжаных главой 9 гэтага Кодэкса.
3. Да абавязацельстваў, якія ўзніклі з дагавора, прымяняюцца агульныя палажэнні аб абавязацельствах (артыкулы 288–389), калі іншае не прадугледжана правіламі гэтай главы і правіламі аб асобных відах дагавораў, якія ўтрымліваюцца ў заканадаўстве.
4. Да дагавораў, якія заключаюцца больш чым двума бакамі, агульныя палажэнні аб дагаворы прымяняюцца, калі гэта не супярэчыць шматбаковаму характару такіх дагавораў.
Артыкул 405. Аферта
1. Афертай прызнаецца адрасаваная адной або некалькім канкрэтным асобам прапанова, якая дастаткова пэўная і выражае намер асобы, што зрабіла прапанову, лічыць сябе тым, хто заключыў дагавор з адрасатам, якім будзе прынята прапанова.
Аферта павінна ўтрымліваць істотныя ўмовы дагавора.
2. Аферта звязвае асобу, якая яе накіравала, з моманту атрымання яе адрасатам. Калі паведамленне аб адкліканні аферты паступіла раней ці адначасова з самой афертай, яна лічыцца неатрыманай.
Артыкул 407. Запрашэнне рабіць аферты
1. Рэклама і іншыя прапановы, адрасаваныя няпэўнаму колу асоб, разглядаюцца як запрашэнне рабіць аферты, калі іншае непасрэдна не ўказана ў прапанове.
2. Публічнай афертай прызнаецца прапанова, якая ўтрымлівае ўсе істотныя ўмовы дагавора і з якой бачыцца воля асобы, што робіць прапанову, заключыць дагавор на ўказаных у прапанове ўмовах з любым, хто адгукнецца.
Артыкул 408. Акцэпт
1. Акцэптам прызнаецца адказ асобы, якой адрасавана аферта, аб яе прыняцці. Акцэпт павінен быць поўны і безагаворачны.
2. Маўчанне не з’яўляецца акцэптам, калі іншае не вынікае з заканадаўства або пагаднення бакоў.
3. Здзяйсненне асобай, якая атрымала аферту, у тэрмін, устаноўлены для яе акцэпту, дзеянняў па выкананні ўказаных у ёй умоў дагавора (адгрузка тавараў, аказанне паслуг, выкананне работ, выплата адпаведнай сумы і г. д.) лічыцца акцэптам, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або не ўказана ў аферце.
Дайце ацэнку прапанаваным азначэнням. Выявіце недакладнасці, непаўнату ці некарэктнасць дадзеных фармулёвак.
- • Дагавор — гэта пагадненне двух грамадзян, накіраванае на ўзнікненне грамадзянскіх правоў і абавязкаў паміж імі.
- • Аферта — прапанова заключыць дагавор.
- • Публічная аферта — гэта аферта, накіраваная пэўнаму колу асоб.
- • Акцэпт — адказ на атрыманую прапанову заключыць грамадзянска-прававы дагавор.