*§ 12-0. Уводзіны ў беларускае права
Дзеянне права ў часе і прасторы. Права дзейнічае на працягу пэўнага часу, які пачынаецца з моманту ўступлення нормы права (нарматыўнага прававога акта) у сілу і спыняецца з моманту яе страты. Таму прымяненне права ў адносінах, што ўзніклі да ўступлення нормы ў сілу, не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў скасавання (змякчэння) адказнасці.
Уступленне нарматыўных прававых актаў у сілу звязана з уключэннем у Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь і афіцыйным апублікаваннем. Нарматыўныя прававыя акты, што закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асоб, набываюць сілу толькі пасля афіцыйнага апублікавання.
У нашай краіне адзінай крыніцай афіцыйнага апублікавання з’яўляецца Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (http://www.pravo.by).


Нарматыўныя прававыя акты могуць быць абнародаваны ў афіцыйных перыядычных друкаваных выданнях (рэспубліканскія газеты «Советская Белоруссия», «Звязда», «Народная газета», «Рэспубліка», шэрагу мясцовых выданняў) шляхам дакладнага аднаўлення іх тэкстаў. Такое абнародаванне (апублікаванне) называецца неафіцыйным.
Нарматыўны прававы акт страчвае юрыдычную сілу ў сувязі са скасаваннем або заменай, прыняццем вышэйшым органам іншага акта, змяненнем сутнасці рэгулюемых грамадскіх адносін, прызнаннем акта неканстытуцыйным, заканчэннем тэрміну дзеяння.
З мэтай належнага інфармавання аб праве краіны Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь сфарміраваны Эталонны банк даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (http://etalonline.by). Насельніцтва Рэспублікі Беларусь можа бясплатна азнаёміцца з тэкстамі нарматыўных прававых актаў у публічных цэнтрах прававой інфармацыі і ў бібліятэках.
Публічны цэнтр прававой інфармацыі (ПЦПІ) — гэта пункт свабоднага доступу грамадзян да эталоннай прававой інфармацыі, што ствараецца Міністэрствам культуры сумесна з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (НЦПІ) на базе дзяржаўнай публічнай бібліятэкі. У цяперашні час у краіне функцыянуе больш за 600 ПЦПІ, амаль 60 % з іх размешчаны ў сельскай мясцовасці.

Дзеянне права распаўсюджваецца на тэрыторыю дзяржавы. Акты цэнтральных дзяржаўных органаў дзейнічаюць на ўсёй тэрыторыі дзяржавы.

Акты мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў дзейнічаюць на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Дзеянне актаў можа распаўсюджвацца на іншыя тэрыторыі (пагранічная зона, асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, свабодныя эканамічныя зоны, тэрыторыя радыеактыўнага забруджвання і г. д.).

Ахарактарызуйце асноўныя крыніцы права ў Рэспубліцы Беларусь.
