*§ 12-0. Уводзіны ў беларускае права
Суб’екты права і праваадносіны. Суб’ектамі права, г. зн. носьбітамі правоў (свабод) і абавязкаў, могуць быць фізічныя і юрыдычныя асобы, дзяржава. Суб’екты права набываюць права (свабоды) і абавязкі, ажыццяўляюць паўнамоцтвы ў ходзе рэалізацыі права. Рэалізацыя права ўключае ў сябе праваадносіны (адносіны, што ўрэгуляваны нормамі права або спараджаюць прававыя наступствы) і дзейнасць кампетэнтных дзяржаўных органаў. Такія органы могуць выдаваць дакументы, якія сведчаць аб правах і абавязках (дакумент аб адукацыі, пасведчанне аб заключэнні шлюбу, пасведчанне аб праве на маёмасць і г. д.), вырашаць спрэчкі аб праве, прымушаць да выканання права, накладаць адказнасць і г. д. Рэалізацыя права заўсёды ажыццяўляецца па пэўнай працэдуры і можа быць асноўнай мэтай асобных органаў (суд, праваахоўныя органы, органы ЗАГС, натарыят і г. д.).
Суб’ектамі права можа быць як няпэўнае кола асоб («усе», «кожны», «грамадзянін», «асоба», «любы», «чалавек» і г. д.), так і сукупнасць непасрэдна адзначаных асоб, якія валодаюць узаемнымі правамі і абавязкамі ((дзяржава (дзяржаўныя служачыя) — грамадзяне, наймальнікі — наёмныя работнікі, бацькі — дзеці і г. д.). Напрыклад, атрымаць вышэйшую адукацыю I ступені могуць толькі асобы, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю, прафесійна-тэхнічную адукацыю або сярэднюю спецыяльную адукацыю, пацверджаную дакументам аб адукацыі.
Права замацоўвае прававы статус суб’екта, г. зн. яго патэнцыйныя і рэальныя магчымасці ўступлення ў праваадносіны. Прававы статус суб’екта ўключае ў сябе: права (свабоды), паўнамоцтвы і абавязкі, правасуб’ектнасць і юрыдычную адказнасць.
Правасуб’ектнасць уключае праваздольнасць, дзеяздольнасць і дэліктаздольнасць, якія маюць адрозненні ў кожнай галіне права.
Праваздольнасць — гэта замацаваная нормамі права магчымасць асобы валодаць правамі і абавязкамі. Праваздольнасць фізічных асоб узнікае з нараджэння, заканчваецца смерцю. Праваздольнасць юрыдычных асоб узнікае з даты рэгістрацыі і заканчваецца датай ліквідацыі. Дзяржава самастойна вызначае сваю праваздольнасць.
Дзеяздольнасць — гэта здольнасць асобы сваімі дзеяннямі набываць правы і абавязкі. Дзеяздольнасць, як правіла, звязваецца з узростам і здароўем фізічнай асобы. Да пэўнага ўзросту фізічныя асобы лічацца недзеяздольнымі.
Дэліктаздольнасць — гэта здольнасць асобы несці адказнасць за шкоду, прычыненую яе неправамернымі дзеяннямі.
Юрыдычная адказнасць — гэта абавязак прымянення кампетэнтнымі органамі да парушальніка права санкцый (негатыўных наступстваў і абмежаванняў). Юрыдычная адказнасць падзяляецца на каральную (крымінальная, адміністрацыйная, дысцыплінарная), у якой правапарушальнік абавязаны асабіста зведаць негатыўныя наступствы (пазбаўленне волі, абмежаванне правоў, штраф, вымова, звальненне і г. д.), і аднаўленчую (грамадзянска-прававая, матэрыяльная), у якой правапарушальнік абавязаны кампенсаваць прычыненую шкоду.