Печатать книгуПечатать книгу

*§ 12-0. Уводзіны ў беларускае права

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: *§ 12-0. Уводзіны ў беларускае права
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 6 Май 2024, 19:36

Суб’екты права і праваадносіны. Суб’ектамі права, г. зн. носьбітамі правоў (свабод) і абавязкаў, могуць быць фізічныя і юрыдычныя асобы, дзяржава. Суб’екты права набываюць права (свабоды) і абавязкі, ажыццяўляюць паўнамоцтвы ў ходзе рэалізацыі права. Рэалізацыя права ўключае ў сябе праваадносіны (адносіны, што ўрэгуляваны нормамі права або спараджаюць прававыя наступствы) і дзейнасць кампетэнтных дзяржаўных органаў. Такія органы могуць выдаваць дакументы, якія сведчаць аб правах і абавязках (дакумент аб адукацыі, пасведчанне аб заключэнні шлюбу, пасведчанне аб праве на маёмасць і г. д.), вырашаць спрэчкі аб праве, прымушаць да выканання права, накладаць адказнасць і г. д. Рэалізацыя права заўсёды ажыццяўляецца па пэўнай працэдуры і можа быць асноўнай мэтай асобных органаў (суд, праваахоўныя органы, органы ЗАГС, натарыят і г. д.).

Суб’ектамі права можа быць як няпэўнае кола асоб («усе», «кожны», «грамадзянін», «асоба», «любы», «чалавек» і г. д.), так і сукупнасць непасрэдна адзначаных асоб, якія валодаюць узаемнымі правамі і абавязкамі ((дзяржава (дзяржаўныя служачыя) — грамадзяне, наймальнікі — наёмныя работнікі, бацькі — дзеці і г. д.). Напрыклад, атрымаць вышэйшую адукацыю I ступені могуць толькі асобы, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю, прафесійна-тэхнічную адукацыю або сярэднюю спецыяльную адукацыю, пацверджаную дакументам аб адукацыі.

icon-task
Канкрэтызуйце прыкладамі, хто можа з’яўляцца суб’ектам права, на аснове арт. 2, 22, 26, 38, 49 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. 

Права замацоўвае прававы статус суб’екта, г. зн. яго патэнцыйныя і рэальныя магчымасці ўступлення ў праваадносіны. Прававы статус суб’екта ўключае ў сябе: права (свабоды), паўнамоцтвы і абавязкі, правасуб’ектнасць і юрыдычную адказнасць.

Правасуб’ектнасць уключае праваздольнасць, дзеяздольнасць і дэліктаздольнасць, якія маюць адрозненні ў кожнай галіне права.

Праваздольнасць — гэта замацаваная нормамі права магчымасць асобы валодаць правамі і абавязкамі. Праваздольнасць фізічных асоб узнікае з нараджэння, заканчваецца смерцю. Праваздольнасць юрыдычных асоб узнікае з даты рэгістрацыі і заканчваецца датай ліквідацыі. Дзяржава самастойна вызначае сваю праваздольнасць.

Дзеяздольнасць — гэта здольнасць асобы сваімі дзеяннямі набываць правы і абавязкі. Дзеяздольнасць, як правіла, звязваецца з узростам і здароўем фізічнай асобы. Да пэўнага ўзросту фізічныя асобы лічацца недзеяздольнымі.

Дэліктаздольнасць — гэта здольнасць асобы несці адказнасць за шкоду, прычыненую яе неправамернымі дзеяннямі.

Юрыдычная адказнасць — гэта абавязак прымянення кампетэнтнымі органамі да парушальніка права санкцый (негатыўных наступстваў і абмежаванняў). Юрыдычная адказнасць падзяляецца на каральную (крымінальная, адміністрацыйная, дысцыплінарная), у якой правапарушальнік абавязаны асабіста зведаць негатыўныя наступствы (пазбаўленне волі, абмежаванне правоў, штраф, вымова, звальненне і г. д.), і аднаўленчую (грамадзянска-прававая, матэрыяльная), у якой правапарушальнік абавязаны кампенсаваць прычыненую шкоду.

icon-task
Прывядзіце прыклады праваадносін, у якія ўступалі вы або члены вашай сям’і, вызначце ролю дзяржаўных органаў у іх рэалізацыі. 

Галіны і інстытуты права. Права ўяўляе сабой сістэму агульнаабавязковых фармальна вызначаных правіл паводзінаў (норм), якія ўстанаўліваюцца дзяржавай і забяспечваюцца шляхам дзяржаўнага прымусу. Права рэгулюе (рэгулятыўная функцыя) і ахоўвае (ахоўная функцыя) найбольш значныя грамадскія адносіны (эканоміка, палітыка, кіраванне і г. д.), а таксама кваліфікуе ўчынкі (дзеянні) як правамерныя або неправамерныя. У дачыненні да адносінаў, якія маюць асабісты характар, права абазначае межы ўмяшання ў прыватнае жыццё (свабода сумлення, свабода браць шлюб і г. д.), прадугледжвае адказнасць за іх парушэнне, вырашае канфлікты (развод, вызначэнне парадку зносін з дзецьмі і г. д.).

Права звычайна не ацэньвае маральныя, рэлігійныя і іншыя матывы, якія ляжаць у аснове ўчынкаў. Аднак у некаторых выпадках матывы могуць уплываць на ацэнку ўчынку. Так, карыслівы або іншы нізкі матыў пры здзяйсненні злачынства разглядаецца як абцяжарваючая акалічнасць, не дапускаецца злоўжыванне правам, г. зн. ажыццяўленне права выключна з намерам прычыніць шкоду іншай асобе і г. д.

Нормы права знаходзяцца ў пэўнай сістэме, якая складаецца з галін і інстытутаў права. Галіна права аб’ядноўвае нормы, што рэгулююць аднародныя грамадскія адносіны. Да асноўных галін права Рэспублікі Беларусь належаць канстытуцыйнае, адміністрацыйнае, фінансавае, грамадзянскае, працоўнае, сямейнае, экалагічнае, зямельнае, грамадзянска-працэсуальнае, крымінальнае, крымінальна-працэсуальнае, крымінальна-выканаўчае.

Інстытут права складаюць грамадскія адносіны аднаго віду, што ўваходзяць у галіну. Напрыклад, уласнасць і спадчыннасць з’яўляюцца інстытутамі грамадзянскага права.

Крытэрыем вылучэння галін права таксама з’яўляюцца асаблівасці ўздзеяння права на грамадскія адносіны (метады прававога рэгулявання). Найбольш агульнымі метадамі з’яўляюцца імператыўны (прамое прадпісанне неабходных паводзінаў) і дыспазітыўны (магчымасць самастойнага выбару іншых паводзінаў, законам могуць вызначацца межы і ўмовы такога выбару). Галіны права маюць уласны баланс імператыўнасці і дыспазітыўнасці, а таксама спосабаў прававога рэгулявання (прадпісанні, дазволы і забароны). Так, канстытуцыйнае і крымінальнае права ў асноўным ужываюць імператыўны метад, грамадзянскае і сямейнае права — дыспазітыўны, а працоўнае і зямельнае права камбінуюць метады прававога рэгулявання. Як правіла, базавым актам галіны права з’яўляецца кодэкс.

icon-task
Назавіце агульнапрынятыя скарачэнні для назваў прыведзеных кодэксаў. 

Еўрапейскай прававой традыцыі таксама ўласцівы падзел права на прыватнае і публічнае. Публічнае права ахоплівае нормы, якія выражаюць інтарэсы грамадства ў цэлым і рэгулююць уладныя адносіны. Бокам у публічным праве заўсёды выступае дзяржава, якая прадпісвае пэўныя паводзіны. Прыватнае права ўключае нормы, якія адлюстроўваюць і абараняюць інтарэсы асобных асоб. Як правіла, у прыватным праве бакі роўныя.

icon-task
Якія з названых галін права адносяцца да прыватнага права, а якія — да публічнага? 

Крыніцы (формы) права Рэспублікі Беларусь. Права заўсёды мае знешняе выражэнне. У юрыспрудэнцыі (навуцы аб праве) такое выражэнне называецца крыніцамі (формамі) права. У кожнай дзяржаве існуюць уласная гістарычна складзеная сістэма крыніц (форм) права. Асноўнай крыніцай права ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца нарматыўныя прававыя акты. Таксама ў якасці крыніц права выступаюць нарматыўныя дагаворы і ў абмежаванай меры — прававыя звычаі.

Нарматыўны прававы акт — гэта афіцыйны дакумент устаноўленай формы, прыняты (выдадзены) нарматворчым органам (службовай асобай) у межах яго кампетэнцыі або рэферэндумам. Ён утрымлівае агульнаабавязковыя правілы паводзінаў, разлічаныя на неаднаразовае прымяненне неабмежаванай колькасцю суб’ектаў права. Нарматыўныя прававыя акты выдаюцца разнастайнымі дзяржаўнымі органамі, знаходзяцца ў пэўнай іерархіі і маюць розную юрыдычную сілу. Аснову беларускага заканадаўства складаюць Канстытуцыя, законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (заканадаўчыя акты).

У Законе Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах» утрымліваюцца наступныя палажэнні:

Артыкул 3. Заканадаўства

1. Заканадаўства — сістэма нарматыўных прававых актаў, якая характарызуецца іх унутранай узгодненасцю, іерархіяй і забяспечвае прававое рэгуляванне грамадскіх адносін.

2.  Заканадаўства складаюць наступныя нарматыўныя прававыя акты:

  • • Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь;
  • • рашэнні, прынятыя рэспубліканскім рэферэндумам;
  • • законы Рэспублікі Беларусь;
  • • дэкрэты, указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • • пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь;
  • • пастановы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
  • • пастановы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
  • • нарматыўныя прававыя акты Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры, нарматворчых органаў, падпарадкаваных (падсправаздачных) Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь;
  • • нарматыўныя прававыя акты міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання;
  • • рашэнні, прынятыя мясцовым рэферэндумам;
  • • рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў;
  • • нарматыўныя прававыя акты іншых нарматворчых органаў (службовых асоб);
  • • тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты.
icon-task
Назавіце нарматыўныя прававыя акты, што прымаюцца (выдаюцца): Прэзідэнтам, Парламентам, выканаўчымі органамі, судовымі органамі, органамі мясцовага самакіравання. 
icon-discussions

Як трэба разглядаць паняцце «закон» у наступных фразах:

  • • «Няведанне закону не вызваляе ад адказнасці»,
  • • «Закон зваротнай сілы не мае»:
    • • у вузкім сэнсе — як закон;
    • • у шырокім сэнсе — як нарматыўны прававы акт, што дзейнічае ў рамках канкрэтнай прававой сістэмы? 

Нарматыўны прававы дагавор — гэта пісьмовае пагадненне, адным з бакоў якога з’яўляецца дзяржава, што ўтрымлівае агульнаабавязковыя правілы паводзінаў, разлічаныя на неаднаразовае прымяненне неабмежаванай колькасцю суб’ектаў права. Найбольш распаўсюджаным відам нарматыўнага прававога дагавора з’яўляецца міжнародны дагавор. У працоўным праве важную ролю адыгрываюць пагадненні, якія вызначаюць абавязацельствы бакоў па рэгуляванні адносін у сацыяльна-працоўнай сферы на ўзроўні пэўнай прафесіі, галіны, тэрыторыі. Таксама ў нашай дзяржаве заключана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

icon-task
Назавіце вядомыя вам міжнародныя дагаворы, падпісаныя Рэспублікай Беларусь у перыяд яе незалежнасці. 

Прававы звычай — гэта правіла паводзінаў, прызнанае дзяржавай, якое доўгі час прымяняецца, але фармальна не замацавана ў праве.

Дзеянне права ў часе і прасторы. Права дзейнічае на працягу пэўнага часу, які пачынаецца з моманту ўступлення нормы права (нарматыўнага прававога акта) у сілу і спыняецца з моманту яе страты. Таму прымяненне права ў адносінах, што ўзніклі да ўступлення нормы ў сілу, не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў скасавання (змякчэння) адказнасці.

Уступленне нарматыўных прававых актаў у сілу звязана з уключэннем у Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь і афіцыйным апублікаваннем. Нарматыўныя прававыя акты, што закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асоб, набываюць сілу толькі пасля афіцыйнага апублікавання.

У нашай краіне адзінай крыніцай афіцыйнага апублікавання з’яўляецца Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (http://www.pravo.by).

icon-search
Знайдзіце на сайце інфармацыю пра колькасць апублікаваных сёння актаў. На яе аснове растлумачце неабходнасць утварэння Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу Рэспублікі Беларусь як асноўнага дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу глабальнай камп'ютарнай сеткі інтэрнэт у галіне права і прававой інфармацыі. 

Нарматыўныя прававыя акты могуць быць абнародаваны ў афіцыйных перыядычных друкаваных выданнях (рэспубліканскія газеты «Советская Белоруссия», «Звязда», «Народная газета», «Рэспубліка», шэрагу мясцовых выданняў) шляхам дакладнага аднаўлення іх тэкстаў. Такое абнародаванне (апублікаванне) называецца неафіцыйным.

Нарматыўны прававы акт страчвае юрыдычную сілу ў сувязі са скасаваннем або заменай, прыняццем вышэйшым органам іншага акта, змяненнем сутнасці рэгулюемых грамадскіх адносін, прызнаннем акта неканстытуцыйным, заканчэннем тэрміну дзеяння.

З мэтай належнага інфармавання аб праве краіны Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь сфарміраваны Эталонны банк даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (http://etalonline.by). Насельніцтва Рэспублікі Беларусь можа бясплатна азнаёміцца з тэкстамі нарматыўных прававых актаў у публічных цэнтрах прававой інфармацыі і ў бібліятэках.

Публічны цэнтр прававой інфармацыі (ПЦПІ) — гэта пункт свабоднага доступу грамадзян да эталоннай прававой інфармацыі, што ствараецца Міністэрствам культуры сумесна з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (НЦПІ) на базе дзяржаўнай публічнай бібліятэкі. У цяперашні час у краіне функцыянуе больш за 600 ПЦПІ, амаль 60 % з іх размешчаны ў сельскай мясцовасці.

icon-idea
Пракладзіце маршрут да бліжэйшага па размяшчэнні публічнага цэнтра прававой інфармацыі. 

Дзеянне права распаўсюджваецца на тэрыторыю дзяржавы. Акты цэнтральных дзяржаўных органаў дзейнічаюць на ўсёй тэрыторыі дзяржавы.

icon-remember
Прыгадайце, што ўключаецца ў тэрыторыю дзяржавы з пункту погляду права. 

Акты мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў дзейнічаюць на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Дзеянне актаў можа распаўсюджвацца на іншыя тэрыторыі (пагранічная зона, асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, свабодныя эканамічныя зоны, тэрыторыя радыеактыўнага забруджвання і г. д.).

icon-task
Складзіце схему «Правы» па наступным плане: а) азначэнне; б) прыметы; в) асноўныя галіны; г) асноўныя крыніцы (формы) права; д) дзеянне права. 

Ахарактарызуйце асноўныя крыніцы права ў Рэспубліцы Беларусь.

icon-search
Выберыце любы размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале нарматыўны прававы акт і ахарактарызуйце яго: якім органам (службовай асобай) прыняты, да якой галіны ўлады адносіцца дадзены орган (службовая асоба), да якой галіны права (галін права) адносіцца, які метад (метады прававога рэгулявання), дата ўступлення ў сілу, тэрмін і тэрыторыя дзеяння акта.