*§ 0-4. Сказ, асноўныя функцыі сказа. Парадак слоў у сказе. Стылістычныя магчымасці парадку слоў. Лагічны націск

Паслухаем мовазнаўцаў

ПАРАДАК СЛОЎ

Парадак слоў у сказе часцяком не адпавядае парадку сэнсавых элементаў у ім. Тады ўзнікаюць двухсэнсоўныя выказванні, якія не заўсёды можна зразумець належным чынам. Менавіта такой з’яўляецца фраза: Апошнім быў прадэманстраваны фільм пра вайну нашых кінадакументалістаў. Здаровы сэнс падказвае, што ваявалі не кінадакументалісты, а нехта іншы. А раптам?.. Сказана ж двухсэнсоўна. А ў такім прыкладзе, як Яму трэба пазваніць, без перапытвання ўвогуле не ўцяміш, хто каму мусіць тэлефанаваць. Мова дае мноства магчымасцей пазбягаць непатрэбнай неадназначнасці. Не трэба грэбаваць імі. Можна ж было напісаць і так: Фільм нашых дакументалістаў пра вайну быў прадэманстраваны апошнім (А. Я. Міхневіч, Л. П. Кунцэвіч, Ю. В. Назаранка).