*§ 0-4. Сказ, асноўныя функцыі сказа. Парадак слоў у сказе. Стылістычныя магчымасці парадку слоў. Лагічны націск

Практыкаванне 7

Прачытайце тэкст. Падбярыце назву ў адпаведнасці з тэмай тэксту. Выпішыце ўскладненыя сказы. Вызначце, чым яны ўскладнены.

У народнай падсвядомасці яшчэ жыве памяць пра магутных волатаў. Але асілкамі не нараджаюцца. Імі становяцца. Як, да прыкладу, стаў ім беларус Вячаслаў Харанека. У яго спартыўных заслугах больш за 160 сусветных рэкордаў па экстрэмальным падняцці цяжкасцей. Ён працуе з гірамі, гантэлямі, бочкамі, аўтамабілямі і іншымі цяжкімі рэчамі. Вячаслаў заваяваў усе магчымыя і немагчымыя ўзнагароды. Многія з яго дасягненняў не здольны паўтарыць ніхто ў свеце. Але Вячаслава Харанеку называюць у свеце ўсё ж такі каралём гір. Чаму? Асаблівасцямі яго чалавечай натуры з’яўляюцца шматразовае паўтарэнне пройдзенага, фізічная трываласць і моцная воля. А гэтыя якасці якраз і патрэбны пры занятках гіравым спортам. Магчыма, таму яму ўдаецца куляцца спінай назад праз галаву па дзесяціметровай дарожцы і ўтрымліваць пры гэтым у выцягнутай левай руцэ гіру вагою ў 32 кг. А яшчэ беларускі волат можа, седзячы на шпагаце, на працягу 5 хвілін падняць правай рукой 66 разоў тую ж 32-кілаграмовую гіру. Нездарма ён патрапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса (Паводле І. Занеўскай).

Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра рэкорды В. Харанекі.