*§ 0-4. Сказ, асноўныя функцыі сказа. Парадак слоў у сказе. Стылістычныя магчымасці парадку слоў. Лагічны націск

Практыкаванне 3

Прачытайце тэкст, вызначце яго тэму і асноўную думку. Выпішыце апорныя словазлучэнні. На іх аснове сцісла перадайце змест тэксту з дапамогай простых сказаў.

Знакамітыя людзі заўсёды бачылі прызначэнне мовы і культуры ў тым, каб гуманізаваць свет і адносіны людзей у ім. Гэта магчыма тады, калі ўсё грамадства, кожны чалавек павернецца да вопыту продкаў, навучыцца ўспрымаць, асэнсоўваць, ацэньваць і ўжываць роднае слова, усведамляць яго спрадвечнае прызначэнне — узвышаць чалавека, яго думкі, пачуцці і ўчынкі.
П. А. Вяземскі пісаў: «Слова дадзена ад Бога чалавеку на дабро, дзеля таго, каб людзі разумелі адзін аднаго, спачувалі і дапамагалі бліжнім». Словам нашы продкі лячылі хваробы, бараніліся ад лютага звера, дрэнных людзей і ліхога вока, дамаўляліся з непрыяцелем. Наша пакаленне занядбала роднае слова, прынізіла яго аўтарытэт у грамадстве, навуцы, педагогіцы, палітыцы і гаспадарчым жыцці, абмежавала сферу ўжывання вёскай і сялянскай хатай, зрабіла прадметам спекуляцыйных групавых спрэчак. Прыйшоў час накіраваць сілу роднага слова на службу згодзе і братэрству, дружалюбнасці паміж людзьмі і народамі, нацыямі і дзяржавамі.
Добра, калі ў калектыве і краіне кожны грамадзянін пастаянна адчувае прыхільныя адносіны з боку сваіх суайчыннікаў, калі ён выхаваў патрэбу і звычку выкарыстоўваць роднае слова з мэтай узвышанага, высакароднага і прыгожага (В. Протчанка).

Выпішыце з тэксту назоўнікі ў форме меснага склону. Растлумачце правапіс канчаткаў назоўнікаў.
Знайдзіце ў тэксце назоўнік, утвораны прыставачна-суфіксальным спосабам.
Выпішыце слова, якое ілюструе правіла «Правапіс галосных у складаных словах». Запішыце ўласныя прыклады.