§ 3. Цывілізацыя як культурна-гістарычны працэс
Характэрныя рысы сучаснай цывілізацыі. Грамадства, якое існуе ў цяперашні час, называюць па-рознаму — сучасным грамадствам і сучаснай цывілізацыяй, постіндустрыяльным і інфармацыйным грамадствам. Ахарактарызаваць яго няпроста — у абліччы сучаснага свету прадстаўлена амаль ці не ўся гісторыя чалавецтва. Па сённяшні дзень існуюць плямёны, якія жывуць так, як жылі людзі ў раннія перыяды гісторыі. У той жа час ёсць значная група краін, якія знаходзяцца на найвышэйшым узроўні развіцця вытворчасці, сферы паслуг, сацыяльнай абароны чалавека. Развіццё сучаснага свету адбываецца вельмі нераўнамерна і супярэчліва, але адной з тэндэнцый з’яўляецца паступовае збліжэнне каштоўнасцей людзей.

Сучаснае чалавецтва — гэта разнастайнасць цывілізацый з характэрнымі для іх формамі культурнага, палітычнага, сацыяльнага жыцця, эканамічнымі ўкладамі. Узаемасувязь і ўзаемазалежнасць усіх краін свету на сучасным этапе настолькі высокая, што можна гаварыць пра сучасную цывілізацыю як пра асаблівую цэласнасць. Насычанасць і шматпланавасць гаспадарчых, палітычных, інфармацыйных сувязей сучаснага свету вядзе да размывання сацыяльна-культурных межаў лакальных цывілізацый.
Чалавецтва пад уплывам аб’ектыўных глабальных працэсаў рухаецца ад характэрнай для мінулага раз’яднанасці лакальных цывілізацый да больш цеснага цывілізацыйнага адзінства.
Нараджаецца шмат у чым адзіная сусветная цывілізацыя, бо фарміруецца новае, глабальнае тэхніка-эканамічнае і культурнае асяроддзе, ідзе працэс збліжэння, нават уніфікацыі інфармацыйнага, тэхналагічнага жыцця розных рэгіёнаў Зямлі — інфармацыйная цывілізацыя.