Печатать книгуПечатать книгу

§ 3. Цывілізацыя як культурна-гістарычны працэс

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: § 3. Цывілізацыя як культурна-гістарычны працэс
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 27 Декабрь 2024, 06:10

Сусветны даследчы праект вывучэння каштоўнасцей і светапогляду людзей (WVS) рэалізуецца з 1981 г. у больш чым 90 краінах свету. На падставе вынікаў сацапытання складаецца так званая карта каштоўнасцей — дыяграма Інглхарта — Вельцэля. Вертыкальная вось адлюстроўвае баланс каштоўнасцей: «традыцыйныя» (важнасць рэлігіі, сям’і, улады, традыцый) і «свецка-рацыянальныя» (важнасць навукі, законаў, правоў чалавека). Гарызантальная вось — баланс каштоўнасцей «выжывання» (фізічная і эканамічная бяспека) і «самавыяўлення» (свабода, самарэалізацыя, талерантнасць). 

Паняцце цывілізацыі. Паняцце «цывілізацыя» паходзіць ад лацінскага civilis, што азначае «грамадзянскі, дзяржаўны». У розных навуковых канцэпцыях існуюць розныя падыходы да дадзенага паняцця. Паняцце «цывілізацыя» мае два асноўныя значэнні: як асобнае грамадства і як стадыя развіцця чалавецтва.

У ХХ ст. паняцце «цывілізацыя» стала звязвацца ў першую чаргу з «лакальнымі» цывілізацыямі, а не са ступенню ў развіцці грамадства. У аснову цывілізацыйнага падыходу былі пакладзены тры асноўныя палажэнні:

  • • у чалавецтва няма гісторыі як адзінага сусветна-гістарычнага працэсу, а ёсць гісторыя асобных краін і народаў, цывілізацый;
  • • не эканамічныя фактары вызначаюць развіццё грамадства, а духоўныя і культурныя;
  • • не агульныя, а адметныя рысы ў развіцці краін і народаў, іх самабытнасць і непадабенства маюць галоўнае значэнне для гісторыі.

Цывілізацыі — гэта ўстойлівыя цэласныя культурна-гістарычныя супольнасці, якія вылучаюцца агульнасцю духоўных каштоўнасцей і культурных традыцый, падабенствам сацыяльна-палітычнага і матэрыяльна-вытворчага развіцця, асаблівасцямі ладу жыцця і пэўным тыпам асобы, агульнымі этнічнымі прыметамі і пэўнымі геаграфічнымі рамкамі.

Цывілізацыйны падыход да вывучэння грамадства. Найбольш маштабныя канцэпцыі цывілізацыйнага развіцця стварылі такія вучоныя, як М. Данілеўскі, О. Шпенглер, А. Тойнбі, С. Хантынгтан. Усе яны выступалі з пазіцыяй крытыкі канцэпцыі адзінай сусветнай гісторыі.

icon-persona
У рабоце «Расія і Еўропа» (1869) вядомы расійскі прыродазнавец і філосаф Мікалай Данілеўскі паслядоўна адстойваў пункт гледжання, згодна з якім не існуе гісторыі як адзінага сусветна-гістарычнага працэсу, а ёсць толькі гісторыя асобных «культурна-гістарычных тыпаў» (цывілізацый). 

Культурна-гістарычныя тыпы развіваюцца падобна да жывых арганізмаў, знаходзяцца ў барацьбе адзін з адным і са знешнім асяроддзем, выцясняюць адзін аднаго на працягу гісторыі. Вучоны вылучаў такія культурна-гістарычныя тыпы, як егіпецкі, кітайскі, індыйскі, іранскі, яўрэйскі, грэчаскі, рымскі, рамана-германскі і іншыя, усяго дванаццаць.

icon-persona
Нямецкі філосаф Освальд Шпенглер у працы «Заняпад Еўропы» (1918) разглядаў гістарычны працэс як чараду культур, якія змяняюць адна адну. 

Сапраўднымі творцамі сусветнай гісторыі, на думку О. Шпенглера, з’яўляюцца культуры, якія дасягнулі найвышэйшага росквіту і пад’ёму. Да іх ён адносіў восем вялікіх культур: егіпецкую, вавілонскую, індыйскую, кітайскую, мексіканскую, антычную, заходнееўрапейскую, арабскую.

Апалон Бельведэрскі
Апалон Бельведэрскі
Э. Дэлакруа. Доктар Фаўст
Э. Дэлакруа. Доктар Фаўст
icon-discussions

Чаму Шпенглер называў антычную культуру «апалонаўскай», а заходнееўрапейскую — «фаўстаўскай»? Хто такі Апалон, а хто такі Фаўст?

Якія падзеі адбываліся ў свеце падчас выхаду працы Шпенглера «Заняпад Еўропы»? Як вы лічыце, ці паўплывалі яны на погляды вучонага? 

Культуры, як жывыя арганізмы, маюць свой лёс і перажываюць стадыі зараджэння, росквіту, старасці і заняпаду. Цывілізацыя, на думку О. Шпенглера, — гэта заключная стадыя ў развіцці культуры, на якой адбываюцца яе выраджэнне, заняпад і «амярцвенне», яна ператвараецца ў «масавую культуру», знікаюць духоўнасць і творчасць. Грамадства дасягае вялікіх поспехаў у навуцы і тэхніцы, пераважаюць рацыяналізм і атэізм, а мастацтва, літаратура, духоўнае жыццё прыходзяць у заняпад.

icon-persona
Англійскі гісторык Арнольд Тойнбі ў сваёй 12-томнай працы «Спасціжэнне гісторыі» (1934—1961) пісаў, што гісторыя ўяўляе сабой сукупнасць параўнальна своеасаблівых і замкнёных цывілізацый. Цывілізацыя існуе ў пэўнай прасторы і часе, і аснову яе складае рэлігія, хоць параметры тэхналагічнага развіцця таксама маюць значэнне. 

У аснове тэорыі А. Тойнбі ляжыць ідэя ўзнікнення і развіцця цывілізацый як адказу на выклікі свайго часу. Выклікі пастаянна кідае народам прыроднае і сацыяльнае асяроддзе (змяненне клімату, землетрасенні ці паводкі, войны, пагрозы заваявання і да т. п.).

Стадыі ўзнікнення і росту цывілізацыі характарызуюцца тым, што творчая меншасць (эліта грамадства — прарокі, мысліцелі, палітыкі, жрацы, палкаводцы, архітэктары і інш.) паспяхова знаходзіць адказы на выклікі часу. Страта творчай меншасцю дадзенай здольнасці прыводзіць цывілізацыю да стадыі надлому і распаду. У гісторыі чалавецтва А. Тойнбі вылучаў 21 цывілізацыю і лічыў, што ў ХХ ст. засталіся існаваць толькі 10 цывілізацый.

icon-persona
Амерыканскі вучоны Сэмюэл Хантынгтан у працы «Сутыкненне цывілізацый і пераўтварэнне сусветнага парадку» (1996) разглядае цывілізацыю як шырокамаштабную культурную супольнасць, у якой магчыма вызначыць шэраг агульных рыс (мову, гісторыю, рэлігію, звычаі, інстытуты), а таксама адпаведную самаідэнтыфікацыю людзей. 

С. Хантынгтан следам за англійскім гісторыкам А. Тойнбі адводзіць рэлігійнаму пачатку галоўную ролю ў якасці крытэрыю прыналежнасці да той ці іншай цывілізацыі.

Цывілізацыі не падобныя па сваёй гісторыі, культуры, мове, традыцыях і, што самае важнае, рэлігіі. Людзі розных цывілізацый па-рознаму глядзяць на адносіны паміж Богам і чалавекам, індывідам і групай, грамадзянінам і дзяржавай, бацькамі і дзецьмі, мужам і жонкай, маюць розныя ўяўленні пра значнасць правоў і абавязкаў, свабоды і прымусу, роўнасці і іерархіі. Гэтыя адрозненні складваліся стагоддзямі. Яны не знікнуць у найбліжэйшай будучыні і могуць прывесці да небяспечных канфліктаў, сутыкненняў па лініі цывілізацыйных разломаў (зоны патэнцыяльных канфліктаў на мяжы цывілізацый з рознымі рэлігіямі, каштоўнасцямі і культурамі).

Асаблівасць цывілізацыйнага падыходу заключаецца ў тым, што ён разглядае цывілізацыі, якія суіснуюць адна з адной у кожны момант часу, а не ідуць паслядоўна адна за адной. Акрамя дадзенага палажэння, важнай рысай адзначанага падыходу з’яўляецца прызнанне таго, што працэсы, якія адбываліся ў адной цывілізацыі, не абавязкова павінны паўтарыцца ў іншых цывілізацыях.

Міланскі сабор
Вялікі Сфінкс
Лаакаон і яго сыны
Блакітная мячэць
Натараджа
Вароты Іштар
Храм Васіля Блажэннага
Тэракотавая армія
Чычан-Іца
icon-discussions
Якія выявы вы выбераце для ілюстрацыі класіфікацыі цывілізацый М. Данілеўскага, О. Шпенглера, А. Тойнбі? Чаму? Якія выявы можна выкарыстаць для ілюстрацыі канцэпцыі сутыкнення цывілізацый С. Хантынгтана? Абгрунтуйце сваё меркаванне. 

Станаўленне цывілізацыйнай ідэнтычнасці Беларусі адбывалася ў працэсе доўгага гістарычнага шляху беларускага народа ў пошуку адказаў на пытынні: «Хто мы такія? Адкуль прыйшлі? Куды ідзём?» Для таго каб адказаць на гэтыя пытанні, неабходна ведаць тое, што нас аб’ядноўвае: нашы каштоўнасці, традыцыі, гісторыю.

Як у сучаснасці праяўляюцца традыцыі продкаў?

icon-task
Вызначце, які традыцыйны арнамент актыўна выкарыстоўваецца ў сімволіцы розных устаноў і арганізацый (дзяржаўных і недзяржаўных, бізнесу і некамерцыйных структур) у Беларусі. Якія народныя і хрысціянскія каштоўнасці трансліруе дадзены арнамент? 

Цывілізацыйная ідэнтычнасць Беларусі фарміравалася пад уплывам розных фактараў. Геаграфічнае становішча Беларусі на перакрыжаванні еўрапейскіх дарог, клімат і ландшафт, асаблівасці этнакультурнага развіцця і станаўлення дзяржаўнасці, канфесійная разнастайнасць і мірнае суіснаванне розных рэлігій вызначаюць спецыфіку цывілізацыйнага існавання беларусаў.

icon-discussions

Якія прыметы можна вылучыць як унікальныя, характэрныя толькі для Беларусі? Ці згодны вы з ацэнкай цывілізацыйнай прыналежнасці Беларусі, якую выказаў беларускі філосаф Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі) у сваім эсэ «Адвечным шляхам» (1921):

«Ваганне паміж Захадам і Усходам і шчырая непрыхільнасць ні да аднаго, ні да другога з’яўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народу»?

Абгрунтуйце сваё меркаванне. 

Характэрныя рысы сучаснай цывілізацыі. Грамадства, якое існуе ў цяперашні час, называюць па-рознаму — сучасным грамадствам і сучаснай цывілізацыяй, постіндустрыяльным і інфармацыйным грамадствам. Ахарактарызаваць яго няпроста — у абліччы сучаснага свету прадстаўлена амаль ці не ўся гісторыя чалавецтва. Па сённяшні дзень існуюць плямёны, якія жывуць так, як жылі людзі ў раннія перыяды гісторыі. У той жа час ёсць значная група краін, якія знаходзяцца на найвышэйшым узроўні развіцця вытворчасці, сферы паслуг, сацыяльнай абароны чалавека. Развіццё сучаснага свету адбываецца вельмі нераўнамерна і супярэчліва, але адной з тэндэнцый з’яўляецца паступовае збліжэнне каштоўнасцей людзей.

icon-task
Карта каштоўнасцей WVS (гл. уступную інфаграфіку) паказвае, дзе знаходзяцца супольнасці ў вымярэннях «традыцыйных» і «свецка-рацыянальных» каштоўнасцей, а таксама каштоўнасцей «выжывання» і «самавыяўлення». Групы краін адлюстроўваюць іх агульныя каштоўнасці, а не геаграфічную блізкасць. Вызначце месца Беларусі на карце каштоўнасцей. Што вас здзівіла, засмуціла і ўзрадавала ў каштоўнасных перавагах беларусаў? 

Сучаснае чалавецтва — гэта разнастайнасць цывілізацый з характэрнымі для іх формамі культурнага, палітычнага, сацыяльнага жыцця, эканамічнымі ўкладамі. Узаемасувязь і ўзаемазалежнасць усіх краін свету на сучасным этапе настолькі высокая, што можна гаварыць пра сучасную цывілізацыю як пра асаблівую цэласнасць. Насычанасць і шматпланавасць гаспадарчых, палітычных, інфармацыйных сувязей сучаснага свету вядзе да размывання сацыяльна-культурных межаў лакальных цывілізацый.

Чалавецтва пад уплывам аб’ектыўных глабальных працэсаў рухаецца ад характэрнай для мінулага раз’яднанасці лакальных цывілізацый да больш цеснага цывілізацыйнага адзінства.

Нараджаецца шмат у чым адзіная сусветная цывілізацыя, бо фарміруецца новае, глабальнае тэхніка-эканамічнае і культурнае асяроддзе, ідзе працэс збліжэння, нават уніфікацыі інфармацыйнага, тэхналагічнага жыцця розных рэгіёнаў Зямлі — інфармацыйная цывілізацыя.

icon-questions

1. Чым адрозніваецца цывілізацыя як стадыя ў развіцці грамадства ад цывілізацыі як культурна-гістарычнага тыпу?

2. Запоўніце табліцу «Цывілізацыйны падыход да вывучэння грамадства».

Табліца «Цывілізацыйны падыход да вывучэння грамадства»

3. Дакажыце, што цывілізацыйны падыход да вывучэння грамадства дапускае шматварыянтнасць гістарычнага развіцця. 

icon-idea
Выканайце міні-праект «Зорка ідэнтычнасці». Выберыце з пералічаных характарыстык восем «праменяў», якія вы як асоба-«зорка» «выпраменьваеце» ў грамадства: імя, пол, узрост, раса, этнічная прыналежнасць, сямейная роля, адукацыя, мова, грамадзянства, праца/вучоба, веравызнанне, хобі. Чаму вы іх выбралі? Параўнайце свае «зоркі» з «зоркамі» сваіх бацькоў, аднакласнікаў, сяброў з розных краін. Чаго ў нас больш — падабенства ці адрозненняў? Што нас аб’ядноўвае? Стварыце плакат «Зоркі ідэнтычнасці».