Уводзіны

Як працаваць з вучэбным дапаможнікам?

Як і ў 10 класе, у дадзеным дапаможніку шырока выкарыстоўваюцца візуальныя матэрыялы, прапануюцца разнастайныя заданні на пошук і праверку інфармацыі з розных крыніц, абмеркаванне праблемных пытанняў, рашэнне практычных задач і жыццёвых сітуацый, выкананне міні-праектаў і даследаванняў.

Да кожнага з чатырох раздзелаў вучэбнага дапаможніка прапануецца ўступная схема, у якой адлюстраваны асноўныя пытанні да тэм, што вывучаюцца. Абавязковыя для засваення паняцці, якія першы раз тлумачацца ў тэксце параграфаў, вылучаны тлустым шрыфтам. Пасля кожнага параграфа прапануюцца пытанні і заданні для самакантролю, акрамя таго, у тэксце параграфа вы знойдзеце шмат пытанняў і заданняў на разуменне і інтэрпрэтацыю інфармацыі, якая ў ім змешчана. У канцы кожнага раздзела знаходзяцца матэрыялы для ўрокаў абагульнення, у якіх прадстаўлены пытанні і заданні для паўтарэння, сістэматызацыі і абагульнення ведаў па вывучаным матэрыяле раздзела і падрыхтоўкі да кантролю ведаў па ім. Таксама ў матэрыялах для ўрокаў абагульнення прапануюцца тэмы для эсэ.

У параграфах вучэбнага дапаможніка вы сустрэнеце розныя рубрыкі. Для актуалізацыі ведаў па тэме, што вывучаецца, у рубрыцы «Успамінаем вывучанае» прапануюцца пытанні не толькі па грамадазнаўстве, але і па гісторыі, геаграфіі, літаратуры і іншых вучэбных прадметах. У рубрыцы «Персона ў навуцы» звяртаецца ўвага на ідэі і працы вучоных, якія ўнеслі істотны ўклад у развіццё навук аб грамадстве: увялі новыя навуковыя паняцці, стварылі навуковыя тэорыі і школы. Матэрыялы дадзенай рубрыкі будуць карысныя пры рабоце з заданнямі ў параграфе, выбары тэмы для напісання эсэ, падрыхтоўцы паведамленняў. Выконваючы заданні рубрыкі «Пошук», вы навучыцеся шукаць і правяраць дакладнасць інфармацыі па тэме заняткаў са сродкаў масавай інфармацыі, этычна і бяспечна яе выкарыстоўваць. Рубрыка «Абмяркоўваем і дыскутуем» утрымлівае актуальныя дыскусійныя тэмы і праблемныя пытанні, а ў рубрыцы «Рашаем задачу, разбіраем сітуацыю» прапануюцца для разгляду вучэбныя і практычныя задачы, жыццёвыя сітуацыі. Для развіцця ўменняў праектавання і работы ў камандзе ў дапаможніку прапануюцца ідэі міні-праектаў, якія можна выконваць як у групах, так і індывідуальна.

У дапаможніку вы таксама сустрэнеце заданні з QR-кодамі, для якіх патрабуецца смартфон ці планшэт для адкрыцця спасылак і прагляду кантэнту. Звяртаем увагу, што пошукавыя заданні, работа з QR-кодамі і выкананне міні-праектаў з’яўляюцца заданнямі на выбар, якія робяць працэс навучання больш займальным і практыкаарыентаваным.

*Новае ў дадзеным артыкуле.

Вучэбны дапаможнік для вывучэння грамадазнаўства на павышаным узроўні суадносіцца са структурай і зместам вучэбнага дапаможніка для базавага ўзроўню. Да кожнага параграфа падручніка прапануюцца матэрыялы і заданні для работы на павышаным узроўні, якія можна выкарыстоўваць як для індывідуальнай, так і для групавой вучэбнай даследчай і праектнай дзейнасці.

Заданні для павышанага ўзроўню ўпарадкаваны па тых самых рубрыках, што і на базавым узроўні вывучэння вучэбнага прадмета, акрамя гэтага, да кожнага раздзела прапануюцца тэмы для эсэ. Для зручнасці работы матэрыялы згрупаваны не толькі па параграфах, але і па асноўных і неасноўных паняццях, якія неабходна засвоіць.

Дадаткова ў кожным раздзеле прапануюцца параграфы, у якіх асвятляюцца асноўныя пытанні станаўлення і сучаснага стану асноўных сацыяльна-гуманітарных навук: правазнаўства, футуралогіі, глабалістыкі, навук пра дзяржаўнае кіраванне, і прапануецца азнаямляльная інфармацыя аб адпаведнай прафесійнай дзейнасці.