Уводзіны
Устойлівае развіццё — ідэал прагрэсу ХХI стагоддзя
У 11 класе вы будзеце вывучаць сучасную цывілізацыю, асновы права, знешнюю і ўнутраную палітыку Рэспублікі Беларусь.
Сучаснае чалавецтва валодае вялікім аб’ёмам ведаў, гістарычным вопытам, уражальнымі тэхнічнымі дасягненнямі, але пры гэтым стаіць перад тварам шматлікіх глабальных праблем, ад вырашэння якіх залежыць не толькі прагрэс чалавецтва, але і яго выжыванне. Праблемы дэмаграфіі, голад і галеча, непісьменнасць, беспрацоўе, гонка ўзбраенняў, забруджванне навакольнага асяроддзя і змяншэнне прыродных рэсурсаў, супярэчнасці паміж багатымі і беднымі краінамі, тэрарызм...
У 2015 г. дзяржавы — члены ААН прынялі Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 г. Ён змяшчае 17 Мэт устойлівага развіцця, накіраваных на ліквідацыю галечы, захаванне рэсурсаў планеты і забеспячэнне дабрабыту для ўсіх. Мэты ўстойлівага развіцця — гэта стратэгія ўсяго чалавецтва, накіраваная на тое, каб будучаму пакаленню перадаць планету ў добрым стане і сфарміраваць умовы для развіцця грамадства, эканомікі і экалогіі.
Аптымістычна настроеныя мысліцелі ХХ ст. у вырашэнні глабальных праблем чалавечай цывілізацыі ўскладалі вялікія надзеі на інтэлект, навуку, тэхніку і тэхналогіі. Аднак, як паказала гісторыя, розум і веды самі па сабе не з’яўляюцца ні дабром, ні злом. Усё залежыць ад таго, якой мэце яны служаць. Толькі дзякуючы маральнай дабрачыннасці розум становіцца крыніцай дабра.
Усё больш сучасных мысліцеляў сыходзяцца ў меркаванні, што прадухіліць дэградацыю чалавецтва можна толькі дзякуючы яго маральнаму ўдасканаленню, пераадоленню эгаізму, эгацэнтрызму, спажывецкага стаўлення да прыроды. Чалавек, калі ён хоча своечасова і адэкватна рэагаваць на новыя выпрабаванні, павінен пастаянна паляпшаць свае разумовыя, фізічныя здольнасці і маральныя якасці.
Устойлівае развіццё сучаснай цывілізацыі немагчыма без узмацнення ўзаемаразумення паміж людзьмі. Калі чалавецтва сапраўды імкнецца вырашыць глабальныя праблемы, для гэтага неабходны пастаянны дыялог людзей розных культур, светапоглядаў, рэлігій, маральных традыцый.
Выступаючы ў 2015 г. на саміце ААН па ўстойлівым развіцці, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка адзначыў: «Толькі ўзаемаразуменне і адказнасць, усведамленне разнастайнасці сусветнага супольніцтва, аднаўленне даверу дапамогуць усім нам аб’яднацца, гарантаваць мір і бяспеку, знайсці эфектыўныя адказы на глабальныя выклікі і пагрозы».
Для таго каб такі сусветны парадак стаў рэальнасцю, неабходны намаганні не толькі прафесійных палітыкаў, але і мільёнаў радавых грамадзян, якія ўсведамляюць агульную адказнасць за лёс чалавецтва, за будучыню сваіх краін, народаў. Дзейнічаючы разрознена, гэтыя складаныя задачы не вырашыць.
Рэспубліка Беларусь прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы Парадку-2030 і ўзяла на сябе абавязацельствы па дасягненні Мэт устойлівага развіцця.
За гады суверэнітэту наша краіна дасягнула поспехаў у розных галінах. Яна з’яўляецца паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольніцтва, праводзячы шматвектарную міралюбную знешнюю палітыку. У краіне паспяхова развіваюцца традыцыйныя галіны эканомікі, такія як машынабудаванне, хімічная прамысловасць, сельская гаспадарка, і фарміруюцца новыя — атамная, біяхімічная, касмічная. Сёння на арбіце паспяхова працуюць беларускія спадарожнікі, у тым ліку створаныя студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Народ Беларусі можа ганарыцца дасягненнямі ў галіне навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту. Наша краіна стабільна займае высокія месцы ў рэйтынгу Індэкса чалавечага развіцця. Сёння Беларусь — сучасная краіна, дзе камфортна і бяспечна жыць.
Пры гэтым заўсёды трэба памятаць: нельга спыняцца ў сваім развіцці, будучыня не ўзнікне сама па сабе. Яе трэба будаваць нам, тут і зараз, у супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні з сусветным супольніцтвам. Адказнасць за лёс краіны ляжыць на кожным з нас.