Печатать книгуПечатать книгу

Уводзіны

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: Уводзіны
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 02:34

Устойлівае развіццё — ідэал прагрэсу ХХI стагоддзя

У 11 класе вы будзеце вывучаць сучасную цывілізацыю, асновы права, знешнюю і ўнутраную палітыку Рэспублікі Беларусь.

Сучаснае чалавецтва валодае вялікім аб’ёмам ведаў, гістарычным вопытам, уражальнымі тэхнічнымі дасягненнямі, але пры гэтым стаіць перад тварам шматлікіх глабальных праблем, ад вырашэння якіх залежыць не толькі прагрэс чалавецтва, але і яго выжыванне. Праблемы дэмаграфіі, голад і галеча, непісьменнасць, беспрацоўе, гонка ўзбраенняў, забруджванне навакольнага асяроддзя і змяншэнне прыродных рэсурсаў, супярэчнасці паміж багатымі і беднымі краінамі, тэрарызм...

У 2015 г. дзяржавы — члены ААН прынялі Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 г. Ён змяшчае 17 Мэт устойлівага развіцця, накіраваных на ліквідацыю галечы, захаванне рэсурсаў планеты і забеспячэнне дабрабыту для ўсіх. Мэты ўстойлівага развіцця — гэта стратэгія ўсяго чалавецтва, накіраваная на тое, каб будучаму пакаленню перадаць планету ў добрым стане і сфарміраваць умовы для развіцця грамадства, эканомікі і экалогіі.

Аптымістычна настроеныя мысліцелі ХХ ст. у вырашэнні глабальных праблем чалавечай цывілізацыі ўскладалі вялікія надзеі на інтэлект, навуку, тэхніку і тэхналогіі. Аднак, як паказала гісторыя, розум і веды самі па сабе не з’яўляюцца ні дабром, ні злом. Усё залежыць ад таго, якой мэце яны служаць. Толькі дзякуючы маральнай дабрачыннасці розум становіцца крыніцай дабра.

Усё больш сучасных мысліцеляў сыходзяцца ў меркаванні, што прадухіліць дэградацыю чалавецтва можна толькі дзякуючы яго маральнаму ўдасканаленню, пераадоленню эгаізму, эгацэнтрызму, спажывецкага стаўлення да прыроды. Чалавек, калі ён хоча своечасова і адэкватна рэагаваць на новыя выпрабаванні, павінен пастаянна паляпшаць свае разумовыя, фізічныя здольнасці і маральныя якасці.

Устойлівае развіццё сучаснай цывілізацыі немагчыма без узмацнення ўзаемаразумення паміж людзьмі. Калі чалавецтва сапраўды імкнецца вырашыць глабальныя праблемы, для гэтага неабходны пастаянны дыялог людзей розных культур, светапоглядаў, рэлігій, маральных традыцый.

Выступаючы ў 2015 г. на саміце ААН па ўстойлівым развіцці, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка адзначыў: «Толькі ўзаемаразуменне і адказнасць, усведамленне разнастайнасці сусветнага супольніцтва, аднаўленне даверу дапамогуць усім нам аб’яднацца, гарантаваць мір і бяспеку, знайсці эфектыўныя адказы на глабальныя выклікі і пагрозы».

Для таго каб такі сусветны парадак стаў рэальнасцю, неабходны намаганні не толькі прафесійных палітыкаў, але і мільёнаў радавых грамадзян, якія ўсведамляюць агульную адказнасць за лёс чалавецтва, за будучыню сваіх краін, народаў. Дзейнічаючы разрознена, гэтыя складаныя задачы не вырашыць.

Рэспубліка Беларусь прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы Парадку-2030 і ўзяла на сябе абавязацельствы па дасягненні Мэт устойлівага развіцця.

За гады суверэнітэту наша краіна дасягнула поспехаў у розных галінах. Яна з’яўляецца паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольніцтва, праводзячы шматвектарную міралюбную знешнюю палітыку. У краіне паспяхова развіваюцца традыцыйныя галіны эканомікі, такія як машынабудаванне, хімічная прамысловасць, сельская гаспадарка, і фарміруюцца новыя — атамная, біяхімічная, касмічная. Сёння на арбіце паспяхова працуюць беларускія спадарожнікі, у тым ліку створаныя студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Я. Дроздович. Панорама лунного города
Разгледзьце ў галерэі Язэпа Драздовіча фантастычныя пейзажы Месяца, Сатурна, Марса, якія былі створаны ў 30—40-я гг. ХХ ст. Якія ідэі геніяльнага беларускага мастака сёння сталі рэальнасцю? 

Народ Беларусі можа ганарыцца дасягненнямі ў галіне навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту. Наша краіна стабільна займае высокія месцы ў рэйтынгу Індэкса чалавечага развіцця. Сёння Беларусь — сучасная краіна, дзе камфортна і бяспечна жыць.

Пры гэтым заўсёды трэба памятаць: нельга спыняцца ў сваім развіцці, будучыня не ўзнікне сама па сабе. Яе трэба будаваць нам, тут і зараз, у супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні з сусветным супольніцтвам. Адказнасць за лёс краіны ляжыць на кожным з нас.

Як працаваць з вучэбным дапаможнікам?

Як і ў 10 класе, у дадзеным дапаможніку шырока выкарыстоўваюцца візуальныя матэрыялы, прапануюцца разнастайныя заданні на пошук і праверку інфармацыі з розных крыніц, абмеркаванне праблемных пытанняў, рашэнне практычных задач і жыццёвых сітуацый, выкананне міні-праектаў і даследаванняў.

Да кожнага з чатырох раздзелаў вучэбнага дапаможніка прапануецца ўступная схема, у якой адлюстраваны асноўныя пытанні да тэм, што вывучаюцца. Абавязковыя для засваення паняцці, якія першы раз тлумачацца ў тэксце параграфаў, вылучаны тлустым шрыфтам. Пасля кожнага параграфа прапануюцца пытанні і заданні для самакантролю, акрамя таго, у тэксце параграфа вы знойдзеце шмат пытанняў і заданняў на разуменне і інтэрпрэтацыю інфармацыі, якая ў ім змешчана. У канцы кожнага раздзела знаходзяцца матэрыялы для ўрокаў абагульнення, у якіх прадстаўлены пытанні і заданні для паўтарэння, сістэматызацыі і абагульнення ведаў па вывучаным матэрыяле раздзела і падрыхтоўкі да кантролю ведаў па ім. Таксама ў матэрыялах для ўрокаў абагульнення прапануюцца тэмы для эсэ.

У параграфах вучэбнага дапаможніка вы сустрэнеце розныя рубрыкі. Для актуалізацыі ведаў па тэме, што вывучаецца, у рубрыцы «Успамінаем вывучанае» прапануюцца пытанні не толькі па грамадазнаўстве, але і па гісторыі, геаграфіі, літаратуры і іншых вучэбных прадметах. У рубрыцы «Персона ў навуцы» звяртаецца ўвага на ідэі і працы вучоных, якія ўнеслі істотны ўклад у развіццё навук аб грамадстве: увялі новыя навуковыя паняцці, стварылі навуковыя тэорыі і школы. Матэрыялы дадзенай рубрыкі будуць карысныя пры рабоце з заданнямі ў параграфе, выбары тэмы для напісання эсэ, падрыхтоўцы паведамленняў. Выконваючы заданні рубрыкі «Пошук», вы навучыцеся шукаць і правяраць дакладнасць інфармацыі па тэме заняткаў са сродкаў масавай інфармацыі, этычна і бяспечна яе выкарыстоўваць. Рубрыка «Абмяркоўваем і дыскутуем» утрымлівае актуальныя дыскусійныя тэмы і праблемныя пытанні, а ў рубрыцы «Рашаем задачу, разбіраем сітуацыю» прапануюцца для разгляду вучэбныя і практычныя задачы, жыццёвыя сітуацыі. Для развіцця ўменняў праектавання і работы ў камандзе ў дапаможніку прапануюцца ідэі міні-праектаў, якія можна выконваць як у групах, так і індывідуальна.

У дапаможніку вы таксама сустрэнеце заданні з QR-кодамі, для якіх патрабуецца смартфон ці планшэт для адкрыцця спасылак і прагляду кантэнту. Звяртаем увагу, што пошукавыя заданні, работа з QR-кодамі і выкананне міні-праектаў з’яўляюцца заданнямі на выбар, якія робяць працэс навучання больш займальным і практыкаарыентаваным.

*Новае ў дадзеным артыкуле.

Вучэбны дапаможнік для вывучэння грамадазнаўства на павышаным узроўні суадносіцца са структурай і зместам вучэбнага дапаможніка для базавага ўзроўню. Да кожнага параграфа падручніка прапануюцца матэрыялы і заданні для работы на павышаным узроўні, якія можна выкарыстоўваць як для індывідуальнай, так і для групавой вучэбнай даследчай і праектнай дзейнасці.

Заданні для павышанага ўзроўню ўпарадкаваны па тых самых рубрыках, што і на базавым узроўні вывучэння вучэбнага прадмета, акрамя гэтага, да кожнага раздзела прапануюцца тэмы для эсэ. Для зручнасці работы матэрыялы згрупаваны не толькі па параграфах, але і па асноўных і неасноўных паняццях, якія неабходна засвоіць.

Дадаткова ў кожным раздзеле прапануюцца параграфы, у якіх асвятляюцца асноўныя пытанні станаўлення і сучаснага стану асноўных сацыяльна-гуманітарных навук: правазнаўства, футуралогіі, глабалістыкі, навук пра дзяржаўнае кіраванне, і прапануецца азнаямляльная інфармацыя аб адпаведнай прафесійнай дзейнасці.