§ 27. РАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПРЫРОДАКАРЫСТАННЕ

Прыродныя рэсурсы як аснова жыццядзейнасці чалавека і грамадства. Сучасны этап развіцця сусветнай гаспадаркі характарызуецца пастаянна ўзрастаючымі маштабамі спажывання прыродных рэсурсаў.

Прыродныя рэсурсы — частка ўсёй сукупнасці прыродных умоў і найважнейшых кампанентаў прыроднага асяроддзя, якія выкарыстоўваюцца альбо могуць быць выкарыстаны для задавальнення разнастайных патрэб грамадства, падтрымання ўмоў існавання і павышэння якасці жыцця чалавецтва. Разам з паняццем «прыродныя рэсурсы» часта ўжываюць паняцце «прыродныя ўмовы». Прыродныя ўмовы — гэта элементы геаграфічнай абалонкі, якія толькі ўплываюць на жыццядзейнасць чалавека. Адрозненні паміж прыроднымі ўмовамі і рэсурсамі адносныя. Прыродныя ўмовы могуць пераходзіць у рэсурсы. Чалавек ператварае разбуральныя сілы прыроды ў натуральныя прадукцыйныя сілы, напрыклад выкарыстоўваючы энергію хваль ці ветру для атрымання электрычнасці. У пэўных умовах сама тэрыторыя Зямлі разглядаецца як рэсурс для рассялення людзей і развіцця гаспадаркі.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму размяшчэнне прыродных рэсурсаў аднозніваецца па рэгіёнах зямнога шару?

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце рэгіёны з высокім і нізкім узроўнямі забеспячэння прыроднымі рэсурсамі.

Пры вызначэнні прыродна-рэсурсных запасаў вылучаюць некалькі іх катэгорый па ступені вывучанасці, тэхнічнай і эканамічнай даступнасці. Даступныя, або рэальныя, запасы — гэта аб’ёмы прыроднага рэсурсу, выяўленыя сучаснымі метадамі разведкі або абследавання, тэхнічна даступныя і эканамічна рэнтабельныя для асваення.

Прыродныя рэсурсы з’яўляюцца важнай часткай нацыянальнага багацця краіны і крыніцай стварэння матэрыяльных выгод і паслуг. Яны шмат у чым прадвызначаюць сацыяльна-эканамічны патэнцыял краіны і рэгіёна, эфектыўнасць грамадскай вытворчасці, здароўе і працягласць жыцця насельніцтва.

iconСвет і Беларусь. Якімі прыроднымі рэсурсамі багатая Беларусь? Прывядзіце прыклады.

Прыродныя рэсурсы могуць быць класіфікаваныя па паходжанні, прыкмеце вычарпальнасці, віду гаспадарчай дзейнасці, характары выкарыстання ў гаспадарчай дзейнасці і інш. (мал.198-1).

img
Мал.198-1. Класіфікацыі прыродных рэсурсаў па прыкмеце вычарпальнасці і характары выкарыстання ў гаспадарчай дзейнасці

iconКлуб знаўцаў-географаў. Вычарпальныя рэсурсы ўтвараюцца ў геаграфічнай абалонцы. Аб’ём і хуткасць іх фарміравання вымяраюцца па геалагічнай шкале часу. У той жа час патрэбнасці ў такіх рэсурсах для вытворчасці і стварэння спрыяльных умоў жыццядзейнасці чалавека значна перавышаюць аб’ём і хуткасць іх натуральнага папаўнення (карысныя выкапні, зямельныя рэсурсы і інш.). Да невычарпальных рэсурсаў адносяцца кліматычныя і водныя.

Межы эксплуатацыі прыродных рэсурсаў вызначаюцца ступенню іх вычарпання і эканамічнай рэнтабельнасцю выкарыстання.