§ 27. РАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПРЫРОДАКАРЫСТАННЕ


Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 11 клас |
Книга: | § 27. РАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПРЫРОДАКАРЫСТАННЕ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 27 Апрель 2025, 01:20 |
Гісторыя ўзаемадзеяння чалавека і прыроды. У дадзенай гісторыі ўзаемадзеяння можна вылучыць пяць перыядаў, розных па часе і ўзроўні ўплыву людзей на навакольнае асяроддзе.
Першы перыяд ахоплівае эру найбольш прымітыўнай культуры каменнага веку і першабытнаабшчыннага ладу жыцця. Параўнальна нешматлікія чалавечыя плямёны былі ў тую пару размеркаваныя па ўсёй тэрыторыі Зямлі. Іх уздзеянне на прыроду ў асноўным абмяжоўвалася рыбалоўствам, паляваннем на дзікіх жывёл і выкарыстаннем асобных горных парод для вырабу прылад працы і абароны.
Другому перыяду адпавядае час з пачатку землекарыстання (VIII–VII стст. да н. э.) да станаўлення прамысловай вытворчасці (XV ст. н. э.). Гэта перыяд рабаўладальніцкага і феадальнага грамадства, актыўнага развіцця жывёлагадоўлі, земляробства і мараходства. Дзейнасць чалавека ў гэты час прывяла да скарачэння плошчы лясных масіваў, актывізацыі эразійных працэсаў, пашырэння марскога промыслу і іншых незваротных неспрыяльных змен навакольнага асяроддзя. Выкарыстанне прыродных рэсурсаў абумовіла неабходнасць пазнання законаў прыроды і паскорыла развіццё навук — астраноміі, медыцыны, матэматыкі, прыродазнаўства. З практычнага вопыту пазнання прыродных законаў сфарміраваліся першыя прыродаахоўныя палажэнні, законы і традыцыі.
Трэці перыяд ахоплівае час з XVI па канец XIX ст. Гэта эпоха станаўлення і развіцця капіталізму, паступовай канцэнтрацыі прадукцыйных сіл, развіцця прыватнага прадпрымальніцтва, пастаянных захопніцкіх войнаў, якія прывялі да падзелу свету. У сувязі з пашырэннем і ўдасканаленнем вытворчасці ў капіталістычных краінах пачалася інтэнсіўная ўрбанізацыя. Усе гэтыя працэсы прывялі да парушэння прыродных ландшафтаў у прамысловых раёнах, зніжэння ўрадлівасці зямель на значнай тэрыторыі.
Чацвёрты перыяд узаемадзеяння чалавека з прыродай адпавядае эпосе імперыялізму і сацыяльных рэвалюцый (канец ХІХ–XX ст.). У гэты перыяд канцэнтрацыя вытворчасці, арганізацыя буйных прамысловых аб’яднанняў пашырылі ўплыў гаспадарчай дзейнасці чалавека на прыроду. Ён набыў рэгіянальны, а затым глабальны характар. Узнікла сітуацыя, пры якой імклівае змяненне прыроды чалавекам стала перашкодай для далейшага развіцця вытворчасці. З’явілася рэальная небяспека вычарпання не толькі неаднаўляльных, але і аднаўляльных прыродных рэсурсаў.

Клуб знаўцаў-географаў. Стварэнне магутных цеплавых электрастанцый (мал. 197) спрыяла ўзнікненню цалкам новага — цеплавога — забруджвання гідрасферы і атмасферы. Развіццё транспарту і рознага роду радыётэхнічных прылад прывяло да з’яўлення ачагоў шуму і павышэнню яго агульнага ўзроўню, які часта перавышае дапушчальныя для чалавека нормы.
Забруджванне і небяспека вычарпання прыродных рэсурсаў прыцягнулі ўвагу многіх навукоўцаў да праблемы захавання навакольнага асяроддзя. Экалагічны рух у канцы ХХ ст. у многіх краінах свету набыў масавы характар. Ахова навакольнага асяроддзя становіцца самастойнай галіной навуковых даследаванняў, тэхнічных і праектных распрацовак, прамысловага бізнесу і нават напрамкам палітыкі.
Пяты перыяд узаемадзеяння чалавека з прыродай адпавядае сучаснаму этапу развіцця грамадства. Гэта эпоха навукова-гуманітарнай рэвалюцыі. Перад чалавецтвам востра паўстала задача разумнага, рацыянальнага прыродакарыстання, якое дазволіць задавальняць жыццёвыя патрэбы людзей у спалучэнні з аховай і ўзнаўленнем навакольнага асяроддзя.
Паразважаем. Які перыяд узаемадзеяння чалавека і прыроды характарызуецца яе найбольшымі зменамі?
Прыродакарыстанне і яго асноўныя тыпы. Сучасны этап развіцця сусветнай гаспадаркі адрозніваецца ўскладненнем узаемадзеяння прыроды і грамадства. Узрастаюць маштабы спажывання прыродных рэсурсаў. Узмацняецца і пашыраецца тэхнагеннае ўздзеянне на прыроду. У сувязі з гэтым вялікае значэнне набывае праблема рацыянальнага прыродакарыстання. Недаўлік або ігнараванне прынцыпаў навукова абгрунтаванага прыродакарыстання прыводзіць да шматлікіх крызісных з’яў у прыродзе і гаспадарцы. Яны характэрны для многіх рэгіёнаў свету.
Прыродакарыстанне — сукупнасць усіх форм эксплуатацыі прыродна-рэсурснага патэнцыялу для задавальнення матэрыяльных і культурных патрэб чалавека і мер па захаванні гэтага патэнцыялу.
Прыродакарыстанне бывае двух тыпаў (мал. 198).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце раёны з парушэннем прыроднага асяроддзя, выкліканым гаспадарчай дзейнасцю чалавека.
Галоўным аб’ектам прыродакарыстання з’яўляюцца прыродныя рэсурсы, якія падлягаюць рацыянальнай эксплуатацыі ў інтарэсах цяперашняга і будучых пакаленняў людзей.
Прыродныя рэсурсы як аснова жыццядзейнасці чалавека і грамадства. Сучасны этап развіцця сусветнай гаспадаркі характарызуецца пастаянна ўзрастаючымі маштабамі спажывання прыродных рэсурсаў.
Прыродныя рэсурсы — частка ўсёй сукупнасці прыродных умоў і найважнейшых кампанентаў прыроднага асяроддзя, якія выкарыстоўваюцца альбо могуць быць выкарыстаны для задавальнення разнастайных патрэб грамадства, падтрымання ўмоў існавання і павышэння якасці жыцця чалавецтва. Разам з паняццем «прыродныя рэсурсы» часта ўжываюць паняцце «прыродныя ўмовы». Прыродныя ўмовы — гэта элементы геаграфічнай абалонкі, якія толькі ўплываюць на жыццядзейнасць чалавека. Адрозненні паміж прыроднымі ўмовамі і рэсурсамі адносныя. Прыродныя ўмовы могуць пераходзіць у рэсурсы. Чалавек ператварае разбуральныя сілы прыроды ў натуральныя прадукцыйныя сілы, напрыклад выкарыстоўваючы энергію хваль ці ветру для атрымання электрычнасці. У пэўных умовах сама тэрыторыя Зямлі разглядаецца як рэсурс для рассялення людзей і развіцця гаспадаркі.
У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму размяшчэнне прыродных рэсурсаў аднозніваецца па рэгіёнах зямнога шару?
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце рэгіёны з высокім і нізкім узроўнямі забеспячэння прыроднымі рэсурсамі.
Пры вызначэнні прыродна-рэсурсных запасаў вылучаюць некалькі іх катэгорый па ступені вывучанасці, тэхнічнай і эканамічнай даступнасці. Даступныя, або рэальныя, запасы — гэта аб’ёмы прыроднага рэсурсу, выяўленыя сучаснымі метадамі разведкі або абследавання, тэхнічна даступныя і эканамічна рэнтабельныя для асваення.
Прыродныя рэсурсы з’яўляюцца важнай часткай нацыянальнага багацця краіны і крыніцай стварэння матэрыяльных выгод і паслуг. Яны шмат у чым прадвызначаюць сацыяльна-эканамічны патэнцыял краіны і рэгіёна, эфектыўнасць грамадскай вытворчасці, здароўе і працягласць жыцця насельніцтва.
Свет і Беларусь. Якімі прыроднымі рэсурсамі багатая Беларусь? Прывядзіце прыклады.
Прыродныя рэсурсы могуць быць класіфікаваныя па паходжанні, прыкмеце вычарпальнасці, віду гаспадарчай дзейнасці, характары выкарыстання ў гаспадарчай дзейнасці і інш. (мал.198-1).

Клуб знаўцаў-географаў. Вычарпальныя рэсурсы ўтвараюцца ў геаграфічнай абалонцы. Аб’ём і хуткасць іх фарміравання вымяраюцца па геалагічнай шкале часу. У той жа час патрэбнасці ў такіх рэсурсах для вытворчасці і стварэння спрыяльных умоў жыццядзейнасці чалавека значна перавышаюць аб’ём і хуткасць іх натуральнага папаўнення (карысныя выкапні, зямельныя рэсурсы і інш.). Да невычарпальных рэсурсаў адносяцца кліматычныя і водныя.
Межы эксплуатацыі прыродных рэсурсаў вызначаюцца ступенню іх вычарпання і эканамічнай рэнтабельнасцю выкарыстання.
Геаэкалагічныя прынцыпы, правілы, законы прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя. Асноўныя прынцыпы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў (мал. 199) можна дапоўніць законамі і правіламі рацыянальнага прыродакарыстання.

Закон скарачэння прыродных рэсурсаў. Глабальны зыходны прыродна-рэсурсны патэнцыял у ходзе гістарычнага развіцця бесперапынна вычэрпваецца. Гэта патрабуе ад чалавецтва навукова-тэхнічнага ўдасканалення гаспадарчай дзейнасці, накіраванай на больш рацыянальнае выкарыстанне прыродна-рэсурснага патэнцыялу.
У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму глабальны зыходны прыродна-рэсурсны патэнцыял у ходзе гістарычнага развіцця бесперапынна вычэрпваецца?
Закон незваротнасці ўзаемадзеяння чалавека і прыродных рэсурсаў. Аднаўляльныя прыродныя рэсурсы становяцца неаднаўляльнымі ў выпадку іх нерацыянальнай эксплуатацыі і значнай змены навакольнага асяроддзя.
Клуб знаўцаў-географаў. Лес з’яўляецца адным з відаў аднаўляльных прыродных рэсурсаў. Але высечка лесу без дастатковай высадкі новых дрэў або кіслотныя ападкі прыводзяць да абязлесення тэрыторыі. Месца лясных масіваў займаюць зямельныя ўгоддзі без драўнянага покрыва: палі, пашы, лугі і інш. Аналіз здымкаў са спадарожніка паказвае, што з пачатку ХХІ ст. плошча лясных масіваў у свеце скарацілася на 1,4 млн км2.
Правіла інтэгральнага рэсурсу. Галіны гаспадаркі, якія канкурыруюць у сферы выкарыстання канкрэтных прыродных рэсурсаў, немінуча наносяць шкоду адна адной. Чым больш яны змяняюць рэсурс, які сумесна эксплуатуюць, тым большы эканамічны ўрон.
Клуб знаўцаў-географаў. Павелічэнне аб’ёму выкарыстання водных рэсурсаў для прамысловых, сельскагаспадарчых і жыллёва-камунальных мэт прыводзіць да іх вычарпання і пагаршэння якасці. Попыт на ваду павялічваецца, вада становіцца даражэйшай, узрастаюць выдаткі на яе транспарціроўку, ачыстку і г. д.
Правіла рацыянальнага кіравання прыродай прадугледжвае выкарыстанне яе аб’ектыўных законаў, аднаўленне або павышэнне якасці прыроднага асяроддзя шляхам мэтанакіраванага цыкла мерапрыемстваў. Акрамя таго, яно дазваляе аптымізаваць прыродныя працэсы ў напрамку, спрыяльным для чалавека і яго гаспадарчай дзейнасці.
Правіла меры пераўтварэння прыроднага асяроддзя. Неабходна прытрымлівацца такога ўзроўню эксплуатацыі прыроднага асяроддзя, пры якім захоўваецца магчымасць яго натуральнага ўзнаўлення і самарэгуляцыі.
Клуб знаўцаў-географаў. Прыкладам празмернай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў з’яўляецца кітовы промысел. Перапромысел прывёў да заняпаду кітабойнай здабычы ў Паўночнай Атлантыцы ў канцы XVIII ст., а ў паўночнай частцы Ціхага акіяна — у сярэдзіне XIX ст. (мал. 200). Сітуацыя яшчэ больш пагоршылася пасля 1868 г., калі нарвежац Свен Фойн вынайшаў гарпунную пушку, а парусныя судны змяніліся параходамі. З тых часоў вылаўлена каля 2 млн кітоў. Рэкорд здабычы быў устаноўлены ў 1962 г. і склаў 66 тыс. кітоў, што перавысіла іх узнаўленне, прывяло да рэзкага скарачэння кітовага статка і зрабіла іх здабычу нерэнтабельнай.

Правіла сацыяльна-экалагічнай раўнавагі. Грамадства развіваецца да таго часу, пакуль захоўвае раўнавагу паміж сваім ціскам на навакольнае асяроддзе і яго здольнасцю да натуральнага і штучнага аднаўлення.
Чалавек у значнай ступені пераўтварыў Зямлю ў выніку сваёй гаспадарчай дзейнасці. Уздзеянне грамадства на навакольнае асяроддзе працягвае ўзмацняцца. Гэта можа прывесці да незваротных змен, геаэкалагічнай катастрофы і нават гібелі чалавецтва.
Асноўныя прынцыпы, законы і правілы рацыянальнага прыродакарыстання цесна звязаны з аналагічнымі палажэннямі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.
Ахова навакольнага асяроддзя — комплекс мер, прызначаных для абмежавання адмоўнага ўплыву дзейнасці чалавека на прыроду.
Разгледзім некаторыя законы і прынцыпы ўзаемаадносін чалавека і прыроды.
Закон незаменнасці геаграфічнай абалонкі. Ніякае створанае чалавекам штучнае навакольнае асяроддзе не зможа забяспечыць стабільны стан геаграфічнай абалонкі лепш, чым існуючае прыроднае асяроддзе.
Скарачэнне прыроднай разнастайнасці ў аб’ёме, які перавышае гранічнае значэнне, пазбаўляе ўстойлівасці прыроднае асяроддзе. Яго немагчыма аднавіць за кошт стварэння ачышчальных збудаванняў і пераходу да безадходнай вытворчасці. Геаграфічная абалонка ўяўляе сабой адзіную сістэму. Яна забяспечвае ўстойлівасць асяроддзя пражывання чалавека пры любых прыродных і антрапагенных зменах на Зямлі. Неабходна захаваць натуральную прыроду на большай частцы паверхні планеты, а не на невялікіх па плошчы асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях.
Свет і Беларусь. Беларусь называюць «лёгкімі» Еўропы. Балоты рэспублікі займаюць плошчу 1,7 млн га і ачышчаюць атмасферу гэтак жа эфектыўна, як здольны яе ачысціць 20 млн га лесу. У адрозненне ад большасці заходнееўрапейскіх дзяржаў у нашай краіне захаваліся натуральна аднаўляльныя балотныя масівы: 1348 балот агульнай плошчай каля 863 тыс. га (34 % ад першапачатковай плошчы). Беларускія балоты знаходзяцца пад аховай ААН. У рамках шэрагу міжнародных праектаў рэалізуюцца мерапрыемствы па іх захаванні і ўстойлівым выкарыстанні.
Закон зваротнай сувязі ўзаемадзеяння чалавека і геаграфічнай абалонкі. Змяненне ўзаемадзеяння паміж прыродай і чалавекам прыводзіць да перамен у прыродзе і формах гаспадаркі. Формы гаспадаркі змяняюцца з прычыны змянення прыроды. У сваю чаргу, змяненне гаспадарчай дзейнасці абумоўлівае перамены ў прыродзе.
Закон наасферы У. І. Вярнадскага. Біясфера непазбежна ператворыцца ў наасферу, дзе розум чалавека будзе іграць дамінуючую ролю ў развіцці чалавецтва і вырашэнні праблем узаемадзеяння чалавека і прыроды.
Многія лічаць, што з развіццём цывілізацыі ўзрастае роля чалавека ў рэгуляванні і кіраванні працэсамі натуральнага развіцця біясферы. Але кіраваць людзі павінны не прыродай, а перш за ўсё сваёй дзейнасцю. Фарміраванне наасферы магчыма толькі на аснове захавання прыроднага асяроддзя пражывання чалавека.
Эколаг Пол Эрліх прапанаваў у дадатак да фундаментальных законаў прыроды некалькі прынцыпаў яе аховы (мал. 201).

Падвядзём вынікі. Сучасны этап развіцця сусветнай гаспадаркі адрозніваецца ўскладненнем узаемадзеяння … і … . Выкарыстанне прыродных рэсурсаў з улікам іх магчымага ўзнаўлення і захавання навакольнага асяроддзя ляжыць у аснове … прыродакарыстання. Закон незаменнасці геаграфічнай абалонкі: ніякае створанае чалавекам штучнае асяроддзе не зможа забяспечыць … стан геаграфічнай абалонкі лепш, чым існуючае … асяроддзе.
Праверым свае веды. 1. У чым заключаецца галоўнае адрозненне этапаў узаемадзеяння чалавека і прыроды? 2. Што і чаму з’яўляецца галоўным аб’ектам прыродакарыстання? 3. Чаму неабходна выконваць правіла меры пераўтварэння прыроднага асяроддзя?
Ад простага да складанага. 1. Якое значэнне мае вывучэнне заканамернасцей узаемаадносін чалавека і прыроды? 2. У чым заключаецца адрозненне асноўных тыпаў прыродакарыстання? 3. У чым сутнасць і значэнне закона наасферы У. І. Вярнадскага?
Ад тэорыі да практыкі. 1. Якімі крытэрыямі вызначаюцца межы выкарыстання прыродных рэсурсаў? Прывядзіце канкрэтныя прыклады. 2. Як выкарыстоўваюцца прыродныя рэсурсы ў вашай мясцовасці? Прывядзіце канкрэтныя прыклады.