§ 25-1. ПРАБЛЕМА ГАНДЛЮ ЛЮДЗЬМІ

Міжнародныя факты аб праблеме гандлю людзьмі. Гандаль людзьмі закранае практычна ўсе краіны і рэгіёны свету. Па розных ацэнках, ахвярамі сучаснага рабства з’яўляюцца каля 25 млн людзей ва ўсім свеце.

Найбольшая колькасць ахвяр — жанчыны і дзяўчынкі. Па даных ААН, 70 % ідэнтыфікаваных ахвяр — асобы жаночага полу, а 28 % — мужчыны і хлопчыкі. Пры гэтым расце колькасць пацярпелых дзяцей — яна ацэньваецца прыкладна ў 5,5 млн чал. (мал. 189-5).

img
Мал. 189-5. Структура насельніцтва свету, якое прызнана ахвярамі гандлю людзьмі, 2017 г., %

У свеце назіраецца рост колькасці ахвяр гандлю людзьмі ў разліку на адну краіну. Так, калі ў 2003 г. гэта былі 196 чал., то ў цяперашні час — 254 чал. (мал. 189-6).

img
Мал. 189-6. Дынаміка агульнай колькасці ахвяр гандлю людзьмі ў свеце (вось злева, тыс. чал.) і сярэдняй колькасці ахвяр на адну краіну (вось справа, чал. на адну краіну)

Найбольш распаўсюджанымі формамі гандлю людзьмі ў свеце выступаюць сексуальная і працоўная эксплуатацыя. На іх долю прыходзіцца 53 і 40 % адпаведна (мал. 189-7).

img
Мал. 189-7. Структура форм гандлю людзьмі ў свеце, 2016 г., %

У той жа час паміж рэгіёнамі ёсць адрозненні. Сексуальная эксплуатацыя як пераважная форма найбольш прадстаўлена ў Амерыцы, Усходняй Азіі і Акіяніі, Заходняй, Паўднёвай Еўропе і краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Працоўная эксплуатацыя найбольш характэрна для краін Афрыкі, Сярэдняга Усходу, Паўднёвай Азіі, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі (мал. 189-8).

img
Мал. 189-8. Формы гандлю людзьмі па рэгіёнах свету, 2016 г.

Гандаль людзьмі з мэтай вымання органаў атрымаў распаўсюджанне ў Афрыцы, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропе, а таксама ў краінах Усходняй Еўропы.

У структуры патокаў найбольшую долю займаюць перамяшчэнні ахвяр гандлю людзьмі ў межах дзяржаў — 58 %. Гандаль у межах свайго субрэгіёна складае 28 %. На перамяшчэнні ў межах рэгіёна прыпадае 5 % патоку. Астатняя частка прыпадае на перамяшчэнні з суседніх рэгіёнаў.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце аб’екты Нявольніцкі бераг, Нявольніцкае возера. Растлумачце паходжанне дадзеных тапонімаў.

У Еўропе самым высокім узроўнем гандлю людзьмі вылучаюцца шэсць краін. Балгарыя з’яўляецца самай праблемнай краінай з пункту гледжання гандлю людзьмі. Тут у апошні час назіраецца рост аб’ёмаў гандлю з мэтай прымусовай працы. Дзеці і дарослыя-інваліды выкрадаюцца для таго, каб прасіць міласціну. Цыганскія дзяўчынкі часта становяцца ахвярамі выкраданняў з мэтай сексуальнай эксплуатацыі.

У Латвіі дзяўчынкі і жанчыны выкарыстоўваюцца для сексуальнай эксплуатацыі як у самой краіне, так і за мяжой. Латвійскія жанчыны пры дапамозе пасярэдніцтва часта ўступаюць у шлюб у краінах Заходняй Еўропы, дзе становяцца ахвярамі прымусовай працы, сексуальнай эксплуатацыі, а таксама вымушаны выконваць працу прыслугі (мал. 189-9).

img
Мал. 189-9. Гандаль жанчынамі і дзяўчынкамі — адзін з найбольш распаўсюджаных відаў гандлю людзьмі ў свеце

Украіна таксама адносіцца да гэтай групы краін. Тут больш людзей уцягнуты ў прымусовую працу, а не сексуальную эксплуатацыю.

Малдова лічыцца крыніцай, а таксама месцам прызначэння ахвяр гандлю людзьмі, якія выкарыстоўваюцца як для прымусовай працы (40 %), так і для сексуальнай эксплуатацыі.

У Расіі самым праблемным застаецца пытанне прымусовай працы. Каля 1,5 млн нелегальных мігрантаў працуюць ва ўмовах эксплуатацыі.

У Беларусі, па афіцыйных даных за 2002–2018 гг., ахвярамі гандлю людзьмі сталі 5605 чалавек. З іх каля 90 % падвергліся сексуальнай эксплуатацыі; больш за 12 % — працоўнай; астатнія — выманню органаў. Краіны, у якія часцей за ўсё вывозяць грамадзян Беларусі: Расія, Турцыя, Украіна, Малдова, Польшча, ААЭ.

Для ацэнкі стану праблемы гандлю людзьмі распрацаваны Глабальны індэкс рабства (Global Slavery Index). Па даных за 2017 г., краінамі з самай высокай доляй насельніцтва ў сучасным рабстве з’яўляюцца КНДР, Эрытрэя, Бурундзі, ЦАР і Афганістан.