§ 25-1. ПРАБЛЕМА ГАНДЛЮ ЛЮДЗЬМІ


Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 11 клас |
Книга: | § 25-1. ПРАБЛЕМА ГАНДЛЮ ЛЮДЗЬМІ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 27 Апрель 2025, 02:34 |
Сутнасць, прычыны і формы праяўлення праблемы гандлю людзьмі. Гандаль людзьмі — гэта глабальная праблема, якая закранае жыцці мільёнаў людзей практычна ў любой краіне свету і пазбаўляе іх чалавечай годнасці. Гэтая праблема мае глыбокія гістарычныя карані.
Клуб знаўцаў-географаў. З адкрыццём новых зямель у Заходнім паўшар’і еўрапейскім каланізатарам спатрэбіліся працоўныя рэсурсы для іх асваення. Іх крыніцай сталі землі Заходняй Афрыкі і басейна Конга, дзе падчас этнічных канфліктаў ці мэтанакіраванага выкрадання многія людзі станавіліся рабамі (мал.189-1). Еўрапейскія караблі, гружаныя таварамі, накіроўваліся да афрыканскіх берагоў, дзе абменьвалі груз на «жывы тавар», з якім плылі праз Атлантычны акіян у Новы свет. Тут рабы прадаваліся, а ў Еўропу вывозілася прадукцыя, вырабленая іх працай: тытунь, цукар, бавоўна, кава і ром. Гэты трохвугольны маршрут атрымаў назву «трохвугольнік гандлю людзьмі».

Гандаль людзьмі, або трафікінг, як глабальная праблема чалавецтва ўяўляе сабой сучасную форму рабства, парушэнне правоў чалавека, з’яўляецца злачынствам як супраць асобы, так і супраць дзяржавы.
Рухаючымі сіламі гандлю людзьмі з’яўляюцца гендарная няроўнасць, адсутнасць роўных магчымасцей, эканамічная няроўнасць як унутры дзяржаў, так і паміж імі, карупцыя судовай і праваахоўнай сістэм, грамадзянская нестабільнасць і невыкананне дзяржавамі сваіх функцый па абароне і забеспячэнні сваіх грамадзян.
Вылучаюць сем асноўных прычын гандлю людзьмі (мал.189-2) і шэсць тыповых сфер эксплуатацыі ахвяр гандлю людзьмі (мал. 189-3).


Гандаль людзьмі з’яўляецца праблемай глабальнага маштабу. Часта ён уяўляе сабой транснацыянальнае злачынства, аналагічнае па сваім характары міжнароднаму гандлю наркотыкамі і незаконнаму абароту зброі.
Гандаль людзьмі не заўсёды прадугледжвае перасячэнне міжнароднай мяжы. Ён можа адбывацца і ўнутры дзяржавы. Ахвярамі гандлю людзьмі становяцца не толькі замежныя грамадзяне, напрыклад працоўныя-мігранты, але і грамадзяне краіны прызначэння.
Хаця самай вядомай формай гандлю людзьмі з’яўляецца сексуальная эксплуатацыя, сотні тысяч ахвяр становяцца таксама аб’ектамі гандлю для прымусовай працы, паднявольнай працы ў якасці хатняй прыслугі, дзіцячага жабрацтва або вымання органаў (мал. 189-4).

Па прыбытковасці гандаль людзьмі займае трэцяе месца пасля гандлю зброяй і наркотыкамі сярод арганізаванай злачыннасці. Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці лічыць, што гандаль людзьмі штогод прыносіць арганізаваным злачынным групоўкам каля 32 млрд дол. ЗША.
Свет і Беларусь. Як Рэспубліка Беларусь праводзіць барацьбу па процідзеянні гандлю людзьмі на міжнароднай арэне? Як сацыяльная рэклама ў нашай краіне дапамагае рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб процідзеянні гандлю людзьмі»?
Міжнародныя факты аб праблеме гандлю людзьмі. Гандаль людзьмі закранае практычна ўсе краіны і рэгіёны свету. Па розных ацэнках, ахвярамі сучаснага рабства з’яўляюцца каля 25 млн людзей ва ўсім свеце.
Найбольшая колькасць ахвяр — жанчыны і дзяўчынкі. Па даных ААН, 70 % ідэнтыфікаваных ахвяр — асобы жаночага полу, а 28 % — мужчыны і хлопчыкі. Пры гэтым расце колькасць пацярпелых дзяцей — яна ацэньваецца прыкладна ў 5,5 млн чал. (мал. 189-5).

У свеце назіраецца рост колькасці ахвяр гандлю людзьмі ў разліку на адну краіну. Так, калі ў 2003 г. гэта былі 196 чал., то ў цяперашні час — 254 чал. (мал. 189-6).

Найбольш распаўсюджанымі формамі гандлю людзьмі ў свеце выступаюць сексуальная і працоўная эксплуатацыя. На іх долю прыходзіцца 53 і 40 % адпаведна (мал. 189-7).

У той жа час паміж рэгіёнамі ёсць адрозненні. Сексуальная эксплуатацыя як пераважная форма найбольш прадстаўлена ў Амерыцы, Усходняй Азіі і Акіяніі, Заходняй, Паўднёвай Еўропе і краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Працоўная эксплуатацыя найбольш характэрна для краін Афрыкі, Сярэдняга Усходу, Паўднёвай Азіі, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі (мал. 189-8).

Гандаль людзьмі з мэтай вымання органаў атрымаў распаўсюджанне ў Афрыцы, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропе, а таксама ў краінах Усходняй Еўропы.
У структуры патокаў найбольшую долю займаюць перамяшчэнні ахвяр гандлю людзьмі ў межах дзяржаў — 58 %. Гандаль у межах свайго субрэгіёна складае 28 %. На перамяшчэнні ў межах рэгіёна прыпадае 5 % патоку. Астатняя частка прыпадае на перамяшчэнні з суседніх рэгіёнаў.
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце аб’екты Нявольніцкі бераг, Нявольніцкае возера. Растлумачце паходжанне дадзеных тапонімаў.
У Еўропе самым высокім узроўнем гандлю людзьмі вылучаюцца шэсць краін. Балгарыя з’яўляецца самай праблемнай краінай з пункту гледжання гандлю людзьмі. Тут у апошні час назіраецца рост аб’ёмаў гандлю з мэтай прымусовай працы. Дзеці і дарослыя-інваліды выкрадаюцца для таго, каб прасіць міласціну. Цыганскія дзяўчынкі часта становяцца ахвярамі выкраданняў з мэтай сексуальнай эксплуатацыі.
У Латвіі дзяўчынкі і жанчыны выкарыстоўваюцца для сексуальнай эксплуатацыі як у самой краіне, так і за мяжой. Латвійскія жанчыны пры дапамозе пасярэдніцтва часта ўступаюць у шлюб у краінах Заходняй Еўропы, дзе становяцца ахвярамі прымусовай працы, сексуальнай эксплуатацыі, а таксама вымушаны выконваць працу прыслугі (мал. 189-9).

Украіна таксама адносіцца да гэтай групы краін. Тут больш людзей уцягнуты ў прымусовую працу, а не сексуальную эксплуатацыю.
Малдова лічыцца крыніцай, а таксама месцам прызначэння ахвяр гандлю людзьмі, якія выкарыстоўваюцца як для прымусовай працы (40 %), так і для сексуальнай эксплуатацыі.
У Расіі самым праблемным застаецца пытанне прымусовай працы. Каля 1,5 млн нелегальных мігрантаў працуюць ва ўмовах эксплуатацыі.
У Беларусі, па афіцыйных даных за 2002–2018 гг., ахвярамі гандлю людзьмі сталі 5605 чалавек. З іх каля 90 % падвергліся сексуальнай эксплуатацыі; больш за 12 % — працоўнай; астатнія — выманню органаў. Краіны, у якія часцей за ўсё вывозяць грамадзян Беларусі: Расія, Турцыя, Украіна, Малдова, Польшча, ААЭ.
Для ацэнкі стану праблемы гандлю людзьмі распрацаваны Глабальны індэкс рабства (Global Slavery Index). Па даных за 2017 г., краінамі з самай высокай доляй насельніцтва ў сучасным рабстве з’яўляюцца КНДР, Эрытрэя, Бурундзі, ЦАР і Афганістан.
Дзейнасць міжнародных арганізацый па процідзеянні гандлю людзьмі. Міжнародную прававую аснову, у межах якой дзяржавы павінны вызначаць свае ўласныя законы ў мэтах эфектыўнага вырашэння праблемы гандлю людзьмі, складаюць некалькі канвенцый ААН. Найбольш актуальнымі з іх з’яўляюцца: 1) Канвенцыя Генеральнай Асамблеі ААН «Аб барацьбе з гандлем людзьмі і з эксплуатацыяй прастытуцыі трэцімі асобамі» (1949 г.); 2) Канвенцыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці (2000 г.), падпісаная 124 дзяржавамі; 3) Пратакол аб папярэджанні і спыненні гандлю людзьмі, асабліва жанчынамі і дзецьмі, і пакаранні за яго (2000 г.); 4) Пратакол супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, моры і паветры (2000 г.).
У 2010 г. быў прыняты Глабальны план дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі. У гэтым дакуменце ўтрымліваецца зварот да ўсіх адпаведных органаў ААН з рашучым і настойлівым заклікам каардынаваць намаганні для эфектыўнай барацьбы з гандлем людзьмі і для абароны правоў чалавека ахвяр такога гандлю. Гэты дакумент змяшчае чатыры асноўныя напрамкі барацьбы з гандлем людзьмі (мал.189-10).

Міжнародны вопыт пераадолення глабальнай праблемы гандлю людзьмі. Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) надае павышаную ўвагу праблеме гандлю людзьмі з 2000 г. У 2003 г. быў зацверджаны План дзеянняў АБСЕ па барацьбе з гандлем людзьмі.
У 2005 г. у Цэнтральнай Азіі краіны — члены Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) прынялі Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж дзяржавамі — членамі СНД у галіне барацьбы з гандлем людзьмі, органамі і тканкамі чалавека.
На Блізкім Усходзе ў 2010 г. Саветам міністраў юстыцыі арабскіх краін было прынята рашэнне аб рэалізацыі Арабскай ініцыятывы па ўмацаванні нацыянальных магчымасцей барацьбы з гандлем людзьмі ў арабскіх краінах.
Уклад ва ўмацаванне асноў для барацьбы з гандлем людзьмі ў Лацінскай Амерыцы ўнеслі Міжамерыканская канвенцыя 1994 г. аб міжнародным гандлі непаўналетнімі і Міжамерыканская канвенцыя аб папярэджанні і выкараненні гвалту ў адносінах да жанчын і пакаранні за яго.
У краінах Афрыкі важным дакументам у гэтай галіне з’яўляецца Уагадугскі план дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі, асабліва жанчынамі і дзецьмі (2006 г.).
Актыўную працу ў барацьбе з гандлем людзьмі ажыццяўляюць няўрадавыя арганізацыі. Напрыклад, Савет па правах чалавека адыграў важную ролю ў назіранні за распрацоўкай праекта Пратакола ААН аб гандлі людзьмі. Няўрадавыя арганізацыі, такія як Арганізацыя супраць гандлю жанчынамі (Foundation for Trafficking in Women, STW), Сусветны альянс па барацьбе з гандлем жанчынамі (Global Alliance Against Traffick in Women, GATW), вядуць актыўную дзейнасць.
Рабочыя групы з’яўляюцца эфектыўным сродкам каардынацыі дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі. Напрыклад, у 2017 г. губернатар штата Эдо ў Нігерыі абвясціў барацьбу з гандлем людзьмі адным са сваіх прыярытэтаў і стварыў працоўную групу па барацьбе з гандлем імі. Дзякуючы працы дадзенай групы, былі арыштаваныя па меншай меры 10 асоб, якія маглі быць датычныя да гандлю людзьмі, і прапанаваны прытулак нігерыйскім ахвярам, якія былі рэпатрыіраваны з Лівіі.
Падвядзём вынікі. Асноўнымі прычынамі гандлю людзьмі з’яўляюцца … . Асноўнымі сферамі эксплуатацыі ахвяр гандлю людзьмі выступаюць … . Галоўнымі формамі гандлю людзьмі з’яўляюцца … . Асноўнымі дэмаграфічнымі характарыстыкамі гандлю людзьмі з’яўляюцца … .
Праверым свае веды. 1. Якія прычыны пераўтварэння людзей у тавар? 2. Як міжнародная супольнасць вырашае глабальную праблему гандлю людзьмі? 3. Чаму гандаль людзьмі з’яўляецца транснацыянальным злачынным бізнесам?
Ад простага да складанага. 1. Ці згодны вы са сцвярджэннем «Праблема гандлю людзьмі — самае ганебнае злачынства свету»? Адказ абгрунтуйце. 2. Падрыхтуйце памятку для людзей, якія выязджаюць за мяжу на працу.
Ад тэорыі да практыкі. 1. Правядзіце інструктаж для аднакласнікаў па тэме неабходных дакументаў пры выездзе за мяжу і паводзін у іншай краіне. 2. Выканайце практычную работу «Параўнальны аналіз праблемы гандлю людзьмі» (на прыкладзе дзвюх краін на выбар).