§ 25-1. ПРАБЛЕМА ГАНДЛЮ ЛЮДЗЬМІ

Сутнасць, прычыны і формы праяўлення праблемы гандлю людзьмі. Гандаль людзьмі — гэта глабальная праблема, якая закранае жыцці мільёнаў людзей практычна ў любой краіне свету і пазбаўляе іх чалавечай годнасці. Гэтая праблема мае глыбокія гістарычныя карані.

iconКлуб знаўцаў-географаў. З адкрыццём новых зямель у Заходнім паўшар’і еўрапейскім каланізатарам спатрэбіліся працоўныя рэсурсы для іх асваення. Іх крыніцай сталі землі Заходняй Афрыкі і басейна Конга, дзе падчас этнічных канфліктаў ці мэтанакіраванага выкрадання многія людзі станавіліся рабамі (мал.189-1). Еўрапейскія караблі, гружаныя таварамі, накіроўваліся да афрыканскіх берагоў, дзе абменьвалі груз на «жывы тавар», з якім плылі праз Атлантычны акіян у Новы свет. Тут рабы прадаваліся, а ў Еўропу вывозілася прадукцыя, вырабленая іх працай: тытунь, цукар, бавоўна, кава і ром. Гэты трохвугольны маршрут атрымаў назву «трохвугольнік гандлю людзьмі».

img
Мал.189-1. Захоп рабоў у Афрыцы

Гандаль людзьмі, або трафікінг, як глабальная праблема чалавецтва ўяўляе сабой сучасную форму рабства, парушэнне правоў чалавека, з’яўляецца злачынствам як супраць асобы, так і супраць дзяржавы.

Рухаючымі сіламі гандлю людзьмі з’яўляюцца гендарная няроўнасць, адсутнасць роўных магчымасцей, эканамічная няроўнасць як унутры дзяржаў, так і паміж імі, карупцыя судовай і праваахоўнай сістэм, грамадзянская нестабільнасць і невыкананне дзяржавамі сваіх функцый па абароне і забеспячэнні сваіх грамадзян.

Вылучаюць сем асноўных прычын гандлю людзьмі (мал.189-2) і шэсць тыповых сфер эксплуатацыі ахвяр гандлю людзьмі (мал. 189-3).

img
Мал.189-2. Асноўныя прычыны гандлю людзьмі
img
Мал. 189-3. Асноўныя сферы эксплуатацыі ахвяр гандлю людзьмі

Гандаль людзьмі з’яўляецца праблемай глабальнага маштабу. Часта ён уяўляе сабой транснацыянальнае злачынства, аналагічнае па сваім характары міжнароднаму гандлю наркотыкамі і незаконнаму абароту зброі.

Гандаль людзьмі не заўсёды прадугледжвае перасячэнне міжнароднай мяжы. Ён можа адбывацца і ўнутры дзяржавы. Ахвярамі гандлю людзьмі становяцца не толькі замежныя грамадзяне, напрыклад працоўныя-мігранты, але і грамадзяне краіны прызначэння.

Хаця самай вядомай формай гандлю людзьмі з’яўляецца сексуальная эксплуатацыя, сотні тысяч ахвяр становяцца таксама аб’ектамі гандлю для прымусовай працы, паднявольнай працы ў якасці хатняй прыслугі, дзіцячага жабрацтва або вымання органаў (мал. 189-4).

img
Мал. 189-4. Формы гандлю людзьмі

Па прыбытковасці гандаль людзьмі займае трэцяе месца пасля гандлю зброяй і наркотыкамі сярод арганізаванай злачыннасці. Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці лічыць, што гандаль людзьмі штогод прыносіць арганізаваным злачынным групоўкам каля 32 млрд дол. ЗША.

iconСвет і Беларусь. Як Рэспубліка Беларусь праводзіць барацьбу па процідзеянні гандлю людзьмі на міжнароднай арэне? Як сацыяльная рэклама ў нашай краіне дапамагае рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб процідзеянні гандлю людзьмі»?