§ 24. ГЕАПАЛІТЫЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ХХІ СТ., ІХ ПРЫЧЫНЫ І НАСТУПСТВЫ

Шляхі вырашэння рэгіянальных канфліктаў. У дачыненні да міжнародных канфліктаў дзейнічае прынцып непрымянення сілы, які забараняе яе выкарыстанне ў адносінах паміж дзяржавамі. У выпадку ж прымянення сілы ахвяра агрэсіі мае права на абарону і дапамогу, у тым ліку ваенную, міжнароднай супольнасці на аснове рашэння Савета Бяспекі ААН. У адносінах да ўнутраных канфліктаў дзейнічае прынцып неўмяшання ва ўнутраныя справы.

Урэгуляванне сучасных рэгіянальных канфліктаў уключае шэраг аспектаў — эканамічных, ваенных, палітычных і гуманітарных. Гэта датычыцца перш за ўсё крыніц нарошчвання ваеннай магутнасці. Нярэдка на ўзбраенне расходуюцца рэсурсы, жыццёва неабходныя для грамадства, а сродкі на ўзбраенне здабываюцца шляхам злачыннай эканамічнай дзейнасці — наркагандлю, незаконнага гандлю алмазамі і інш. Яшчэ адна сур’ёзная праблема — магчымасць набыцця сучасных відаў узбраення.

Важны аспект праблемы рэгіянальных канфліктаў, які адносіцца перш за ўсё да Афрыкі і шэрагу краін Азіі, — удзел у іх дзяцей.

Асаблівая роля ва ўрэгуляванні рэгіянальных канфліктаў належыць Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая ажыццяўляе міратворчую дзейнасць ва ўсіх краінах свету.

icon Клуб знаўцаў-географаў. Некаторыя факты аб міратворчай дзейнасці ААН:
• 70 гадоў міратворчай дзейнасці (1948–2017 гг.);
• 71 міратворчая аперацыя з 1948 г.;
• 14 бягучых аперацый (даныя на чэрвень 2018 г.);
• 106 338 чалавек у складзе цяперашніх міратворчых аперацый;
• 3692 загінулых;
• Нобелеўская прэмія міру.

Міратворчая дзейнасць ААН уяўляе сабой унікальнае глабальнае партнёрства. Яно аб’ядноўвае Генеральную Асамблею, Савет Бяспекі, Сакратарыят, краіны, якія накіроўваюць воінскія і паліцэйскія кантынгенты, і ўрады прымаючых краін, якія прыкладаюць сумесныя намаганні для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі. У цяперашні час на чатырох кантынентах разгорнута 14 аперацый ААН (мал. 181).

img
Мал. 181. Аперацыі ААН па падтрыманні міру, 2019 г.