§ 20-2. ГЕАГРАФІЯ МІНЕРАЛЬНЫХ РЭСУРСАЎ СУСВЕТНАГА АКІЯНА

Глыбакаводныя цвёрдыя карысныя выкапні.

На дне глыбакаводных раёнаў Сусветнага акіяна таксама сканцэнтраваны велізарныя мінеральныя рэсурсы. Акрамя гэтага, у глыбакаводных раёнах выяўлены мінеральныя ўтварэнні, якія сустракаюцца толькі ў Сусветным акіяне: жалезамарганцавыя канкрэцыі, глыбакаводныя поліметалічныя сульфіды, кобальта-марганцавыя коркі.

iconПаразважаем. Чаму жалезамарганцавыя канкрэцыі сустракаюцца толькі ў Сусветным акіяне?

img
Мал. 150-5. Жалезамарганцавыя канкрэцыі

Жалезамарганцавыя канкрэцыі (ЖМК) сустракаюцца па ўсім акіяне — яны залягаюць на паверхні марскога дна. Найбольш вывучанай вобласцю, якая ўяўляе камерцыйны інтарэс, з’яўляецца зона паміж разломамі Кларыён і Кліпертан, якая знаходзіцца ва ўсходняй частцы Ціхага акіяна. У міжнародных водах паміж Гавайскімі астравамі і ўзбярэжжам Мексікі на глыбіні каля 5000 метраў выяўлены найбагацейшыя залежы ЖМК (мал. 150-5).

Глыбакаводныя поліметалічныя сульфіды (ГПС) багатыя меддзю, жалезам, цынкам, срэбрам і золатам. Іх адкладанні сустракаюцца на межах тэктанічных пласцін уздоўж сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў і вулканічных дуг. З-за чорнага колеру вады іх часта называюць «чорнымі курцамі».

Кобальта-марганцавыя коркі (КМК) залягаюць на схілах і вяршынях падводных гор. Яны ўтрымліваюць жалеза, марганец, нікель, кобальт, медзь, розныя рэдкія металы, у тым ліку рэдказямельныя элементы. Найбольш перспектыўны ў гэтых адносінах раён размешчаны ў падводных гарах Магелана ў Ціхім акіяне, на ўсход ад Японіі і Марыянскіх астравоў.