§ 20-2. ГЕАГРАФІЯ МІНЕРАЛЬНЫХ РЭСУРСАЎ СУСВЕТНАГА АКІЯНА

Традыцыйныя цвёрдыя карысныя выкапні Сусветнага акіяна. Доля здабычы традыцыйных цвёрдых карысных выкапняў у марскіх радовішчах у сусветным аб’ёме сёння складае 10–15 %, да 2050 г. дадзеная доля можа павялічыцца да 20–25 %.

Да традыцыйных адносяць наступныя цвёрдыя карысныя выкапні, якія змяшчаюцца ў Сусветным акіяне: 1) рудныя: карэнныя (медзь, нікель, ртуць і інш.); рассыпныя (волава, тытан, цырконій, хром, торый, золата, алмазы і інш.); 2) нярудныя (пяскі і гравій, фасфарыты); 3) карэнныя залежы, размешчаныя на шэльфе, якія могуць працягвацца на адлегласці да 10 км ад берага; 4) рассыпныя радовішчы, сфарміраваныя хвалямі, ветрам і плынямі з металічных мінералаў і камянёў (мал. 150-4).

img
Мал. 150-4. Распаўсюджанне традыцыйных цвёрдых карысных выкапняў у Сусветным акіяне

Фасфарыты ўтрымліваюцца на знешніх ускраінах шэльфа, у тых месцах кантынентальных схілаў, дзе на паверхню акіяна выходзяць глыбінныя воды, багатыя кіслародам. У цэнтральнай частцы акіяна фасфарыты можна знайсці на падводных гарах, патухлых вулканах, у раёнах астравоў і атолаў (каралавых астравоў).

Прамысловая распрацоўка марскіх радовішч традыцыйных цвёрдых карысных выкапняў пачалася ў сярэдзіне ХХ ст. Вялікі вопыт назапашаны ў такіх краінах, як Вялікабрытанія, Японія, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Турцыя.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце дзяржавы, якія з’яўляюцца лідарамі па распрацоўцы марскіх радовішч цвёрдых карысных выкапняў.

На сёння сярод усёй разнастайнасці карысных выкапняў Сусветнага акіяна камерцыйны інтарэс уяўляюць пяскі і гравій, фасфарыты, а таксама прыбярэжныя рассыпныя радовішчы алмазаў, касітэрыта — волава, ільменіта і руціла — тытана, золата, іншых металаў.

У цяперашні час у найбольшых аб’ёмах з марскога асяроддзя здабываюцца пясок і гравій. З-за нізкага кошту гэтых відаў тавараў большасць праектаў іх здабычы ажыццяўляецца на глыбіні менш за 50 м, недалёка ад партоў, размешчаных паблізу баз кампаній-спажыўцоў.

Марская здабыча пяску і гравію з’яўляецца ўсталяванай галіной гаспадаркі ў еўрапейскіх краінах: Даніі, Францыі, Германіі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі. Таксама марскія пяскі і гравій здабываюцца ў прыліўна-адліўных каналах кітайскай ракі Хуанхэ, на заходнім узбярэжжы Паўднёвай Карэі і ў прыліўна-адліўных каналах паміж астравамі поўдня Сінгапура і ў водах вакол Ганконга.

Сярод рассыпных мінералаў найбольшым попытам карыстаюцца алмазы. Па некаторых ацэнках, з россыпаў здабываецца каля 75 % волава, 11 % золата і 13 % плаціны (табл. 15*).

Табліца 15*. Рэгіёны здабычы рассыпных радовішч Сусветнага акіяна

Мінералы і звязаныя з імі элементы Рэгіёны здабычы
Касітэрыт (волава) Інданезія, Малайзія і Тайланд
Ільменіт і руціл (тытан) Аўстралія, Паўднёва-Заходняя Афрыка, Індыя, Мазамбік, Сенегал, Бразілія і ЗША (штат Фларыда)
Цыркон (цырконій) Аўстралія, ЗША, Новая Зеландыя, Індыя (штат Керала), Шры-Ланка
Храміт (хром) ЗША (штат Арагон), Албанія, Турцыя, Расія (в. Сахалін і Камчатка)
Манацыт (торый) Бразілія, Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Азіі, Тайвань, Аргенціна, Уругвай, Данія, Іспанія, Партугалія, Фолклендскія астравы, ПАР
Магнетыт (жалеза) Новая Зеландыя, Інданезія, Філіпіны і Японія
Золата ЗША (Аляска)
Алмазы Намібія, ПАР і Аўстралія