§ 20-2. ГЕАГРАФІЯ МІНЕРАЛЬНЫХ РЭСУРСАЎ СУСВЕТНАГА АКІЯНА

Структура мінеральных рэсурсаў Сусветнага акіяна. Мінеральныя рэсурсы Сусветнага акіяна ўключаюць пяць катэгорый: 1) вуглевадароды (нафта і газ); 2) газавыя гідраты (злучэнні газу з вадой, якія з’яўляюцца альтэрнатыўнымі крыніцамі прыроднага газу); 3) традыцыйныя цвёрдыя карысныя выкапні, якія сустракаюцца на сушы, — карэнныя залежы і россыпы; 4) спецыфічныя глыбакаводныя цвёрдыя карысныя выкапні; 5) марская вада, якая змяшчае больш за 70 хімічных элементаў. 

Па агрэгатным стане і ўмовах эксплуатацыі іх падрадзяляюць на наступныя: 1) вадкія, газападобныя і раствораныя, разведка і здабыча якіх магчымыя пры дапамозе буравых свідравін (нафта, прыродны газ, соль, сера і інш.); 2) цвёрдыя паверхневыя, эксплуатацыя якіх магчыма пры дапамозе драг, гідраўлічных і іншых падобных спосабаў (металаносныя россыпы і ілы, канкрэцыі і інш.); 3) цвёрдыя пахаваныя, эксплуатацыя якіх магчыма шахтава-рудніковымі спосабамі (вугаль, жалезная і некаторыя іншыя руды) (мал. 150-1).

img
Мал. 150-1. Мінеральныя рэсурсы дна Сусветнага акіяна (па В. Д. і М. У. Вайлошнікавым)