§ 19. ХАРЧОВАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ КРАІН СВЕТУ І ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ

Харчовая бяспека. У 1970-х гг. у свеце былі зафіксаваны некалькі неўрадлівых гадоў. Гэта прывяло да вычарпання глабальных запасаў збожжа і дэфіцыту харчавання. Для вырашэння крызісу ў Рыме ў 1974 г. прайшла Сусветная харчовая канферэнцыя. На ёй упершыню ў свеце было распрацавана азначэнне харчовай бяспекі.

icon Харчовая бяспека — пастаянны фізічны і эканамічны доступ усяго насельніцтва да дастатковай колькасці бяспечнай і пажыўнай ежы, якая дазваляе задавальняць харчовыя патрэбы людзей для вядзення актыўнага і здаровага ладу жыцця.

Нягледзячы на тое што прагрэс у справе барацьбы з голадам відавочны, вялікая колькасць людзей па-ранейшаму адчувае недахоп прадуктаў харчавання, неабходных для актыўнага і здаровага жыцця. У 2012 г. на Канферэнцыі «Рыа+20» па ініцыятыве ААН была прынятая праграма «Нулявы голад» (мал. 137). Мэта гэтай праграмы — актывізаваць глабальны рух у бок свету, свабоднага ад голаду, на працягу жыцця аднаго пакалення.

img
Мал. 137. Задачы праграмы «Нулявы голад»
img
Мал. 138. Лагатып Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця 2

У 2015 г. у рамках Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года былі прынятыя Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця (МУР). Сярод іх Мэта 2 прысвечана вырашэнню праблемы голаду — «Ліквідацыя голаду, забеспячэнне харчовай бяспекі, паляпшэнне харчавання і спрыянне ўстойліваму развіццю сельскай гаспадаркі» (мал. 138).