Печатать книгуПечатать книгу

§ 19. ХАРЧОВАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ КРАІН СВЕТУ І ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ

icon
Успамінаем. Якія функцыі выконвае сельская гаспадарка ў свеце? Якія фактары ўплываюць на развіццё і размяшчэнне сельскай гаспадаркі? Якія краіны выступаюць вядучымі экспарцёрамі прадукцыі сельскай гаспадаркі ў свеце?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Што такое харчовая бяспека? Як забяспечыць насельніцтва краін харчаваннем? Як «зялёная рэвалюцыя» дазволіць вырашыць харчовую праблему?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 19. ХАРЧОВАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ КРАІН СВЕТУ І ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 18 Апрель 2024, 11:49

Харчовае забеспячэнне насельніцтва краін свету. Харчовае забеспячэнне краін з’яўляецца важным фактарам сацыяльна-эканамічнага развіцця свету і ўплывае на нацыянальную бяспеку. Для ацэнкі забеспячэння харчаваннем краін выкарыстоўваюць некалькі паказчыкаў — запасы харчавання, аб’ём вытворчасці і гандаль харчаваннем.

Стварэнне запасаў харчавання ў краіне звязана ў асноўным з забеспячэннем бяспекі на выпадак надзвычайнай сітуацыі. Збожжавыя рэзервы ствараюцца не толькі ў тых краінах, якія ў сваёй гісторыі сутыкаліся з голадам ці катастрофамі (напрыклад, тайфунамі, паводкамі і засухамі, грамадзянскімі войнамі). Часта гэта адбываецца ў рамках доўгатэрміновай палітыкі харчовай самазабяспечанасці.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Імкненне краін да харчовай самазабяспечанасці стала праяўляцца найбольш актыўна ў свеце ў перыяд глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу 2008 г. Гэта адбылося па прычыне ўвядзення абмежаванняў на экспарт прадуктаў харчавання развітымі краінамі. Вопыт 2008 г. пацвердзіў важнасць пшаніцы і рысу для забеспячэння харчовай бяспекі і ўмацаваў іх статус як палітычна важных сыравінных тавараў, неабходных для сацыяльнай стабільнасці. Стварэнне запасаў — дарагі працэс, паколькі ён патрабуе інвестыцый у будаўніцтва сховішчаў і складоў. Аднак вялікая колькасць дзяржаў мае запасы пшаніцы і рысу, нягледзячы на высокія затраты на іх стварэнне.

icon Свет і Беларусь. Якая доля сельскай гаспадаркі ў ВУП Беларусі?

Краіны свету, якія маюць запасы харчавання, можна падзяліць на тры групы ў залежнасці ад спосабу стварэння рэзерву (мал. 129).

img
Мал. 129. Групы краін па спосабах стварэння запасаў харчавання
img
Мал. 130. Дынаміка вытворчасці прадуктаў харчавання ў свеце, % да 2004 г.

Вытворчасць прадуктаў харчавання ў свеце характарызуецца ўстойлівай станоўчай дынамікай (мал. 130). Гэта звязана з ростам колькасці насельніцтва ў цэлым і ў краінах, якія развіваюцца, у прыватнасці. Усе краіны, дзе назіраюцца найбольш высокія тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання, з’яўляюцца краінамі, якія развіваюцца. Найбольшая колькасць такіх краін знаходзіцца ў Афрыцы. Па даных за 2017 г., краінамі з максімальнымі тэмпамі росту аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання ў свеце былі Лаос, Бахрэйн і Сьера-Леонэ.

icon Паразважаем. Усе краіны з максімальнымі тэмпамі росту аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання з’яўляюцца краінамі, якія развіваюцца. Аднак узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця ў іх моцна адрозніваецца. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, падумайце і назавіце асноўныя прычыны такога росту ў Лаосе, Бахрэйне і Сьера-Леонэ.

Вытворчасць прадуктаў харчавання на душу насельніцтва моцна адрозніваецца ў разрэзе рэгіёнаў і краін. У процівагу краінам, якія развіваюцца, развітыя краіны дэманструюць самыя высокія паказчыкі, што перавышаюць 1500 дол. у год (мал. 131).

img
Мал. 131. Вытворчасць прадуктаў харчавання на душу насельніцтва ў свеце, дол., 2018 г.

Міжнародны гандаль прадуктамі харчавання характарызуецца шэрагам асаблівасцей. Па-першае, у свеце назіраецца зніжэнне долі прадуктаў харчавання ў структуры экспарту. Па даных за 2018 г., гэты паказчык складае 8,5 %. Па-другое, у краінах, якія развіваюцца, захоўваецца высокая доля экспарту прадуктаў харчавання (больш за 70 %), што тлумачыцца монакультурный спецыялізацыяй краін. Напрыклад, у Кот-д’Івуары доля экспарту прадуктаў харчавання перавышае 65 %.

icon Папрацуем з атласам. Успомніце, на якой сельскагаспадарчай харчовай прадукцыі спецыялізуюцца ў міжнародным геаграфічным падзеле працы краіны Афрыкі. Пакажыце на карце гэтыя краіны.

Па-трэцяе, у свеце сфарміравалася група краін, якія на працягу апошніх гадоў лідзіруюць па экспарте і імпарце прадуктаў харчавання (мал. 132, 133). Перш за ўсё, гэта ЗША, Нідэрланды, Германія і Кітай.

img
Мал. 132. Краіны — лідары па аб’ёмах экспарту прадуктаў харчавання, млрд дол., 2017 г.
img
Мал. 133. Краіны — лідары па аб’ёмах імпарту прадуктаў харчавання, млрд дол., 2017 г.

icon Свет і Беларусь. Ацаніце становішча Рэспублікі Беларусь па экспарце і імпарце прадуктаў харчавання. Які аб’ём імпарту прадуктаў харчавання ў нашай краіне?

Шляхі вырашэння харчовай праблемы. Праблема голаду і недаядання стаяла перад чалавецтвам на працягу ўсёй гісторыі, нягледзячы на развіццё эканомікі, дасягненні ў многіх галінах навукі. Пасля ўтварэння ААН у 1945 г. яе вырашэнне стала адной з найважнейшых задач для сусветнай супольнасці. Аднак у розныя перыяды развіцця сусветнай гаспадаркі асноўныя меры па вырашэнні праблемы голаду мяняліся.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Напрыклад, адразу пасля Другой сусветнай вайны ўрады 44 развітых краін упершыню выказалі меркаванне аб неабходнасці дасягнення «свабоды ад голаду». Сусветная супольнасць лічыла найбольш актуальным аднавіць вытворчасць асноўных відаў прадуктаў харчавання (перш за ўсё, збожжа) і забяспечыць харчаванне, якое ўтрымлівае бялок, важны для падтрымання здароўя чалавека.

img
Мал. 134. «Зялёная рэвалюцыя» ў сельскай гаспадарцы

У 1950–1960-х гг. сусветная харчовая палітыка была накіравана на павышэнне ўраджайнасці асноўных культур, у першую чаргу пшаніцы і рысу, і паляпшэнне метадаў вытворчасці, захавання і збыту прадуктаў харчавання шляхам прымянення новых навуковых ведаў. У гэты перыяд адбываецца «зялёная рэвалюцыя» (мал. 134).

icon «Зялёная рэвалюцыя» — комплекс змяненняў у сельскай гаспадарцы для вырашэння харчовай праблемы ў краінах, якія развіваюцца, што ўключае шырокае выкарыстанне дасягненняў нТп для вывядзення высокаўраджайных сартоў збожжавых культур, паўсюднае ўжыванне ўгнаенняў і пестыцыдаў, будаўніцтва ірыгацыйных сістэм.

Першыя поспехі «зялёнай рэвалюцыі» былі звязаны з адкрыццём у Мексіцы высокаэфектыўных сартоў пшаніцы, у тым ліку з кароткім сцяблом, устойлівых да палягання. Да 1950 г. гэта краіна цалкам забяспечыла сябе збожжам, павялічыла ўраджайнасць у 3 разы і нават пачала яго экспарт.

img
Мал. 135. Н. Э. Барлоўг — заснавальнік «зялёнай рэвалюцыі»

icon Клуб знаўцаў-географаў. Першыя распрацоўкі высокаўраджайнай пшаніцы былі зробленыя амерыканскім аграномам і селекцыянерам Норманам Эрнэстам Барлоў гам (мал. 135). Яго называюць бацькам «зялёнай рэвалюцыі». Ён скрыжоўваў мексіканскія сарты з карлікавымі сартамі з Японіі. За гэтыя адкрыцці Н. Э. Барлоўг у 1970 г. атрымаў Нобе леўскую прэмію міру. Пазней яго распрацоўкі выкарыстоўваліся ў Калумбіі, Індыі, Пакістане.

Дзякуючы ўкараненню ўдасканаленых сартоў збожжавых культур вытворчасць харчовых прадуктаў ва ўсім свеце рэзка павялічылася. Напрыклад, з 1950 па 1990 г. ураджайнасць у Індыі ўзрастала на 2,8 % штогод, тады як штогадовы прырост колькасці насельніцтва склаў 2,1 %. Збожжавыя культуры былі атрыманыя не з дапамогай сучасных генна-інжынерных метадаў, а шляхам звычайнага скрыжавання раслін, якое прымянялася дзесяцігоддзямі.

«Зялёная рэвалюцыя» дазволіла не толькі пракарміць насельніцтва Зямлі, якое павялічвалася, але і палепшыць якасць яго жыцця. У краінах, якія развіваюцца, вырасла спажыванне калорый у суткі на чалавека.

icon Свет і Беларусь. Якое адлюстраванне «зялёная рэвалюцыя» знайшла ў сельскай гаспадарцы Рэспублікі Беларусь? Прывядзіце прыклады, якія пацвярджаюць інтэнсіўны шлях развіцця сельскай гаспадаркі нашай краіны.

icon Клуб географаў-знаўцаў. З-за шырокага распаўсюджвання мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў у выніку «зялёнай рэвалюцыі» ў свеце ўзніклі праблемы экалагічнага характару. Інтэнсіфікацыя земляробства парушыла водны рэжым глеб, што прывяло да маштабнага засалення і апустыньвання. Выкарыстанне ядахімікатаў на аснове медзі і серы выклікала забруджванне глебы цяжкімі металамі.

«Зялёная рэвалюцыя» ўнесла важкі ўклад у вырашэнне харчовай праблемы. Але абяцанай перамогі над голадам у свеце дасягнуць не ўдалося.

У 1961 г. была заснавана праграма ААН і ФАО па барацьбе з голадам і недаяданнем у свеце пад назвай Сусветная харчовая праграма (СХП). Асноўнай місіяй СХП з’яўляецца выкараненне сусветнага голаду. Праграма мае чатыры стратэгічныя мэты (мал. 136).

img
Мал. 136. Мэты Сусветнай харчовай праграмы ААН

Харчовая бяспека. У 1970-х гг. у свеце былі зафіксаваны некалькі неўрадлівых гадоў. Гэта прывяло да вычарпання глабальных запасаў збожжа і дэфіцыту харчавання. Для вырашэння крызісу ў Рыме ў 1974 г. прайшла Сусветная харчовая канферэнцыя. На ёй упершыню ў свеце было распрацавана азначэнне харчовай бяспекі.

icon Харчовая бяспека — пастаянны фізічны і эканамічны доступ усяго насельніцтва да дастатковай колькасці бяспечнай і пажыўнай ежы, якая дазваляе задавальняць харчовыя патрэбы людзей для вядзення актыўнага і здаровага ладу жыцця.

Нягледзячы на тое што прагрэс у справе барацьбы з голадам відавочны, вялікая колькасць людзей па-ранейшаму адчувае недахоп прадуктаў харчавання, неабходных для актыўнага і здаровага жыцця. У 2012 г. на Канферэнцыі «Рыа+20» па ініцыятыве ААН была прынятая праграма «Нулявы голад» (мал. 137). Мэта гэтай праграмы — актывізаваць глабальны рух у бок свету, свабоднага ад голаду, на працягу жыцця аднаго пакалення.

img
Мал. 137. Задачы праграмы «Нулявы голад»
img
Мал. 138. Лагатып Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця 2

У 2015 г. у рамках Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года былі прынятыя Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця (МУР). Сярод іх Мэта 2 прысвечана вырашэнню праблемы голаду — «Ліквідацыя голаду, забеспячэнне харчовай бяспекі, паляпшэнне харчавання і спрыянне ўстойліваму развіццю сельскай гаспадаркі» (мал. 138).

Як вымераць харчовую бяспеку. Для аналізу вырашэння праблемы голаду ў свеце і параўнання харчовай сітуацыі па краінах існуюць пэўныя паказчыкі. Дэталёвую карціну ў галіне харчовай бяспекі па ўсіх краінах свету штогод паказвае Глабальны індэкс харчовай бяспекі (The Global Food Security Index).

Для яго разліку выкарыстоўваюцца чатыры групы паказчыкаў: 1) даступнасць прадуктаў харчавання; 2) наяўнасць і дастатковасць прадуктаў харчавання; 3) якасць прадуктаў харчавання; 4) прыродныя рэсурсы і ўстойлівасць.

Па даных за 2019 г., да ліку краін з высокай ступенню харчовай бяспекі аднесены Сінгапур, Ірландыя, ЗША, Швейцарыя і Фінляндыя (мал. 139). Найбольш неабароненымі ў плане харчовай бяспекі ў цяперашні час з’яўляюцца Венесуэла, Бурундзі, Емен, ДР Конга, Чад.

img
Мал. 139. Глабальны індэкс харчовай бяспекі па краінах свету, 2019 г.

icon Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны з найбольшай і найменшай ступенню харчовай бяспекі.

icon Падвядзём вынікі. Харчовае забеспячэнне ўплывае на нацыянальную бяспеку краіны. Высокія паказчыкі вытворчасці прадуктаў харчавання характэрныя для … краін, а высокія тэмпы росту аб’ёму вытворчасці прадуктаў харчавання — для … краін. «Зялёная рэвалюцыя» спрыяла вырашэнню праблемы голаду праз змяненні ў … гаспадарцы. Харчовая бяспека дазваляе прадухіліць праблему голаду.

icon Праверым свае веды. 1. Што такое харчовае забеспячэнне краіны? 2. Якія існуюць шляхі вырашэння харчовай праблемы? 3. Што такое «зялёная рэвалюцыя»?

qrc icon Ад простага да складанага. 1. Ці дапаможа, на ваш погляд, павелічэнне вытворчасці прадуктаў харчавання ў краінах, якія развіваюцца, вырашыць харчовую праблему? Адказ патлумачце. 2. Выкарыстоўваючы матэрыялы сайта ФАО, выберыце рашэнні праблемы голаду, зыходзячы з Мэт у галіне ўстойлівага развіцця.

qrc icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Выкарыстоўваючы матэрыялы ФАО па спасылцы ў QR-кодзе, складзіце пашпарт «нулявога голаду». 2. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, падрыхтуйце паведамленне «Плюсы і мінусы “зялёнай рэвалюцыі”».

icon

Web-ресурсы.
Аналіз харчовай бяспекі Сусветнай харчовай праграмы ААН.

Матэрыялы па Глабальным індэксе харчовай бяспекі.

Матэрыялы па Дню ўстойлівай гастраноміі.

Інфармацыя ФАО па краінах, якія маюць патрэбу ў знешняй харчовай дапамозе.

Павышаны ўзровень §19-1