§ 17-5. ГАРАДЫ І ПРЫРОДНЫЯ РЫЗЫКІ

Занальная структура гарадоў свету з прыроднымі рызыкамі. Вылучаюць чатыры мультызоны гарадоў, якія характарызуюцца праяўленнем трох і больш прыродных рызык высокай ступені: 1) Усходне-Азіяцкая, 2) Паўднёва-Азіяцкая, 3) Панамерыканская Ціхаакіянская, 4) Паўночна-Амерыканская Атлантычная (мал. 116-41).

img
Мал. 116-41. Мультызоны гарадоў свету па прыродных рызыках: 1 — Усходне-Азіяцкая; 2 — Паўднёва-Азіяцкая; 3 — Панамерыканская Ціхаакіянская; 4 — Паўночна-Амерыканская Атлантычная

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце мультызоны гарадоў, для якіх характэрны праяўленні трох і больш прыродных рызык. Знайдзіце на карце субзоны гарадоў, для якіх характэрны рызыкі паводак, засух, цыклонаў і землетрасенняў.

У структуры найбуйнейшых агламерацый свету з колькасцю звыш 10 млн чал. вылучаюцца тры тыпы гарадоў у залежнасці ад колькасці прыродных рызык і іх ступені: 1-ы тып — з трыма прыроднымі рызыкамі высокай ступені; 2-ы тып — з трыма і менш прыроднымі рызыкамі высокай і сярэдняй ступені; 3-і тып — з адной прыроднай рызыкай высокай ступені (табл. 11*).

Табліца 11*. Тыпалогія найбуйнейшых агламерацый свету па прыродных рызыках

Тып агламерацыі па прыродных рызыках Агламерацыя Прыродныя рызыкі
1-ы тып. Агламерацыі з трыма прыроднымі рызыкамі высокай ступені Токіа Ц, ЗТ, П
Мехіка-Сіці З, П, А
Калката Ц, З, П, А
Лос-Анджэлес З, ЗТ, П, А
Маніла Ц, З, ЗТ, П
Осака—Кобэ Ц, ЗТ, П
2-і тып. Агламерацыі з трыма і менш прыроднымі рызыкамі высокай і сярэдняй ступені Дэлі З, П
Нью-Ёрк Ц, П
Шанхай Ц, П
Дака Ц, З, П
Карачы Ц, З, П
Буэнас-Айрэс З, П
Стамбул З, ЗТ, П
Гуанчжоу Ц, П
Шэньчжэнь Ц, З, П
3-і тып. Агламерацыі з адной прыроднай рызыкай высокай ступені Сан-Паўлу П
Рыа-дэ-Жанейра П
З — засухі, П — паводкі, ЗТ — землетрасенні, Ц — цыклоны, А — апоўзні

Да першага тыпу аднесены шэсць агламерацый: 1) Токіа, 2) Мехіка, 3) Калката, 4) Лос-Анджэлес — Лонг-Біч — Санта-Ана, 5) Маніла, 6) Осака — Кобэ. Яны размешчаны ў асноўных мультызонах прыродных рызык свету. У цэлым у свеце налічваецца 10 гарадоў максімальнай ступені прыродных рызык.

У другі тып увайшлі дзевяць гарадоў, за выключэннем Стамбула, які дадаткова падвержаны рызыцы землетрасенняў. Да трэцяга тыпу аднесены Сан-Паўлу і Буэнас-Айрэс, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі паводак.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце агламерацыі першага, другога і трэцяга тыпаў па прыродных рызыках.

На сучаснай карце прыродных рызык вылучаюцца гарады надзвычай высокай падвержанасці прыродным рызыкам. Яны характарызуюцца праяўленнем больш чым трох рызык высокай ступені (табл. 12*).

Табліца 12*. Гарады свету з максімальнай і мінімальнай ступенню прыродных рызык

Гарады Тыпы прыродных рызык, ступень
Цыклоны Засухі Землетрасенні Паводкі Апоўзні
А. Больш за тры рызыкі высокай ступені
Маніла В Н В В няма
Санцьяга няма В В В няма
Тайбэй В няма В В В
Кіта няма В В В В
Даваа В Н В В няма
В. Няма рызык або рызыка нізкай ступені
Масква няма няма няма няма няма
Каір няма няма няма Н няма
Кіншаса няма Н няма Н няма
Мадрыд няма Н няма няма няма
Таронта Н няма няма Н няма
В — высокая ступень, Н — нізкая ступень

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце свету гарады з максімальнай і мінімальнай ступенню прыродных рызык.

Не падвержаны прыродным рызыкам або характарызуюцца іх нізкай ступенню 183 гарады ў свеце з колькасцю больш за 1 млн чал., што складае 40 % у структуры гарадскога рассялення. Адной прыроднай рызыцы падвержаны 45 % гарадоў, двум — 13 % гарадоў свету.

Такім чынам, у сучасным свеце сфарміравалася кліматычна абумоўленая занальная структура гарадоў па тыпах прыродных рызык з вылучэннем чатырох мультызон. Геаграфічна яны размешчаны пераважна ў Азіі і Амерыцы і характарызуюцца канцэнтрацыяй абсалютнай большасці найбуйнейшых агламерацый свету з прыроднымі рызыкамі ва Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі.

У глабальнай структуры да прыродных рызык, якія наносяць найбольшую шкоду гарадам свету ў ХХІ ст., адносяцца паводкі і засухі, ахвярамі якіх становіцца больш чым кожны трэці жыхар планеты. У сувязі з гэтым распрацоўка міжнароднай стратэгіі па пераадоленні прыродных рызык у гарадах з’яўляецца адной з прыярытэтных задач сусветнай супольнасці.