§ 17-5. ГАРАДЫ І ПРЫРОДНЫЯ РЫЗЫКІ


Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 11 клас |
Книга: | § 17-5. ГАРАДЫ І ПРЫРОДНЫЯ РЫЗЫКІ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Вторник, 6 Май 2025, 06:10 |
Перадумовы праблемы прыродных рызык у гарадах. Узаемадзеянне і ўзаемаўплыў працэсаў урбанізацыі і змянення клімату выклікаюць у ХХІ ст. у сусветнай супольнасці павышаную цікавасць з-за шырокага спектра наступстваў.
Адрозненні ў тэмпах урбанізацыі паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца, разам з сусветнай тэндэнцыяй марынізацыі гарадскога рассялення прыводзяць да фарміравання зон канцэнтрацыі насельніцтва ў прыбярэжных рэгіёнах. У той жа час глабальныя змяненні клімату разам з хуткімі тэмпамі росту гарадскога насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца, робяць успрымальнай да прыродных катаклізмаў значную частку сялібнай прасторы свету.
Класіфікацыя прыродных рызык, глабальная і рэгіянальная структура прыродных рызык гарадоў.
Прыродная рызыка — гэта ўсвядомленая чалавекам небяспека прыроднага працэсу ў выглядзе магчымых страт за пэўны час пры яе наступленні ў навакольным прыродным асяроддзі.
Сацыяльна-эканамічная шкода ад магчымага праяўлення небяспечнага прыроднага працэсу або з’явы можа выражацца ў колькасці загінулых, кошце пацярпелых аб’ектаў асабістай уласнасці і гаспадарча-эканамічнай дзейнасці.
Да прыродных рызык адносяць шэсць працэсаў (мал. 116-36).

Папрацуем з атласам. Назавіце і пакажыце на карце раёны, дзе за апошняе дзесяцігоддзе праявіліся прыродныя рызыкі.
У сусветнай структуры найбольшая колькасць гарадоў мае рызыку паводак (мал. 116-37) і засух (мал. 116-38) — 39 і 34 %, у якіх сканцэнтравана 40 і 31 % насельніцтва адпаведна, або каля 2,5 млрд чал. Цыклоны (мал. 116-40) пагражаюць 15 % гарадоў свету, у якіх пражывае 16 % насельніцтва, якому пагражаюць прыродныя небяспекі. На рызыкі землетрасенняў (мал. 116-41), апоўзняў і вулканаў прыходзіцца 12 % гарадоў.




Каля 60 % усіх гарадоў з прыроднымі рызыкамі зʼяўляюцца кантынентальнымі па характары размяшчэння і 41 % — прыбярэжнымі (табл. 10*).
Табліца 10*. Глабальнае размеркаванне прыродных рызык па тыпах гарадоў у залежнасці ад размяшчэння
Тыпы прыродных рызык | Гарады | |||
прыбярэжныя | кантынентальныя | |||
колькасць | насельніцтва, млн чал | колькасць | насельніцтва, млн чал | |
Цыклоны | 115 | 371 | 82 | 167 |
Засухі | 156 | 436 | 280 | 593 |
Землетрасенні | 47 | 176 | 76 | 146 |
Паводкі | 198 | 649 | 307 | 685 |
Апоўзні | 10 | 26 | 26 | 71 |
Вывяржэнні вулканаў | 1 | 2 | 3 | 7 |
У сусветнай структуры прыродным рызыкам падвяргаюцца 456 гарадоў, у якіх пражываюць 1417 млн чал., або каля 50 % гарадоў звыш 500 тыс. чал. (20 % насельніцтва свету).
Еўропа, Афрыка і Паўночная Амерыка адносяцца да рэгіёнаў з найменшай доляй гарадоў з прыроднымі рызыкамі — 11 % ад колькасці гарадоў з рызыкамі. Сярод рэгіёнаў свету найбольшая колькасць гарадоў з прыроднымі рызыкамі знаходзіцца ў Азіі — 51 % ад іх агульнай колькасці.
Свет і Беларусь. Якім прыродным рызыкам найбольш падвержаны гарады Рэспублікі Беларусь?
Занальная структура гарадоў свету з прыроднымі рызыкамі. Вылучаюць чатыры мультызоны гарадоў, якія характарызуюцца праяўленнем трох і больш прыродных рызык высокай ступені: 1) Усходне-Азіяцкая, 2) Паўднёва-Азіяцкая, 3) Панамерыканская Ціхаакіянская, 4) Паўночна-Амерыканская Атлантычная (мал. 116-41).

Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце мультызоны гарадоў, для якіх характэрны праяўленні трох і больш прыродных рызык. Знайдзіце на карце субзоны гарадоў, для якіх характэрны рызыкі паводак, засух, цыклонаў і землетрасенняў.
У структуры найбуйнейшых агламерацый свету з колькасцю звыш 10 млн чал. вылучаюцца тры тыпы гарадоў у залежнасці ад колькасці прыродных рызык і іх ступені: 1-ы тып — з трыма прыроднымі рызыкамі высокай ступені; 2-ы тып — з трыма і менш прыроднымі рызыкамі высокай і сярэдняй ступені; 3-і тып — з адной прыроднай рызыкай высокай ступені (табл. 11*).
Табліца 11*. Тыпалогія найбуйнейшых агламерацый свету па прыродных рызыках
Тып агламерацыі па прыродных рызыках | Агламерацыя | Прыродныя рызыкі |
1-ы тып. Агламерацыі з трыма прыроднымі рызыкамі высокай ступені | Токіа | Ц, ЗТ, П |
Мехіка-Сіці | З, П, А | |
Калката | Ц, З, П, А | |
Лос-Анджэлес | З, ЗТ, П, А | |
Маніла | Ц, З, ЗТ, П | |
Осака—Кобэ | Ц, ЗТ, П | |
2-і тып. Агламерацыі з трыма і менш прыроднымі рызыкамі высокай і сярэдняй ступені | Дэлі | З, П |
Нью-Ёрк | Ц, П | |
Шанхай | Ц, П | |
Дака | Ц, З, П | |
Карачы | Ц, З, П | |
Буэнас-Айрэс | З, П | |
Стамбул | З, ЗТ, П | |
Гуанчжоу | Ц, П | |
Шэньчжэнь | Ц, З, П | |
3-і тып. Агламерацыі з адной прыроднай рызыкай высокай ступені | Сан-Паўлу | П |
Рыа-дэ-Жанейра | П | |
З — засухі, П — паводкі, ЗТ — землетрасенні, Ц — цыклоны, А — апоўзні |
Да першага тыпу аднесены шэсць агламерацый: 1) Токіа, 2) Мехіка, 3) Калката, 4) Лос-Анджэлес — Лонг-Біч — Санта-Ана, 5) Маніла, 6) Осака — Кобэ. Яны размешчаны ў асноўных мультызонах прыродных рызык свету. У цэлым у свеце налічваецца 10 гарадоў максімальнай ступені прыродных рызык.
У другі тып увайшлі дзевяць гарадоў, за выключэннем Стамбула, які дадаткова падвержаны рызыцы землетрасенняў. Да трэцяга тыпу аднесены Сан-Паўлу і Буэнас-Айрэс, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі паводак.
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце агламерацыі першага, другога і трэцяга тыпаў па прыродных рызыках.
На сучаснай карце прыродных рызык вылучаюцца гарады надзвычай высокай падвержанасці прыродным рызыкам. Яны характарызуюцца праяўленнем больш чым трох рызык высокай ступені (табл. 12*).
Табліца 12*. Гарады свету з максімальнай і мінімальнай ступенню прыродных рызык
Гарады | Тыпы прыродных рызык, ступень | ||||
Цыклоны | Засухі | Землетрасенні | Паводкі | Апоўзні | |
А. Больш за тры рызыкі высокай ступені | |||||
Маніла | В | Н | В | В | няма |
Санцьяга | няма | В | В | В | няма |
Тайбэй | В | няма | В | В | В |
Кіта | няма | В | В | В | В |
Даваа | В | Н | В | В | няма |
В. Няма рызык або рызыка нізкай ступені | |||||
Масква | няма | няма | няма | няма | няма |
Каір | няма | няма | няма | Н | няма |
Кіншаса | няма | Н | няма | Н | няма |
Мадрыд | няма | Н | няма | няма | няма |
Таронта | Н | няма | няма | Н | няма |
В — высокая ступень, Н — нізкая ступень |
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце свету гарады з максімальнай і мінімальнай ступенню прыродных рызык.
Не падвержаны прыродным рызыкам або характарызуюцца іх нізкай ступенню 183 гарады ў свеце з колькасцю больш за 1 млн чал., што складае 40 % у структуры гарадскога рассялення. Адной прыроднай рызыцы падвержаны 45 % гарадоў, двум — 13 % гарадоў свету.
Такім чынам, у сучасным свеце сфарміравалася кліматычна абумоўленая занальная структура гарадоў па тыпах прыродных рызык з вылучэннем чатырох мультызон. Геаграфічна яны размешчаны пераважна ў Азіі і Амерыцы і характарызуюцца канцэнтрацыяй абсалютнай большасці найбуйнейшых агламерацый свету з прыроднымі рызыкамі ва Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі.
У глабальнай структуры да прыродных рызык, якія наносяць найбольшую шкоду гарадам свету ў ХХІ ст., адносяцца паводкі і засухі, ахвярамі якіх становіцца больш чым кожны трэці жыхар планеты. У сувязі з гэтым распрацоўка міжнароднай стратэгіі па пераадоленні прыродных рызык у гарадах з’яўляецца адной з прыярытэтных задач сусветнай супольнасці.
Падвядзём вынікі. Глабальныя змяненні клімату разам з хуткімі тэмпамі ... ... ... ў краінах, якія развіваюцца, робяць успрымальнай да прыродных катаклізмаў вялікую частку насельніцтва Зямлі. ... — гэта ўсвядомленая чалавекам небяспека прыроднага працэсу ў выглядзе магчымых страт за пэўны час пры верагоднасці яе наступлення ў навакольным прыродным асяроддзі. Вылучаюць шэсць працэсаў прыродных рызык: ..., ..., ..., ..., ..., ... . Вылучаюць чатыры мультызоны гарадоў, якія характарызуюцца праяўленнем трох і больш прыродных рызык высокай ступені: …, …, …, … .
Праверым свае веды. 1. Якія асноўныя працэсы прыродных рызык? 2. Якія гарады найбольш падвержаны землетрасенням? 3. Чаму найбольшая колькасць гарадоў у свеце з праяўленнем прыродных рызык знаходзіцца ў Азіі?
Ад простага да складанага. 1. Як гарады могуць супрацьстаяць землетрасенням? 2. Якія меры прымаюцца гарадамі для прадухілення паводак? 3. На якія сферы дзейнасці гарадоў аказвае значны ўплыў вывяржэнне вулкана?
Ад тэорыі да практыкі. 1. Прапануйце міні-праект абароны гарадоў ад цыклонаў. 2. Распрацуйце комплекс мер процідзеяння горада засухам.