§ 17-4. УРБАНІЗАЦЫЯ І ЗМЯНЕННЕ КЛІМАТУ

Уплыў гарадоў свету на змяненне клімату. Эканамічная дзейнасць і выкіды ПГ у гарадах залежаць ад агульнай эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай сітуацыі ў краіне. У глабальным маштабе назіраецца істотная розніца ўзроўню выкідаў ПГ у розных краінах і рэгіёнах.

18 % сусветнага насельніцтва, якое пражывае ў развітых краінах, ствараюць 47 % агульнай колькасці выкідаў CO2, у той час як 82 % сусветнага насельніцтва, што пражывае ў краінах, якія развіваюцца, вырабляюць 52 % выкідаў (мал. 116-33).

img
Мал. 116-33. Выкіды СО2на душу насельніцтва ў рэгіёнах свету і асобных краінах, т СО2-экв., 2005–2010 гг.

Глабальнае павелічэнне выкідаў ПГ размяркоўваецца нераўнамерна па ўсіх краінах. Акрамя таго, сярэдняя колькасць выкідаў у гарадах на чалавека можа быць значна ніжэйшай, чым сярэдняя колькасць выкідаў на чалавека ў цэлым па краіне (табл. 8*).

Табліца 8*. Выкіды парніковых газаў у буйных гарадах свету, 2018 г., т СО2-экв.

Горад Выкіды ПГ на душу насельніцтва (гарадскі ўзровень), т экв. СО2 Выкіды ПГ на душу насельніцтва (нацыянальны ўзровень), т экв. СО2
Вашынгтон (ЗША) 19,7 23,9
Глазга (Вялікабрытанія) 8,4 1,2
Таронта (Канада) 8,2 23,7
Шанхай (Кітай) 8,1 3,4
Нью-Ёрк (ЗША) 7,1 23,9
Пекін (Кітай) 6,9 3,4
Лондан (Вялікабрытанія) 6,2 1,2
Токіа (Японія) 4,8 0,6
Сеул (Рэспубліка Карэя) 3,8 6,7
Барселона (Іспанія) 3,4 0,0
Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія) 2,3 8,2
Сан-Паўлу (Бразілія) 1,5 8,2

Выкіды парніковых газаў у развітых краінах. Пачынаючы з сярэдзіны XX ст. узровень выкідаў у гарадах развітых краін адносна невысокі. У той жа час дадзеныя гарадскія тэрыторыі сталі цэнтрамі дабрабыту і спажывання. У параўнанні з гарадамі Паўночнай Амерыкі ўзровень уплыву гарадоў Еўропы на змяненне клімату адносна нізкі. Гэта абумоўлена некалькімі прычынамі: еўрапейскія гарадскія тэрыторыі звычайна больш кампактныя. У іх выкарыстоўваецца меншая колькасць асабістых аўтамабіляў, а таксама большая колькасць малалітражных аўтамабіляў, што прыводзіць да памяншэння выкідаў ад асабістага аўтатранспарту.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Еўропу немагчыма ўявіць без веласіпедаў. Сёння «педалі круціць» уся Еўропа: людзі сталі больш клапаціцца пра экалогію і ўласнае здароўе. У офісах складана трымаць сябе ў форме. А штодзённыя паездкі расходуюць дастаткова вялікую колькасць калорый. Многія еўрапейскія гарады праводзяць палітыку падтрымкі веласіпедыстаў.

Гарадскія выкіды ў краінах, якія развіваюцца. У краінах, якія развіваюцца, толькі некаторыя гарады выкарыстоўваюць сістэму ўліку выкідаў. Гарады гэтых краін часта з’яўляюцца эканамічнымі цэнтрамі, што ўносяць значны ўклад у валавы нацыянальны прадукт. Яны таксама становяцца цэнтрамі спажывання і дабрабыту і маюць больш высокі ўзровень выкідаў ПГ на чалавека, чым іх навакольная тэрыторыя.

Бразілія, Кітай, Індыя, ПАР сталі новымі цэнтрамі сусветнай вытворчасці, тым самым значна павялічыўшы сваю долю ў сусветных выкідах ПГ. Кітай абагнаў ЗША па паказчыках колькасці выкідаў ПГ і цяпер лідзіруе ў свеце, нягледзячы на тое што ўзровень выкідаў на чалавека ў гэтай краіне значна ніжэйшы. Бразілія, Кітай, Індыя і ПАР, не ўступіўшы ў юрыдычна значныя пагадненні ў гэтай сферы, тым не менш стараюцца зменшыць выкіды.

Большая частка гарадскога насельніцтва ў найменш развітых і бедных краінах вырабляе вельмі нізкі ўзровень выкідаў ПГ у сувязі з абмежаваным выкарыстаннем выкапнёвага паліва і электрычнасці, а таксама з абмежаваным спажываннем тавараў і паслуг.