Печатать книгуПечатать книгу

§ 17-4. УРБАНІЗАЦЫЯ І ЗМЯНЕННЕ КЛІМАТУ

icon
Успамінаем. Якія экалагічныя праблемы характэрныя для гарадоў? Што такое смог? Чаму буйныя гарады знаходзяцца ў коле сметнікаў?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Як прадухіліць забруджванне паветра ў гарадах? Якія прадпрыемствы наносяць найбольшую шкоду атмасферы? Якія службы ажыццяўляюць кантроль за станам навакольнага асяроддзя ў горадзе? Чаму ўрбанізацыя і экалогія знаходзяцца ў супрацьстаянні?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 17-4. УРБАНІЗАЦЫЯ І ЗМЯНЕННЕ КЛІМАТУ
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 5 Май 2024, 16:48

Перадумовы праблемы ўрбанізацыі і змянення клімату. Свет у канцы ХХ ст. упершыню сутыкнуўся з вельмі небяспечнай пагрозай: урбанізацыя і змяненне клімату сталі негатыўна ўплываць адзін на адно. Вынікі ўзаемадзеяння гэтых працэсаў пагражаюць беспрэцэдэнтнымі наступствамі для якасці жыцця і эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці.

У першую чаргу гэтыя наступствы адаб’юцца на бедным насельніцтве гарадоў і развітых краін, і краін, якія развіваюцца.

У той жа час гарады ўносяць найбольшы ўклад у змяненне клімату. Яны спажываюць 78 % сусветнай энергіі і ўтвараюць больш за 60 % выкідаў парніковых газаў (ПГ). Пры гэтым яны займаюць менш за 2 % паверхні Зямлі (мал. 116-31).

img
Мал. 116-31. Забруджванне паветра ў гарадах

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Алімпійскія гульні збіраюць разам лепшых атлетаў свету. Арганізацыя спаборніцтваў пабуджала да прыняцця перадавых мер па паляпшэнні якасці паветра і пашырэнні дасведчанасці грамадскасці аб праблемах якасці паветра.
Для летніх Алімпійскіх гульняў у Сіднэі ў 2000 г. і летніх Алімпійскіх гульняў у Пекіне ў 2008 г. былі распрацаваныя праграмы, якія ўлічвалі спецыфіку кожнага раёна горада і накіраваныя на паляпшэнне якасці паветра для атлетаў і турыстаў.

Уплыў гарадской гаспадаркі на змяненне клімату. Асноўная прычына ўплыву гарадскога асяроддзя на змяненне клімату заключаецца ў тым, што на тэрыторыях гарадоў ажыццяўляюцца розныя віды дзейнасці, якія непасрэдна звязаны з выкідамі парніковых газаў у атмасферу.

Крыніцы выкідаў парніковых газаў у гарадах. 26 % глабальных выкідаў парніковых газаў звязаны з вытворчасцю энергіі. Асноўнай крыніцай выкідаў пры гэтым з’яўляецца спальванне паліва для вытворчасці электрычнасці, ацяплення і ахалоджвання будынкаў, прыгатавання ежы, транспарціроўкі і прамысловай вытворчасці ва ўсіх краінах свету.

Транспартныя сістэмы вырабляюць 13 % сусветных выкідаў ПГ. Суадносіны паездак на ўласным і грамадскім транспарце, асабліва ў вялікіх гарадах, з’яўляюцца важным фактарам, які ўплывае на ўзровень выкідаў ПГ у канкрэтным горадзе.

iconСвет і Беларусь. Які від дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь выступае крыніцай забруджвання атмасфернага паветра?

Авіяцыя генерыруе 2 % ад усіх выкідаў ПГ, звязаных з чалавечай дзейнасцю. У глабальным маштабе марскія перавозкі спажываюць 10 % агульнай энергіі, якая выкарыстоўваецца ў сістэме транспарту.

iconПаразважаем. Спадарожнікавыя здымкі, якія фіксуюць сляды чалавечай дзейнасці — выкіды выхлапных газаў ад аўтамабіляў, выкапнёвае паліва, якое спальваецца на электрастанцыях, і іншыя адходы вытворчасцей, — дэманструюць дзіўнае зніжэнне ўзроўню забруджвання паветра ў Кітаі, Італіі і ЗША з моманту пачатку ўспышкі COVID-19. З чым звязана такое хуткае ачышчэнне атмасферы?

Выкіды ПГ грамадскіх і жылых будынкаў цесна звязаны з выкідамі, што вырабляюцца пры спажыванні электрычнасці, а таксама пры ацяпленні або ахалоджванні памяшканняў. Агульныя выкіды грамадскіх і жылых будынкаў складаюць 8 % ад агульнага ўзроўню выкідаў ПГ. Тып паліва, які выкарыстоўваецца для ацяплення або ахалоджвання, як і шчыльнасць жылой забудовы, таксама ўплывае на колькасць ПГ.

У планетарным маштабе 19 % выкідаў ПГ звязаны з прамысловасцю. Многія працэсы прамысловай вытворчасці патрабуюць вялікай колькасці энергіі, у прыватнасці вытворчасць сталі, каляровых металаў, хімікатаў і ўгнаенняў, перапрацоўка нафты, вытворчасць цэменту, цэлюлозы і паперы.

iconПаразважаем. Чаму буйныя прадпрыемствы чорнай металургіі, хімічнай прамысловасці вынесены з развітых краін у краіны, якія развіваюцца?

Выкіды, звязаныя з адходамі, складаюць каля 2 % ад агульнай колькасці выкідаў. Нягледзячы на тое што дадзеная вобласць займае нязначную частку ў структуры агульнай колькасці выкідаў, колькасць вырабляемых адходаў у апошні час расце.

31 % выкідаў ПГ звязаны з сельскагаспадарчай дзейнасцю і лясной гаспадаркай.

Фактары, якія ўплываюць на ўзровень выкідаў у гарадах. Узровень выкідаў ПГ на гарадскіх тэрыторыях розных краін, і нават на розных гарадскіх тэрыторыях у межах адной краіны, можа значна адрознівацца. Гэта абумоўлена вялікай колькасцю ўзаемазвязаных фактараў (мал. 116-32).

img
Мал. 116-32. Фактары, якія ўплываюць на ўзровень выкідаў у гарадах

Розныя геаграфічныя аспекты вызначаюць уплыў гарадскіх тэрыторый на змяненне клімату. Да іх можна аднесці мясцовы клімат, вышыню размяшчэння горада і аддаленасць ад яго месцанараджэнняў карысных выкапняў.

Колькасць насельніцтва не ўплывае непасрэдна на глабальнае пацяпленне. На працэсы спажывання і выкіды ПГ у значнай меры ўплывае склад насельніцтва. Цікава, але зніжэнне росту насельніцтва можа выклікаць павелічэнне выкідаў, паколькі запаволены рост насельніцтва і памяншэнне колькасці членаў сям’і могуць прывесці да павелічэння колькасці сямей і, адпаведна, росту колькасці даходаў, што выдаткоўваюцца на спажыванне.

Форма і шчыльнасць гарадскіх тэрыторый прыводзяць да розных экалагічных наступстваў. З аднаго боку, крытычна высокая шчыльнасць насельніцтва ў многіх гарадах краін, якія развіваюцца (асабліва ў раёнах незапланаванай забудовы і трушчобах), мае негатыўныя наступствы для здароўя і робіць жыхароў гэтых раёнаў неўстойлівымі перад змяненнем клімату і катастрофамі. З іншага боку, нізкая шчыльнасць насельніцтва многіх прыгарадных тэрыторый Паўночнай Амерыкі абумоўлівае высокі ўзровень спажывання энергіі на хатнюю гаспадарку, звязаны з разгрупаваннем гарадоў і інтэнсіўным выкарыстаннем асабістага транспарту.

iconСвет і Беларусь. Якія змены ў Рэспубліцы Беларусь адбыліся ў будаўніцтве жылых дамоў з мэтай зніжэння энергаспажывання?

Уплыў гарадоў свету на змяненне клімату. Эканамічная дзейнасць і выкіды ПГ у гарадах залежаць ад агульнай эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай сітуацыі ў краіне. У глабальным маштабе назіраецца істотная розніца ўзроўню выкідаў ПГ у розных краінах і рэгіёнах.

18 % сусветнага насельніцтва, якое пражывае ў развітых краінах, ствараюць 47 % агульнай колькасці выкідаў CO2, у той час як 82 % сусветнага насельніцтва, што пражывае ў краінах, якія развіваюцца, вырабляюць 52 % выкідаў (мал. 116-33).

img
Мал. 116-33. Выкіды СО2на душу насельніцтва ў рэгіёнах свету і асобных краінах, т СО2-экв., 2005–2010 гг.

Глабальнае павелічэнне выкідаў ПГ размяркоўваецца нераўнамерна па ўсіх краінах. Акрамя таго, сярэдняя колькасць выкідаў у гарадах на чалавека можа быць значна ніжэйшай, чым сярэдняя колькасць выкідаў на чалавека ў цэлым па краіне (табл. 8*).

Табліца 8*. Выкіды парніковых газаў у буйных гарадах свету, 2018 г., т СО2-экв.

Горад Выкіды ПГ на душу насельніцтва (гарадскі ўзровень), т экв. СО2 Выкіды ПГ на душу насельніцтва (нацыянальны ўзровень), т экв. СО2
Вашынгтон (ЗША) 19,7 23,9
Глазга (Вялікабрытанія) 8,4 1,2
Таронта (Канада) 8,2 23,7
Шанхай (Кітай) 8,1 3,4
Нью-Ёрк (ЗША) 7,1 23,9
Пекін (Кітай) 6,9 3,4
Лондан (Вялікабрытанія) 6,2 1,2
Токіа (Японія) 4,8 0,6
Сеул (Рэспубліка Карэя) 3,8 6,7
Барселона (Іспанія) 3,4 0,0
Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія) 2,3 8,2
Сан-Паўлу (Бразілія) 1,5 8,2

Выкіды парніковых газаў у развітых краінах. Пачынаючы з сярэдзіны XX ст. узровень выкідаў у гарадах развітых краін адносна невысокі. У той жа час дадзеныя гарадскія тэрыторыі сталі цэнтрамі дабрабыту і спажывання. У параўнанні з гарадамі Паўночнай Амерыкі ўзровень уплыву гарадоў Еўропы на змяненне клімату адносна нізкі. Гэта абумоўлена некалькімі прычынамі: еўрапейскія гарадскія тэрыторыі звычайна больш кампактныя. У іх выкарыстоўваецца меншая колькасць асабістых аўтамабіляў, а таксама большая колькасць малалітражных аўтамабіляў, што прыводзіць да памяншэння выкідаў ад асабістага аўтатранспарту.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Еўропу немагчыма ўявіць без веласіпедаў. Сёння «педалі круціць» уся Еўропа: людзі сталі больш клапаціцца пра экалогію і ўласнае здароўе. У офісах складана трымаць сябе ў форме. А штодзённыя паездкі расходуюць дастаткова вялікую колькасць калорый. Многія еўрапейскія гарады праводзяць палітыку падтрымкі веласіпедыстаў.

Гарадскія выкіды ў краінах, якія развіваюцца. У краінах, якія развіваюцца, толькі некаторыя гарады выкарыстоўваюць сістэму ўліку выкідаў. Гарады гэтых краін часта з’яўляюцца эканамічнымі цэнтрамі, што ўносяць значны ўклад у валавы нацыянальны прадукт. Яны таксама становяцца цэнтрамі спажывання і дабрабыту і маюць больш высокі ўзровень выкідаў ПГ на чалавека, чым іх навакольная тэрыторыя.

Бразілія, Кітай, Індыя, ПАР сталі новымі цэнтрамі сусветнай вытворчасці, тым самым значна павялічыўшы сваю долю ў сусветных выкідах ПГ. Кітай абагнаў ЗША па паказчыках колькасці выкідаў ПГ і цяпер лідзіруе ў свеце, нягледзячы на тое што ўзровень выкідаў на чалавека ў гэтай краіне значна ніжэйшы. Бразілія, Кітай, Індыя і ПАР, не ўступіўшы ў юрыдычна значныя пагадненні ў гэтай сферы, тым не менш стараюцца зменшыць выкіды.

Большая частка гарадскога насельніцтва ў найменш развітых і бедных краінах вырабляе вельмі нізкі ўзровень выкідаў ПГ у сувязі з абмежаваным выкарыстаннем выкапнёвага паліва і электрычнасці, а таксама з абмежаваным спажываннем тавараў і паслуг.

Уплыў змянення клімату на гарады. Многія звязаныя з надвор’ем рызыкі носяць у цяперашні час гарадскі характар і будуць абвастрацца па меры далейшага змянення клімату. Такія прыродныя бедствы, як павышэнне тэмпературы паветра, больш жорсткія ўмовы надвор’я, павышэнне ўзроўню мора і больш інтэнсіўныя штормы, стануць паўсядзённай рэальнасцю для насельніцтва гарадскіх цэнтраў (мал. 116-34).

img
Мал. 116-34. Гарадское насельніцтва свету адносна сучасных кліматычных пагроз

Заўвага. Гарады, паказаныя на малюнку, маюць насельніцтва больш за 1 млн чал. Рызыка пагроз уяўляе сабой сукупны паказчык на аснове рызыкі цыклонаў, затаплення, апоўзняў і засухі. Паказчык «0» азначае «нізкая рызыка», а «10» азначае «высокая рызыка».

У выніку змянення клімату гарады сутыкаюцца з цяжкасцямі ў забеспячэнні базавых паслуг для сваіх жыхароў. Змяненне клімату можа паўплываць на сістэму водазабеспячэння, энергетыку, прамысловасць ва ўсіх гарадах свету. Яно парушае эканамічную дзейнасць і пазбаўляе насельніцтва прывычнага ладу жыцця, а ў некаторых выпадках можа прывесці да масавай міграцыі.

Рызыкі для гарадскіх тэрыторый у сувязі са змяненнем клімату. На працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў у выніку дзейнасці чалавека назіраецца пацяпленне атмасферы і акіяна. Пры гэтым змяняюцца частата і інтэнсіўнасць выпадзення ападкаў, частата ўтварэння цыклонаў, хуткасць раставання льдоў і адбываецца павышэнне ўзроўню мора (табл. 9*).

Табліца 9*. Магчымы ўплыў змянення клімату і ўмоў надвор’я на гарадскія тэрыторыі

Кліматычны феномен Асноўныя магчымыя наступствы
Менш халодных дзён і начэй Зніжэнне патрэбы ў энергіі для ацяплення
Большая колькасць цёплых дзён і начэй і больш высокая тэмпература на большай частцы сушы Павелічэнне патрэбы ў энергіі для ахалоджвання
Больш высокая тэмпература Меншая колькасць пашкоджанняў транспартнай сістэмы ад снегу і лёду, якія ўплываюць на зімовы турызм. Змяненне вобласці вечнай мерзлаты, шкода будынкам і інфраструктуры
«Хвалі спякоты»: частата расце на большай частцы сушы Зніжэнне якасці жыцця людзей у цёплых рэгіёнах без кандыцыянераў паветра; уплыў на пажылых, малалетніх і бедных жыхароў, у тым ліку значная колькасць смяротных выпадкаў. Павелічэнне энергіі, якая выкарыстоўваецца для кандыцыянавання
Інтэнсіўныя ападкі: частата расце ў большасці рэгіёнаў Разбурэнне паселішчаў, эканомікі, транспарту паводкамі. Значная колькасць смяротных выпадкаў і пацярпелых, шкода матэрыяльным актывам і інфраструктуры. Магчымасць выкарыстоўваць дажджавую ваду для вытворчасці электраэнергіі ў многіх рэгіёнах
Тэрыторыі, якія пакутуюць ад засухі Недахоп вады для людзей, прамысловасці і сферы паслуг; зніжэнне колькасці электраэнергіі, што выпрацоўваецца гідраэлектрастанцыямі. Магчымая міграцыя людзей
Павелічэнне колькасці магутных трапічных цыклонаў Разбурэнне паселішчаў паводкамі і ветрам. Разбурэнне сістэмы водазабеспячэння. Спыненне страхавой кампенсацыі на тэрыторыях з высокай ступенню рызыкі (прынамсі ў развітых краінах). Вялікая колькасць смяротных выпадкаў, пацярпелых, значная шкода ўласнасці. Магчымая міграцыя насельніцтва
Больш частае рэзкае павышэнне ўзроўню мора (у тым ліку цунамі) Зніжэнне колькасці прэснай вады з-за пранікнення ў яе марской. Вялікая колькасць смяротных выпадкаў, пацярпелых, значная шкода ўласнасці. Магчымая міграцыя насельніцтва

У глабальным маштабе інтэнсіўнасць трапічных цыклонаў і моцных трапічных штормаў расце з 1970 г. Павялічваюцца паказчыкі хуткасці ветру і разбуральнай магутнасці гэтых з’яў. Мяркуецца, што ў сувязі з глабальным пацяпленнем іх патэнцыяльная інтэнсіўнасць будзе расці ў большасці рэгіёнаў, у якiх утвараюцца трапічныя цыклоны.

Колькасць выпадкаў выпадзення інтэнсіўных аднадзённых і шматдзённых ападкаў расла на працягу ўсяго XX ст. і павялічваецца ў ХХІ ст. Больш частае выпадзенне ападкаў мае эканамічныя і сацыяльныя наступствы для ўрбанізаванага асяроддзя.

Паводкі з’яўляюцца адным з найбольш разбуральных тыпаў катастроф. Іх частата і цяжар наступстваў павялічваліся на працягу апошніх 10 гадоў.

Навукоўцы мяркуюць, што ў выніку змянення клімату перыяды экстрэмальна гарачага надвор’я стануць больш частымі, інтэнсіўнымі і працяглымі ў большасці рэгіёнаў сушы. Экстрэмальна спякотнае надвор’е наносіць большую шкоду гарадам (так званы эфект «вострава спёкі») з-за таго, што гарады лепш захоўваюць цяпло, чым сельскія рэгіёны. У сярэднестатыстычнай развітой краіне у горадзе з насельніцтвам у 1 млн чал. тэмпература паветра на 1–3 °C вышэйшая, чым на навакольных тэрыторыях.

З 1970 г. у тропіках і субтропіках не толькі адзначана павелічэнне выпадкаў засухі, але і сабраны доказы ўплыву дзейнасці чалавека на дадзеную тэндэнцыю. У цяперашні час не менш за 1 % агульнай тэрыторыі сушы лічыцца экстрэмальна засушлівай тэрыторыяй. Да 2100 г. гэты паказчык можа дасягнуць 30 %.

Уплыў змянення клімату на гарадское асяроддзе характарызуецца праяўленнем многіх аспектаў (мал. 116-35).

img
Мал. 116-35. Наступствы ўплыву змянення клімату на гарады

Уплыў на матэрыяльную інфраструктуру. Значнае разбурэнне жылога і адміністрацыйнага фондаў будынкаў адбываецца ў выпадку павелічэння колькасці стыхійных бедстваў і катастроф, звязаных са змяненнем клімату. Эрозія берагавой лініі і пранікненне марской вады разбураюць будынкі.

Змяненне клімату часта разбурае транспартную сістэму, паколькі ўмовы надворʼя могуць парушаць сістэму сувязі. У прыбярэжных гарадах, у прыватнасці, павышэнне ўзроўню мора разбурае аўтамабільныя дарогі і размывае падушку дарожнага пакрыцця, а таксама апоры мастоў.

iconПаразважаем. Якія віды транспарту найменш залежныя ад кліматычных умоў?

Эканамічныя наступствы праяўляюцца ў выглядзе прычынення шкоды будынкам і інфраструктуры. Дадзеныя наступствы будуць асабліва цяжкія ў рэгіёнах, дзе прамысловыя аб’екты размешчаны на няўстойлівых тэрыторыях, напрыклад у прыбярэжных зонах і на раўнінах, якія церпяць ад паводак.

Наступствы для аховы здароўя. З ростам колькасці людзей, якія пераязджаюць у гарады, і павелічэннем тэмпературы паветра, а таксама хуткім старэннем грамадства ў будучыні пагроза павышэння ўзроўню смяротнасці ад спёкі стане рэальнай. Ужо цяпер паказчык смяротнасці насельніцтва ад спёкі пры рэгістрацыі прычын смерці становіцца відавочным. Наступствамі паводак і штормаў з’яўляюцца не толькі фактычная гібель людзей і шкода іх здароўю, але і працяглая шкода, што прычыняецца аб’ектам, якія забяспечваюць сістэму аховы здароўя. Адключэнне электраэнергіі можа парушыць працу бальніц. Забеспячэнне пітной вадой таксама можа быць ускладнена ў выпадку нанясення шкоды аб’ектам водазабеспячэння або пры недахопе электраэнергіі.

icon Падвядзём вынікі. …, …, … і іншая гарадская дзейнасць і інфраструктура выступаюць у ролі крыніц забруджвання выкідамі і прамымі прычынамі змянення клімату. На тэрыторыях гарадоў ажыццяўляюцца розныя віды дзейнасці, якія непасрэдна звязаныя з выкідамі ... ... у атмасферу. Фактары, якія ўплываюць на ўзровень выкідаў у гарадах: ..., ..., ..., ... . Многія звязаныя з надвор’ем рызыкі носяць у цяперашні час ... характар і будуць абвастрацца па меры далейшага змянення клімату.

icon Праверым свае веды. 1. Якія газы ствараюць парніковы эфект? 2. Чаму гарады з’яўляюцца асноўнымі крыніцамі забруджвання атмасферы? 3. Якія наступствы змянення клімату адаб’юцца на гарадах?

icon Ад простага да складанага. 1. Як парніковы эфект уплывае на клімат Зямлі? 2. Якія рэчывы антрапагеннага паходжання ў найбольшай ступені разбураюць азонавы слой Зямлі? 3. Як змяненні клімату адаб’юцца на развіцці турызму ў свеце?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Вызначце, якія дзяржавы выкідваюць найбольшую колькасць парніковых газаў. 2. Што адбудзецца на Зямлі, калі выкіды парніковых газаў не паменшацца?

icon

Web-рэсурсы.
Сусветная метэаралагічная арганізацыя. Надвор’е, клімат і паветра, якім мы дыхаем.

Навіны ААН. Забруджванне паветра.