§ 17-4. УРБАНІЗАЦЫЯ І ЗМЯНЕННЕ КЛІМАТУ

Фактары, якія ўплываюць на ўзровень выкідаў у гарадах. Узровень выкідаў ПГ на гарадскіх тэрыторыях розных краін, і нават на розных гарадскіх тэрыторыях у межах адной краіны, можа значна адрознівацца. Гэта абумоўлена вялікай колькасцю ўзаемазвязаных фактараў (мал. 116-32).

img
Мал. 116-32. Фактары, якія ўплываюць на ўзровень выкідаў у гарадах

Розныя геаграфічныя аспекты вызначаюць уплыў гарадскіх тэрыторый на змяненне клімату. Да іх можна аднесці мясцовы клімат, вышыню размяшчэння горада і аддаленасць ад яго месцанараджэнняў карысных выкапняў.

Колькасць насельніцтва не ўплывае непасрэдна на глабальнае пацяпленне. На працэсы спажывання і выкіды ПГ у значнай меры ўплывае склад насельніцтва. Цікава, але зніжэнне росту насельніцтва можа выклікаць павелічэнне выкідаў, паколькі запаволены рост насельніцтва і памяншэнне колькасці членаў сям’і могуць прывесці да павелічэння колькасці сямей і, адпаведна, росту колькасці даходаў, што выдаткоўваюцца на спажыванне.

Форма і шчыльнасць гарадскіх тэрыторый прыводзяць да розных экалагічных наступстваў. З аднаго боку, крытычна высокая шчыльнасць насельніцтва ў многіх гарадах краін, якія развіваюцца (асабліва ў раёнах незапланаванай забудовы і трушчобах), мае негатыўныя наступствы для здароўя і робіць жыхароў гэтых раёнаў неўстойлівымі перад змяненнем клімату і катастрофамі. З іншага боку, нізкая шчыльнасць насельніцтва многіх прыгарадных тэрыторый Паўночнай Амерыкі абумоўлівае высокі ўзровень спажывання энергіі на хатнюю гаспадарку, звязаны з разгрупаваннем гарадоў і інтэнсіўным выкарыстаннем асабістага транспарту.

iconСвет і Беларусь. Якія змены ў Рэспубліцы Беларусь адбыліся ў будаўніцтве жылых дамоў з мэтай зніжэння энергаспажывання?