§ 17-4. УРБАНІЗАЦЫЯ І ЗМЯНЕННЕ КЛІМАТУ

Уплыў гарадской гаспадаркі на змяненне клімату. Асноўная прычына ўплыву гарадскога асяроддзя на змяненне клімату заключаецца ў тым, што на тэрыторыях гарадоў ажыццяўляюцца розныя віды дзейнасці, якія непасрэдна звязаны з выкідамі парніковых газаў у атмасферу.

Крыніцы выкідаў парніковых газаў у гарадах. 26 % глабальных выкідаў парніковых газаў звязаны з вытворчасцю энергіі. Асноўнай крыніцай выкідаў пры гэтым з’яўляецца спальванне паліва для вытворчасці электрычнасці, ацяплення і ахалоджвання будынкаў, прыгатавання ежы, транспарціроўкі і прамысловай вытворчасці ва ўсіх краінах свету.

Транспартныя сістэмы вырабляюць 13 % сусветных выкідаў ПГ. Суадносіны паездак на ўласным і грамадскім транспарце, асабліва ў вялікіх гарадах, з’яўляюцца важным фактарам, які ўплывае на ўзровень выкідаў ПГ у канкрэтным горадзе.

iconСвет і Беларусь. Які від дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь выступае крыніцай забруджвання атмасфернага паветра?

Авіяцыя генерыруе 2 % ад усіх выкідаў ПГ, звязаных з чалавечай дзейнасцю. У глабальным маштабе марскія перавозкі спажываюць 10 % агульнай энергіі, якая выкарыстоўваецца ў сістэме транспарту.

iconПаразважаем. Спадарожнікавыя здымкі, якія фіксуюць сляды чалавечай дзейнасці — выкіды выхлапных газаў ад аўтамабіляў, выкапнёвае паліва, якое спальваецца на электрастанцыях, і іншыя адходы вытворчасцей, — дэманструюць дзіўнае зніжэнне ўзроўню забруджвання паветра ў Кітаі, Італіі і ЗША з моманту пачатку ўспышкі COVID-19. З чым звязана такое хуткае ачышчэнне атмасферы?

Выкіды ПГ грамадскіх і жылых будынкаў цесна звязаны з выкідамі, што вырабляюцца пры спажыванні электрычнасці, а таксама пры ацяпленні або ахалоджванні памяшканняў. Агульныя выкіды грамадскіх і жылых будынкаў складаюць 8 % ад агульнага ўзроўню выкідаў ПГ. Тып паліва, які выкарыстоўваецца для ацяплення або ахалоджвання, як і шчыльнасць жылой забудовы, таксама ўплывае на колькасць ПГ.

У планетарным маштабе 19 % выкідаў ПГ звязаны з прамысловасцю. Многія працэсы прамысловай вытворчасці патрабуюць вялікай колькасці энергіі, у прыватнасці вытворчасць сталі, каляровых металаў, хімікатаў і ўгнаенняў, перапрацоўка нафты, вытворчасць цэменту, цэлюлозы і паперы.

iconПаразважаем. Чаму буйныя прадпрыемствы чорнай металургіі, хімічнай прамысловасці вынесены з развітых краін у краіны, якія развіваюцца?

Выкіды, звязаныя з адходамі, складаюць каля 2 % ад агульнай колькасці выкідаў. Нягледзячы на тое што дадзеная вобласць займае нязначную частку ў структуры агульнай колькасці выкідаў, колькасць вырабляемых адходаў у апошні час расце.

31 % выкідаў ПГ звязаны з сельскагаспадарчай дзейнасцю і лясной гаспадаркай.