§ 17-1. ГЛАБАЛЬНЫЯ І РЭГІЯНАЛЬНЫЯ ТРЭНДЫ ЎРБАНІЗАЦЫІ

Прасторава-часавыя тэндэнцыі і заканамернасці тэмпаў сусветнага працэсу ўрбанізацыі і росту гарадскога насельніцтва свету ў ХХІ ст. Дынаміка колькасці і размеркаванне гарадскога насельніцтва свету. Пачынаючы з 1950-х гг. колькасць гарадскога насельніцтва імкліва павялічваецца (мал.116-2).

img
Мал.116-2. Дынаміка колькасці гарадскога насельніцтва свету ў параўнанні з сельскім, млрд чал.

Свет перажывае перыяд вельмі хуткага росту колькасці гарадскога насельніцтва. Усяго за 40 гадоў яно павялічылася ў два разы: з 2,2 млрд чал. у 1990 г. да 4,2 млрд чал. на сёння.

iconСвет і Беларусь. У другой палове XX ст. урбанізацыя ў Беларусі зведала істотныя колькасныя і якасныя перамены. Высокія тэмпы развіцця прамысловасці ў пасляваенны перыяд спрыялі развіццю гарадскіх населеных пунктаў і росту долі гарадскога насельніцтва. Паралельна ішоў працэс канцэнтрацыі насельніцтва ў вялікіх гарадах. Назавіце гарады Беларусі, якія ўзніклі ў другой палове ХХ ст. Колькі насельніцтва Беларусі пражывае ў гарадах?

У свеце большасць гарадскога насельніцтва пражывае ў краінах, якія развіваюцца, — 3,2 млрд чал., у развітых — 0,97 млрд чал.

Гарадское насельніцтва свету ў ХХІ ст. характарызуецца надзвычай нераўнамерным геаграфічным размеркаваннем (мал. 116-3). У Азіі пражывае 2,3 млрд гарадскіх жыхароў, г. зн. практычна кожны другі гараджанін свету. У Афрыцы, Еўропе і Лацінскай Амерыцы ў гарадах жыве больш за 1,5 млрд чалавек.

img
Мал. 116-3. Размеркаванне гарадскога насельніцтва па рэгіёнах свету, 2018 г., млн чал.

Краінамі з найбольшай колькасцю гарадскога насельніцтва з’яўляюцца Кітай (873 млн чал.), Індыя (460 млн чал.) і Інданезія (147 млн чал.).

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з найбольшай колькасцю гарадскога насельніцтва.

Па прагнозах ААН, да 2030 г. колькасць гарадскога насельніцтва перавысіць 1 млрд чал. і складзе 1050 млн чал.

Дынаміка долі гарадскога насельніцтва свету і ўзроўню ўрбанізацыі. Доля гарадскога насельніцтва сведчыць аб узроўні ўрбанізацыі і стадыі праходжання «ўрбанізацыйнага пераходу».

iconПаразважаем. Якія стадыі характэрны для «ўрбанізацыйнага переходу»?

У параўнанні з 1990 г. доля гарадскога насельніцтва ўзрасла з 43 да 55 %, тым самым пацвердзіўшы ажыццяўленне «ўрбанізацыйнага пераходу» на глабальным узроўні (мал. 116-4).

Больш за 53 % сусветнага гарадскога насельніцтва сканцэнтравана ў Азіі (мал. 116-5). Доля рэгіёнаў, якія развіваюцца, павялічваецца ў сусветнай структуры гарадскога насельніцтва, доля развітых — памяншаецца.

img
Мал. 116-4. Дынаміка долі гарадскога насельніцтва свету, %
img
Мал. 116-5. Размеркаванне гарадскога насельніцтва па рэгіёнах свету, %

У свеце назіраюцца значныя адрозненні паміж рэгіёнамі па ўзроўні ўрбанізацыі. Найбольш урбанізаваным рэгіёнам у цяперашні час з’яўляецца Паўночная Амерыка, далей ідуць — Лацінская Амерыка і Еўропа (мал. 116-6). У Азіі доля гарадскога насельніцтва складае 50 %. Найменш урбанізаваны рэгіён — гэта Афрыка.

img
Мал. 116-6. Доля гарадскога насельніцтва па рэгіёнах свету, %

Па прагнозах ААН, да 2030 г. доля гарадскога насельніцтва будзе складаць 60 % сусветнага насельніцтва.

Геаграфічная карціна ўрбанізацыі па краінах свету ў мінулым, сучаснасці і будучыні паказана на мал. 116-7.

img
Мал. 116-7. Дынаміка долі гарадскога насельніцтва па краінах свету, %

Тэмпы росту гарадскога насельніцтва свету. У цяперашні час тэмпы росту гарадскога насельніцтва свету ў два разы перавышаюць тэмпы росту агульнай колькасці насельніцтва свету і складаюць 1,9 % у год. Пры гэтым у развітых краінах адбываецца іх запаволенне на ўзроўні 0,7 %. У краінах, якія развіваюцца, тэмпы росту застаюцца высокімі. Прычым найбольш высокімі тэмпамі гарадское насельніцтва расце ў найбольш адсталых краінах — 3,9 % у год.

iconПаразважаем. Да якіх праблем можа прывесці хуткі тэмп росту гарадскога насельніцтва?

Па краінах свету максімальныя значэнні штогадовага росту колькасці гарадскога насельніцтва характэрныя для найбольш адсталых у сацыяльна-эканамічных адносінах краін — Руанды, Бутана і Лаоса (мал. 116-8).

img
Мал. 116-8. Краіны свету з максімальным штогадовым ростам колькасці гарадскога насельніцтва (а) і адмоўнай дынамікай колькасці гарадскога насельніцтва (б), %

Адмоўная дынаміка адзначаецца ў трох групах краін: 1) у краінах з найбольш нізкім узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця (Барбадас); 2) у былых сацыялістычных краінах з сельскагаспадарчай спецыялізацыяй (Таджыкістан); 3) у еўрапейскіх высокаразвітых краінах (Ліхтэнштэйн).

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з максімальнымі штогадовымі тэмпамі росту колькасці гарадскога насельніцтва і адмоўнай дынамікай колькасці гарадскога насельніцтва.