§ 17-1. ГЛАБАЛЬНЫЯ І РЭГІЯНАЛЬНЫЯ ТРЭНДЫ ЎРБАНІЗАЦЫІ
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 11 клас |
Книга: | § 17-1. ГЛАБАЛЬНЫЯ І РЭГІЯНАЛЬНЫЯ ТРЭНДЫ ЎРБАНІЗАЦЫІ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Среда, 15 Январь 2025, 21:02 |
Асноўныя геаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя фактары, якія вызначаюць працэс урбанізацыі. З пачаткам пераходу чалавецтва да постіндустрыяльнага грамадства ўрбанізацыя ўсё больш разглядаецца як вельмі складаны і шматгранны сацыяльна-эканамічны працэс, які ўздзейнічае на ўсе бакі жыцця свету.
Менавіта таму горад як аб’ект урбанізацыі ў цяперашні час уяўляе сабой своеасаблівы жывы арганізм са сваім узростам, жыццём і праблемамі. І кожны горад, як і кожны чалавек на Зямлі, характарызуецца як агульнымі рысамі, уласцівымі любому гораду, так і ўнікальнымі.
Паразважаем. Чым адрозніваюцца паміж сабой гарады са шматвяковай гісторыяй і маладыя гарады?
Урбанізацыю адносяць да своеасаблівых феноменаў развіцця чалавецтва.
Клуб знаўцаў-географаў. Іерыхон, Дамаск, Бібл, Сідон і Бейрут былі заснаваныя прыкладна за 3000–4000 гадоў да Раства Хрыстова і да гэтага часу з’яўляюцца буйнымі гарадамі, а некаторыя — нават сталіцамі. І ўсё таму, што менавіта Левант, гістарычная вобласць, на тэрыторыі якой знаходзяцца гэтыя гарады, быў адным з першых цэнтраў развіцця цывілізацыі на планеце.
Свет і Беларусь. Назавіце першыя гарады, якія ўзніклі на тэрыторыі Беларусі.
Чаму ж урбанізацыя і гарады становяцца надзвычай цікавымі для вывучэння цяпер? У гэтага ёсць некалькі асноўных прычын. Па-першае, ніколі ў гісторыі развіцця чалавецтва ўрбанізацыя не характарызавалася такой значнай колькасцю гарадскога насельніцтва. Па-другое, тэмпы росту колькасці гарадскога насельніцтва ў цяперашні час перавышаюць тэмпы росту агульнай колькасці насельніцтва свету. Па-трэцяе, чалавецтва на глабальным узроўні ажыццявіла «ўрбанізацыйны пераход».
Паразважаем. Якія стадыі праходзіць урбанізацыя ў сваім развіцці? Што разумеецца пад урбанізацыйным пераходам?
Па-чацвёртае, як ніколі раней у гісторыі з’яўляецца ўсё больш адрозненняў у характары ўрбанізацыі развітых краін і краін, якія развіваюцца. Іншымі словамі, урбанізацыя перастала быць аднатыпным працэсам росту долі гарадскога насельніцтва і распаўсюджання гарадскога ладу жыцця. Цяпер яна мае некалькі «партрэтаў». Адзін — у развітых краін, іншы — у краін, якія развіваюцца. Па-пятае, урбанізацыя канца ХХ — пачатку ХХІ ст. — гэта своеасаблівы «клубок» праблем: ад палітычных да экалагічных. І па-шостае, сучасная ўрбанізацыя і шэраг яе праблем набылі глабальны характар. Гэта абумовіла неабходнасць распрацоўкі адзіных міжнародных стратэгій вырашэння дадзеных праблем (мал.116-1). Ніжэй мы разгледзім і вывучым гэтыя важныя пытанні.
Прасторава-часавыя тэндэнцыі і заканамернасці тэмпаў сусветнага працэсу ўрбанізацыі і росту гарадскога насельніцтва свету ў ХХІ ст. Дынаміка колькасці і размеркаванне гарадскога насельніцтва свету. Пачынаючы з 1950-х гг. колькасць гарадскога насельніцтва імкліва павялічваецца (мал.116-2).
Свет перажывае перыяд вельмі хуткага росту колькасці гарадскога насельніцтва. Усяго за 40 гадоў яно павялічылася ў два разы: з 2,2 млрд чал. у 1990 г. да 4,2 млрд чал. на сёння.
Свет і Беларусь. У другой палове XX ст. урбанізацыя ў Беларусі зведала істотныя колькасныя і якасныя перамены. Высокія тэмпы развіцця прамысловасці ў пасляваенны перыяд спрыялі развіццю гарадскіх населеных пунктаў і росту долі гарадскога насельніцтва. Паралельна ішоў працэс канцэнтрацыі насельніцтва ў вялікіх гарадах. Назавіце гарады Беларусі, якія ўзніклі ў другой палове ХХ ст. Колькі насельніцтва Беларусі пражывае ў гарадах?
У свеце большасць гарадскога насельніцтва пражывае ў краінах, якія развіваюцца, — 3,2 млрд чал., у развітых — 0,97 млрд чал.
Гарадское насельніцтва свету ў ХХІ ст. характарызуецца надзвычай нераўнамерным геаграфічным размеркаваннем (мал. 116-3). У Азіі пражывае 2,3 млрд гарадскіх жыхароў, г. зн. практычна кожны другі гараджанін свету. У Афрыцы, Еўропе і Лацінскай Амерыцы ў гарадах жыве больш за 1,5 млрд чалавек.
Краінамі з найбольшай колькасцю гарадскога насельніцтва з’яўляюцца Кітай (873 млн чал.), Індыя (460 млн чал.) і Інданезія (147 млн чал.).
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з найбольшай колькасцю гарадскога насельніцтва.
Па прагнозах ААН, да 2030 г. колькасць гарадскога насельніцтва перавысіць 1 млрд чал. і складзе 1050 млн чал.
Дынаміка долі гарадскога насельніцтва свету і ўзроўню ўрбанізацыі. Доля гарадскога насельніцтва сведчыць аб узроўні ўрбанізацыі і стадыі праходжання «ўрбанізацыйнага пераходу».
Паразважаем. Якія стадыі характэрны для «ўрбанізацыйнага переходу»?
У параўнанні з 1990 г. доля гарадскога насельніцтва ўзрасла з 43 да 55 %, тым самым пацвердзіўшы ажыццяўленне «ўрбанізацыйнага пераходу» на глабальным узроўні (мал. 116-4).
Больш за 53 % сусветнага гарадскога насельніцтва сканцэнтравана ў Азіі (мал. 116-5). Доля рэгіёнаў, якія развіваюцца, павялічваецца ў сусветнай структуры гарадскога насельніцтва, доля развітых — памяншаецца.
У свеце назіраюцца значныя адрозненні паміж рэгіёнамі па ўзроўні ўрбанізацыі. Найбольш урбанізаваным рэгіёнам у цяперашні час з’яўляецца Паўночная Амерыка, далей ідуць — Лацінская Амерыка і Еўропа (мал. 116-6). У Азіі доля гарадскога насельніцтва складае 50 %. Найменш урбанізаваны рэгіён — гэта Афрыка.
Па прагнозах ААН, да 2030 г. доля гарадскога насельніцтва будзе складаць 60 % сусветнага насельніцтва.
Геаграфічная карціна ўрбанізацыі па краінах свету ў мінулым, сучаснасці і будучыні паказана на мал. 116-7.
Тэмпы росту гарадскога насельніцтва свету. У цяперашні час тэмпы росту гарадскога насельніцтва свету ў два разы перавышаюць тэмпы росту агульнай колькасці насельніцтва свету і складаюць 1,9 % у год. Пры гэтым у развітых краінах адбываецца іх запаволенне на ўзроўні 0,7 %. У краінах, якія развіваюцца, тэмпы росту застаюцца высокімі. Прычым найбольш высокімі тэмпамі гарадское насельніцтва расце ў найбольш адсталых краінах — 3,9 % у год.
Паразважаем. Да якіх праблем можа прывесці хуткі тэмп росту гарадскога насельніцтва?
Па краінах свету максімальныя значэнні штогадовага росту колькасці гарадскога насельніцтва характэрныя для найбольш адсталых у сацыяльна-эканамічных адносінах краін — Руанды, Бутана і Лаоса (мал. 116-8).
Адмоўная дынаміка адзначаецца ў трох групах краін: 1) у краінах з найбольш нізкім узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця (Барбадас); 2) у былых сацыялістычных краінах з сельскагаспадарчай спецыялізацыяй (Таджыкістан); 3) у еўрапейскіх высокаразвітых краінах (Ліхтэнштэйн).
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з максімальнымі штогадовымі тэмпамі росту колькасці гарадскога насельніцтва і адмоўнай дынамікай колькасці гарадскога насельніцтва.
Асноўныя праблемы сучаснай урбанізацыі і гарадоў. З’яўляючыся адначасова і прычынай, і вынікам іншых гістарычных зрухаў, урбанізацыя набывае асаблівае значэнне ў святле рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця, прынятых сусветнай супольнасцю на перыяд да 2030 г.
Адным з прыярытэтаў вырашэння праблем урбанізацыі з’яўляецца забеспячэнне ўстойлівага развіцця гарадоў у трох аспектах: дэмаграфічным, эканамічным і экалагічным.
Сацыяльныя, дэмаграфічныя, эканамічныя і экалагічныя праблемы развіцця ў перспектыве ўсё ў большай ступені будуць звязаныя з забеспячэннем устойлівага развіцця буйных гарадскіх цэнтраў і іх інтэграцыі з гарадскімі паселішчамі меншага памеру і сельскімі паселішчамі (мал. 116-9).
Большасць жыхароў зямнога шара жывуць у гарадах, дзе ўжо рэальна адчуваецца няроўнасць паміж багатымі і беднымі (мал. 116-10,116-11). Квітнеючыя дзелавыя і багатыя жылыя кварталы існуюць побач з трушчобамі і разбуранай гістарычнай часткай гарадскога цэнтра. Гэта няроўнасць яшчэ больш адчувальная пры супастаўленні гарадоў Поўначы і Поўдня.
У цэлым, калі абагульніць сучасныя праблемы ўрбанізацыі і гарадоў, то ў іх ліку выразна вылучаюцца наступныя (мал. 116-12).
Кожная з гэтых буйных праблем уключае асобныя напрамкі. Напрыклад, вельмі шырокай і складанай з’яўляецца праблема сацыяльнай няроўнасці. У яе ў сваю чаргу ўваходзіць вырашэнне такіх важных пытанняў, як няроўнасць ва ўзроўні даходаў, у адукацыі, гендарная няроўнасць, сацыяльныя канфлікты і інш.
Падвядзём вынікі. З пачаткам пераходу чалавецтва да постіндустрыяльнага грамадства ўрбанізацыя разглядаецца як вельмі складаны і шматгранны сацыяльна-эканамічны працэс. Пачынаючы з 1950-х гг. колькасць гарадскога насельніцтва імкліва ... . У цяперашні час у гарадах пражывае ... чал. З 1990 г. доля гарадскога насельніцтва ўзрасла з ... да ... %. Асноўнымі праблемамі ўрбанізацыі з’яўляюцца: …, …, …, …, …, …, …, … .
Праверым свае веды. 1. Якія фактары вызначаюць развіццё працэсу ўрбанізацыі? 2. Якая дынаміка колькасці гарадскога насельніцтва пачынаючы з другой паловы ХХ ст.? 3. Якія асноўныя праблемы характэрны для сучаснай урбанізацыі?
Ад простага да складанага. 1. Чаму адрозніваюцца «партрэты» ўрбанізацыі ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца? 2. Якім чынам праблема змянення клімату звязана з урбанізацыяй? 3. Чаму праблема сацыяльнай няроўнасці вельмі адчувальная ў найбуйнейшых гарадах свету?
Ад тэорыі да практыкі. Уявіце, што вам прапанавалі выступіць на канферэнцыі па праблеме развіцця ўрбанізацыі ў вашай дзяржаве. Падрыхтуйце асноўныя тэзісы вашага выступлення.