§ 16. ПРАБЛЕМА СТАРЭННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА

img
Мал. 106. Першы ў свеце Міжнародны план дзеянняў па праблемах старэння

Міжнароднае рэгуляванне праблемы старэння насельніцтва. Міжнародная палітыка ў галіне старэння мае вялікую гісторыю. Яна пачалася ў 1982 г. з прыняцця першага ў гісторыі Міжнароднага плана дзеянняў па праблемах старэння на Сусветнай асамблеі па праблемах старэння ў Вене (мал. 106).

icon Клуб географаў-знаўцаў. Венскі план змяшчаў рэкамендацыі ў сямі сферах у адносінах да пажылых людзей: 1) ахова здароўя і харчаванне; 2) абарона інтарэсаў пажылых спажыўцоў; 3) жыллёвыя ўмовы і асяроддзе пражывання; 4) сям’я; 5) сацыяльнае забеспячэнне; 6) гарантаванне даходаў; 7) занятасць і адукацыю.

img
Мал. 107. Міжнародны Мадрыдскі план дзеянняў па праблемах старэння

У 2002 г. на другой Сусветнай асамблеі па праблемах старэння ў Мадрыдзе быў прыняты асноўны дакумент у галіне старэння — Мадрыдскі план дзеянняў па праблемах старэння (МПДПС) (мал. 107). Ім кіруюцца ўрады ўсіх краін свету ў цяперашні час. Галоўная мэта гэтага плана заключаецца ў пабудове грамадства ўсіх узростаў і ва ўключэнні старэючага насельніцтва ў працэс развіцця на ўсіх узроўнях.

Кіруючыся прынцыпамі Мадрыдскага плана, Еўрапейская эканамічная камісія ААН ініцыявала ў далейшым правядзенне чатырох канферэнцый з прыняццем Дэкларацый у галіне старэння (мал. 108).

img
Мал. 108. Мэты канферэнцый у галіне старэння Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН